Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Грос: “Лукашэнка можа паўтарыць тыя ж аўтарытарныя інсцэніроўкі”


Паводле кіраўніка місіі ПАРЭ, швайцарскага палітыка Андрэаса Гроса, “вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі адлюстроўваюць волю расейскіх выбарцаў, чый дэмакратычны патэнцыял ня быў цалкам рэалізаваны” Кіраўнік місіі ПАРЭ па назіраньні за выбарамі ў Расеі, сябра падкамітэту ПАРЭ па Беларусі Андрэас Грос даў эксклюзіўнае інтэрвію для Радыё Свабода.


Швайцарскі парлямэнтар і кіраўнік місіі ПАРЭ Андрэас Грос прадстаўляе адзіную заходнюю арганізацыю назіральнікаў, якую дапусьцілі да маніторынгу прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі.

Літаральна за пару дзён да галасаваньня кіраўнік расейскай ЦВК ды шэраг дэпутатаў Дзярждумы абвінавацілі Гроса ў парушэньні расейскага заканадаўства. У інтэрвію маскоўскай “Независимой газете” парлямэнтар скрытыкаваў выбары за іх недэмакратычнасьць і такім чынам быццам бы “зрабіў ціск на расейскі электарат”.

Пытаюся ў спадара Гроса, ці адбіўся нейкім чынам гэты, як пісалі расейскія СМІ, “скандал” на канчатковым афіцыйным вэрдыкце ПАРЭ?

Грос: “Гэта ня быў скандал. Я выказаў свае крытычныя меркаваньні, а ў адказ ад ЦВК пачуў крытыку на свой адрас. Гэта нармальна ва ўмовах дэмакратыі. Зразумела, я маю на ўвазе не Расею, а свой падыход як дэмакрата. Заявы ЦВК не маглі ніяк паўплываць на наш вэрдыкт, бо мы перакананыя, што мелі рацыю”.

Карэспандэнтка: “Сёньня як старшыня місіі ПАРЭ вы паведамілі, што вынікі выбараў адлюстроўваюць волю выбарцаў, аднак дэмакратычны патэнцыял гэтых выбараў быў рэалізаваны далёка ня ў поўнай ступені”...

Грос: “Выбары ў Расеі былі ў большай ступені плебісцытам насельніцтва адносна апошніх васьмі гадоў жыцьця краіны. Большасьць расейскіх выбарцаў выказала сваю падтрымку стабільнасьці і пераемнасьці, якія асацыююцца зь дзейным прэзыдэнтам і падтрыманым ім кандыдатам Мядзьведзевым. Па сутнасьці, такое адбылося б і тады, калі б выбары праводзіліся ў больш карэктных умовах.

У нашым паведамленьні пералічаныя шматлікія памылкі, якія назіраліся летась у сьнежні ў часе парлямэнцкіх выбараў. Найбольшы жаль, аднак, у нас выклікае тое, што цяперашнія прэзыдэнцкія выбары ставяць пад сумнеў саму свабоду выбарцаў. Было шмат парушэньняў у часе рэгістрацыі кандыдатаў, ня быў палепшаны доступ кандыдатаў да СМІ. Назіралася шмат выпадкаў, якія ніяк не адпавядалі дзейнаму заканадаўству. Гэта непакоіць болей, чым тое, што назіралася непасрэдна ў дзень выбараў”.

Карэспандэнтка: “Ваш калега ў ПАРЭ, у тым ліку ў падкамітэце ПАРЭ па Беларусі, эстонскі палітык Андрэас Хэркель заявіў наступнае: “Тое, што да выбараў не былі дапушчаныя Каспараў і Касьянаў, ператварае расейскія выбары ў трызьненьне. Нават на выбарах у Беларусі Лукашэнка змагаўся з сур’ёзным праціўнікам — Мілінкевічам...”

Грос: “Я лічу, што расейскія і беларускія выбары даволі цяжка параўноўваць. У выказваньні майго калегі шмат сарказму. На справе ж беларуская апазыцыя, на жаль, знаходзіцца ў нашмат больш складаных умовах. У сэнсе разьвіцьця дэмакратыі Беларусь адстае ад Расеі. Аднак для расейскай дэмакратыі гэта ня можа быць гонарам. Ня можа быць радасьці ад таго, што ў нейкай іншай краіне робіцца яшчэ больш памылак”.

Карэспандэнтка: “Як могуць паўплываць цяперашнія прэзыдэнцкія выбары ў Расеі на будучыя ў Беларусі?”

Грос: “З аднаго боку, Лукашэнка можа мець спакусу паўтарыць такія ж аўтарытарныя інсцэніроўкі. З другога боку, цяперашняя крытыка расейскіх выбараў з боку ПАРЭ павінна паўплываць на грамадзянаў Беларусі што да падтрымкі імі дэмакратыі. Хацелася б, каб пэўныя ўрокі з расейскіх выбараў вынес Лукашэнка і ў выніку больш самакрытычна паставіўся б да ўласнай палітыкі. На жаль, такі варыянт мне цяжка прагназаваць. Я не ўяўляю сабе, што Лукашэнка можа выслухаць парлямэнтароў з ПАРЭ ў беларускім Доме ўраду. У гэтым сэнсе ўплыў Рады Эўропы на Беларусь вельмі абмежаваны”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG