Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Усе мы ў Галошаўцы бязьлюдзьдзем агаломшаныя...”


Новая перадача сэрыі “Падарожжы “Свабоды”.


На станцыі Галошаўка, куды на электрычцы 27 хвілінаў ад Воршы ды 23 ад Талачына, я сышоў адзін. Вакол не было ня тое што ні душы – ані сьлядоў чалавечай прысутнасьці на тонкім сьнежным покрыве. Нават пад навесам разваленай чыгуначнай касы. Так што сьцяжына, па якой, казалі, можна патрапіць у вёску, на зямлі проста не праяўлялася. Затое здалёк была бачная вежа савецкага нафтаправода “Дружба” – тут праходзіць яго ветка на Наваполацак. Іду наўпрост да яе па полі. За вежай указальнік – “Галошаўка”. Першыя хаты. Дзе перакошаныя, яўна нежылыя, дзе, відаць, лецішчы на замку. Але вось з брэхам выскоквае сабачка, якога міжволі ўспрымаю, як сябра. Усьлед выходзіць гаспадыня. Зь першых словаў і яна пра бязьлюдзьдзе.

Савіцкая: “Ідзеш ад электрычкі ўзімку – ніводнага гука. Побач чыгунка, а ніхто не едзе, каб жылі тут, а працавалі ў горадзе...”

Знаёмлюся з 62-гадовым спадаром Манькоўскім ды ягонай сястрой – 65-гадовай спадарыняй Савіцкай. Абодва карэнныя галошаўцы. Абодва лепшыя гады правялі ў далечыні ад малой Радзімы. Васіль Іванавіч два дзесяцігодзьдзі перасякаў на рыбалоўных судах Атлянтыку. Любоў Іванаўна разам з мужам-вайскоўцам матлялася паміж Нямеччынай ды Узбэкістанам. Абодва ж, вярнуўшыся ў родную Галошаўку, былі шакаваныя. У вёсцы, дзе пражывала да дзьвюх соцень жыхароў, засталося некалькі дзясяткаў старых. Мае суразмоўцы перабіваюць адзін аднаго. Адчувальна, што трэба выказацца...






Манькоўскі: “Вельмі шмат дзяцей было, школа, клюб, царква да вайны. Калгас аб’ядналі са “Зьвянячы”. Да аб’яднаньня быў калгас у вёсцы – імя Карла Маркса. Кароў, цялятаў было пад 400. Людзей шмат было на фэрме...”

Савіцкая: “Няма крамы, “хуткую” трэба гадзіну-дзьве чакаць. Няма ніякіх умоў – калодзежы разбураюцца, на могілкі дрэвы падаюць. Нуль увагі! Людзі грошы вялікія патрацілі – прыехалі, палову сучча прыбралі, а палова засталася. Сталі скардзіцца, дык у аўторак ды пятніцу прыходзіць аўталаўка. Школьніка ніводнага няма. На Галошаўцы сярэдні ўзрост 65 год – пад 70...”


Дарэчы, адсутнасьць цывільных умоў днямі прывяла да трагедыі.

Савіцкая: “Згарэў чалавек у хаце. А хто вінаваты? Відаць, старая электраправодка замкнула. Ён выпаўзаў. П’яны быў бы, не поўз. А яго знайшлі каля дзьвярэй. Адбылося ў 3 ночы. Хата згарэла і ён згарэў. Угарны газ – ён адзін быў...”






Гаспадары паказваюць дарогу на ўскраіну вёскі, дзе жыве калісьці знакамітая на ўсю Віцебшчыну 84-гадовая спадарыня Арцюшкевіч. Ганна Пятроўна пражыла тут 60 год, 30 зь якіх была брыгадзірам калгаснай брыгады. Прыходу журналіста ўзрадавалася: маўляў, і ўспомніць ёсьць пра што, і пра тое, што адбываецца, выказацца карціць. А няма перад кім. Да ўсяго, апошнія два гады спаралізаваныя ногі – ходзіць, абапіраючыся на мыліцы. Кажа, дзякуй богу, прыходзіць сын. Пачынае ж з галоўных для яе успамінаў.






