Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Як, на вашу думку, зьменяцца дачыненьні Беларусі й Расеі пасьля перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах у Расейскай Фэдэрацыі Дзьмітрыя Мядзьведзева? З такім пытаньнем наш карэспандэнт зьвяртаўся да гарадзенцаў.


Спадар: “Ніяк ня зьменяцца дачыненьні, дый чаго ім мяняцца? Да ўлады прыйшоў стаўленік Пуціна”.

Спадар: “На маю думку, наўрад ці што зьменіцца, праўда, можа быць толькі горш. У дачыненьні да Беларусі будзе праводзіцца старая палітыка — я нават ня ведаю, як яе назваць: ці гэта каляніяльная, ці посткаляніяльная, ці нэакаляніяльная. Яны й надалей будуць прымушаць беларусаў пагаджацца на іх розныя палітычныя штучкі.

Спадар: “Быў татальны кантроль з боку Расеі, так яно й застанецца. У абодвух гэтых рэжымаў няма ніякіх шанцаў нешта зьмяніць”.

Спадар: “Можна толькі паразважаць. Калі Мядзьведзеў — гэта самастойная фігура, то нас могуць чакаць вялікія неспадзяванкі. Кажуць, што ён лібэрал, значыцца, у яго й новае стаўленьне будзе ў дачыненьні да Беларусі”.

Хлопец: “На маю думку, Мядзьведзеў яшчэ горш ставіцца да Лукашэнкі, чым Пуцін. Ён чалавек новай каманды, новых поглядаў на сьвет, і для яго Лукашэнка зь ягоным стаўленьнем да Эўропы будзе як верад у адным месцы”.

Спадар: “Прэзыдэнцтва Мядзьведзева, на маю думку, наўрад ці доўга працягнецца. Яго можа спасьцігнуць лёс ранейшых расейскіх уладароў, якія імкнуліся ўвесьці нейкія зьмены. Да прыкладу, Барыса Гадунова ці Паўла І. Усё ж той жорсткасьці ў вачах Мядзьведзева пакуль няма, а сыстэма, якая ўсталявана ў Расеі, павінна яшчэ больш узмацняцца па лёгіцы разьвіцьця, інакш яна разваліцца. Ня думаю, што Мядзьведзеву ёсьць чым яе ўмацоўваць, таму, думаю, улада хутка вернецца да Пуціна”.

Дзяўчына: “Я лічу, што істотна нічога ня зьменіцца. Шмат хто кажа, што Мядзьведзеў — гэта пераемнік Пуціна, таму адносіны застануцца ранейшымі, хіба што Беларусь трохі мацней возьмуць у ціскі: адключалі газ, можа, яшчэ нешта прыдумаюць. Але нейкай пагрозы нашаму прэзыдэнту ня будзе”.
XS
SM
MD
LG