Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзкае аб’яднаньне “Беларуская асацыяцыя маладых хрысьціянскіх жанчын” правяло сацыяльна-эканамічнае дасьледаваньне “Кошт хатняга гвалту ў Беларусі”. Дасьледаваньне праводзілася ў рамках міжнароднай кампаніі “Правы і ружы: парушэньні правоў жанчын як прычына і наступства гандлю жанчынамі”. У Беларусі гэтая кампанія праходзіць пад назвай “Жаночыя правы і прыгожыя словы”.


Асноўны прадмет дасьледаваньня — эканамічнае вымярэньне хатняга гвалту. У 2006 годзе ў Беларусі было афіцыйна зарэгістравана 2734 выпадкі сямейна-побытавага гвалту. То бок столькі было заведзена крымінальных справаў за фізычны гвалт.

Эканамісты, юрысты, сацыёлягі падлічылі, у якую суму абышоўся краіне хатні гвалт. Непасрэдныя выдаткі ахвяры і дзяржавы на адну сытуацыю хатняга гвалту складаюць 884 тысячы рублёў (лячэньне, дапамога спэцыялістаў, аплата лістка непрацаздольнасьці, судовыя выдаткі, выклік міліцыі ды іншае). Такім чынам, кошт хатняга гвалту ў Беларусі складае за год амаль 2,5 мільярды рублёў (прыкладна 1 мільён 130 тысяч даляраў).

Але гэтыя падлікі няпоўныя і заніжаныя, кажа выканаўчы дырэктар грамадзкага аб'яднаньня “Беларуская асацыяцыя маладых хрысьціянскіх жанчын” Ірына Альхоўка:

“Нейкія тавары могуць быць ня вырабленыя, прыбытак з-за хваробы ахвяры можа быць недаатрыманы, рэпутацыя фірмы альбо прадпрыемства можа пацярпець — гэтыя выдаткі ўваходзяць у другую катэгорыю. І трэцяя катэгорыя — гэта цана чалавечага болю і пакутаў, якія вельмі цяжка падлічыць, знайсьці нейкую формулу”.

Колькі тысяч жанчын церпяць і фізычны, і псыхалягічны гвалт, не зьвяртаючыся ў міліцыю — падлічыць немагчыма. Паводле дасьледаваньняў жаночых арганізацыяў, кожная трэцяя беларуская жанчына, якая мае сям’ю ці бой-фрэнда, сутыкаецца з праблемай хатняга гвалту. Летась “Amnesty International” апублікавала справаздачу з красамоўнай назвай: “Беларусь: хатні гвалт — больш, чым унутрысямейны скандал”.

"Закон аб хатнім гвалце пахаваны"

Праблема існуе, і гэта відавочна. Але ў Беларусі дагэтуль не прыняты Закон аб хатнім гвалце. Хоць праект такога Закону, грунтаваны на мадэльным заканадаўстве ААН, быў падрыхтаваны яшчэ ў 2002 годзе, ухвалены Міністэрствам унутраных справаў і пададзены на абмеркаваньне ў парлямэнт.

На пытаньне, на якой цяпер стадыі гэты законапраект, Ірына Альхоўка адказала так:

“Ні на якой. Ён нават ня ўключаны ў сьпіс дакумэнтаў для разгляду парлямэнтам. Я думаю, гэта палітычная воля. Ён пахаваны. Былі там палажэньні, якія крытыкаваліся. Да прыкладу, момант зь фіктыўнымі паводзінамі. Праект уключаў такое палажэньне: калі жанчына сама правакуе гвалт, то гвалтаўнік не караецца. Вось гэта вельмі складана даказаць. А калі яго сталі абмяркоўваць, то зь нейкіх прычынаў спусьцілі на тармазах”.

Да таго ж у Беларусі няма ніводнага прытулку для ахвяраў хатняга гвалту.

8 сакавіка ў Амстэрдаме адбудзецца прэзэнтацыя справаздачы міжнароднай кампаніі “Правы і ружы: парушэньні правоў жанчын”. Што да сытуацыі ў Беларусі, выпрацаваныя рэкамэндацыі: прыняць Закон аб папярэджаньні і недапушчэньні гвалту ў сям’і; адкрыць прытулкі для ахвяраў хатняга гвалту; стварыць нацыянальную тэлефонную гарачую лінію для жанчын, якія церпяць ад хатняга гвалту. Статыстыка званкоў дазволіць больш дакладна ацаніць маштабы праблемы на нацыянальным узроўні і вызначыць адэкватную стратэгію, каб прадухіляць гэтую зьяву і дапамагаць ахвярам.
XS
SM
MD
LG