Арцюшквіч: “Бацька памёр, у мяне засталася маці, меншаму брату 2 гады. Маці хворая. Мы з меншым пойдзем у лес, прынясем палачак, агароджу зрабілі, градкі. Я ўсё ўмею. А што я магла прынесьці ў свой дом з калгаса? Я працавала там пацанкай. Устану з раньня, выберу каня, каторага любіла... Працавала рахункаводам. А брыгадзіры тут былі – пілі. Старшыня калгаса Васілёнак кажа – можа б ты пайшла? З’явіўся трактар – ой, рады! Дарасла ўраджайнасьць з 10 да 30 цэнтнэраў з га. І пасеяла я лён першай па раёну. У іншыя калгасы вазілі, граматай Вярхоўнага Савета БССР узнагародзілі. Нумар 2,5 быў – амаль вышэйшы. 400 галоў ската – зь іх 200 дойных кароў. Кароўнік, цялятнік паставілі, быкоў 100 галоў...”

90-я гады мінулага веку, лічыцца, падпісалі калгасу, адпаведна і Галошаўцы, прысуд. Мізэрныя кошты на сельгаспрадукцыю зрабілі нявыгаднай працу на зямлі. Былыя кіраўнікі сьпісалі ды прадалі за нішто ўвесь аўтапарк: 20 аўтамашын ды 20 трактараў “Беларусь”. Папаміралі старыя, зьбегла зь вёскі моладзь. З жалем кажа спадарыня Ганна.

Арцюшкевіч: “Моладзь зышла, бо не зацікавілі. Ім перапрацоўчае прадпрыемства трэба б – яны й затрымаліся. Дык хто гэта – Гарбачоў разваліў усё? Як Саюз разваліўся, так і калгас. Даяркі і пастухі яшчэ па 300 тысяч атрымлівалі за выслугу. Сталі скарачаць – не засталося ніводнай дойнай каровы. А быкоў здавалі ў Маскву – Масква жыла за кошт Беларусі. Пасяўныя плошчы не ўсе аралі. У маю бытнасьць кожны кавалак аралі, кусты высякалі. А цяпер усё зарасло, на зіму зябліва не падымаецца. Лён сеялі год дзесяць. Я ўжо не працавала, завязьлі з Польшчы іншае насеньне. І раптам лён толькі на чвэрць вырас. Калгас разарыўся і не стаў сеяць...”

У Галіны Арцюшкевіч свой погляд і на сучасную праграму адраджэньня вёскі – у прыватнасьці, на аграгарадкі.

Арцюшкевіч: “Цяпер Лукашэнка думае штосьці будаваць на зямлі. Гэта не так проста! Гэта найменш як праз 10 год, калі штосьці прасьвятліцца. Трэба будаваць, завозіць аднекуль людзей. А дзе дзелася тэхніка?”

Карэспандэнт: “Але Лукашэнка кажа, што на вёсцы меней за 300 даляраў ніхто не атрымлівае – гэта 600 тысяч...”

Арцюшкевіч: “600? Нідзе няма... Можа, паказальная гаспадарка адна, каб можна прыехаць інтэрв’ю ўзяць...”

Карэспандэнт: “Хто-небудзь карову трымае, сьвіней?

Арцюшкевіч: “Толькі нявестка з сынам карову трымаюць – адну на ўсю Галошаўку...”

***

У сярэднявеччы вёска называлася Дзятлаўкай і належала багатаму расейскаму князю Андрэю Курбскаму, які ўцёк у гэтыя мясьціны ад перасьледу Івана Жахлівага. У навакольлі, бывала, знаходзілі залатыя ды срэбныя манэты. Пра такую ўдачу дагэтуль мараць адзіныя ў Галошаўцы працаздольныя мужыкі – 53-гадовы Мікалай Рудакоў, 43-гадовы Юры Маргалёў ды 60-гадовы Васіль Караткоў. Я сустрэў іх, калі тыя вярталіся на кані з фэрмы. Адзін зь іх вартаўнік, двое працуюць цялятнікамі. Спыніўся ля возу пагаманіць.






Спадары: “Больш працаваць няма дзе... Колькі зарабляем? 150-200 тысяч, больш няма. А працаваць даводзіцца з 7 раніцы, тады гадзіна паесьці, у 16 прыяжджаюць салому раздаваць – дзень, лічы, акалачваешся...”

Карэспандэнт: “Што з Галошаўкай будзе?”

Рудакоў: “Канешне, выміраньне будзе – няма каму жыць. Патухлы пасёлак...”

У часе перасадкі ў Талачыне мяне чакала прыемная неспадзяванка. Адначасова са мной па Віцебшчыне вандраваў праваабаронца, этнограф, краязнаўца, мой знаёмца і цёзка Віталь Куплевіч. Сам з Радуні, але ўвесь час падарожнічае па Беларусі. Тыдзень правёў за кратамі за грамадзкую дзейнасьць у часе апошніх прэзыдэнцкіх выбараў. Браў удзел у стварэньні ў вёсцы Пеляса на Воранаўшчыне недзяржаўнага музэю Марыі Круопені – апантанай змагаркі за правы беларускіх літоўцаў. Апошнія два гады правёў у бібліятэках Польшчы, Вільні ды Львова. Падрыхтаваў да выхаду ў сьвет капітальную, па яго словах, працу на 300 старонак пад назовам “Палітычная геаграфія Эўропы”. На тле ўбачанага ды пачутага ў Галошаўцы ягоныя развагі прагучаць, бадай, больш яскрава.





Карэспандэнт: “Як палітычны географ палітычнаму географу (сьмех ) – што чакае Беларусь?”

Куплевіч: “Нічога добрага. Беларусь рэальна ўваходзіць у пояс найбяднейшых дзяржаў Эўропы. Гэта славянаправаслаўныя дзяржавы – Босьнія і Герцагавіна, Сэрбія, Чарнагорыя, Македонія, Малдова, Украіна і Беларусь. Палітгеографамі аналізуюцца два паказчыкі – валавы ўнутраны прадукт і нацыянальны даход. Сьвет падзелены на разьвітыя краіны, дзяржавы, якія цешацца ад таго, што знаходзяцца ў хаўрусе з разьвітымі краінамі – Балтыя і краіны Ўсходняй Эўропы. Трэці сьвет – гэта мы, краіны недаінвэставаныя. Многае залежыць, як будуць выкарыстаныя крэдыты. Калі аптымальна, на мадэрнізацыю гаспадаркі Беларусі – праз 3-4-5 год будуць вынікі. Калі праедзены ці прапіты, Беларусь чакае той жа ўзровень “разьвіцьця”, што і цяпер...”

Я раптам згадаў заканчэньне нашай размовы са спадарыняй Арцюшкевіч.

Арцюшкевіч: “Тут дазваляе зямля. На 400 галоў зь іншых брыгад не вазілі кармоў – сена закладалі, канюшыну сеялі. Я цяпер падумаю-падумаю: тут трэба пабудаваць комплекс, тэхніка цяпер, што шмат людзей не трэба...”

Карэспандэнт: “Вы верыце, што Галошаўка не памрэ?”

Арцюшкевіч: “Калі розум ё ва ўраду. Гэта трэба тонка падыйсьці. А зямля спрыяе – 500 га зямлі! І я на ёй працавала...”

Спадар Віталь Куплевіч – сталы слухач “РС”. Просіць агучыць яшчэ тое, пра што думае даўно.

Куплевіч: “Я наогул супраць, каб ужывалася слова “правінцыя” – рэгіён! Рэгіён – гэта цывілізацыйная Эўропа. Правінцыя – цывілізацыйная Эўраазія. Пасьля акупацыі Беларусі Расеяй ў канцы 18 стагодзьдзя пачаўся працэс правінцыялізацыі нашых рэгіёнаў. У Расеі ж ніколі не было рэгіёнаў. А ў нас да маскоўскай акупацыі не было правінцый. Таму нашы прывітаньні з рэгіёнаў!”


XS
SM
MD
LG