Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Лукашэнка не тармозіць. Але й Казулін – палітык салдатнага тыпу”


Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – Франак Вячорка.


Журналіст Аляксандар Уліцёнак размаўляе з Франакам Вячоркам пра палітычны піяр у Беларусі.

Уліцёнак: “Збольшага людзі прывыклі лічыць, што вашая, Франак, будучая спэцыяльнасьць – журналістыка. Ці так гэта насамрэч?”

Вячорка: “Насамрэч па выхадзе з журфаку я мусіў стаць спэцыялістам па тэхналёгіям камунікацыяў”.

Уліцёнак: “То бок сярод іншага – і ў піяр-тэхналёгіях?”
Трэба адрозьніваць піяр ад лукашэнкаўскай прапаганды. Прапаганда будуе сваё выказваньне, сваё пасланьне перш за ўсё на няпраўдзе

Вячорка: “Я цікаўлюся выключна піярам палітычным. Наколькі ён існуе ва ўмовах Беларусі і якая яго эфэктыўнасьць”.

Уліцёнак: “Аляксандар Рыгоравіч запачаткаваў эфэктыўны, эпатажны палітпіяр. Гэта і стрэлы ў ягонае аўто, гэта і бойка ў Вярхоўным Савеце, наступныя фоткі ў прэсе з абарваным рукавом пінжака…”

Вячорка: “Калі Лукашэнка балятаваўся ўпершыню ў прэзыдэнты, то быў самым эфэктыўным піяршчыкам. Ён выйграваў за кошт эпатажнасьці. Яшчэ – востры на слова. Востры на дзеяньне. Ён ніколі не чакае. Не тармозіць, як прынята цяпер казаць.

Але трэба адрозьніваць піяр ад лукашэнкаўскай прапаганды. Прапаганда будуе сваё выказваньне, сваё пасланьне перш за ўсё на няпраўдзе”.

Уліцёнак: “У афіцыйных СМІ вельмі доўга мусіравалася думка, што славутае выступленьне Аляксандра Казуліна стала ўзорам піяру “чорнага”.

Вячорка: “Чорны” піяр? Не, у цэлым Аляксандар Казулін паўтарыў узор клясычнае выбарчае кампаніі: пачаў з эпатажнага выступу па тэлевізіі, пасьля – славуты прарыў на Ўсебеларускі зьезд… Дзякуючы гэтаму імя Казуліна атрымалася на слыху. Ён паказаўся як такі прабіўны палітык салдатнага тыпу”.
Ці варта зьдзіўляцца, што ў нас сёньня шмат чаго падобнага паміж пуцінскім рэжымам, пуцінскай прапагандай і рэжымам, прапагандай Лукашэнкі

Уліцёнак: “Ці можна параўнаць беларускі піяр, беларускія паліттэхналёгіі з тым, што адбываецца зараз у Расеі, ва Ўкраіне?”

Вячорка: “Нельга – усё гэта будзе адсутнічаць у нас датуль, пакуль ня зьявяцца пісьменныя, дасьведчаныя спэцыялісты”.

Уліцёнак:
“Зь іншага боку, нават ва ўмовах адсутнасьці прафэсійных паліттэхналягічных камандаў шмат прыкладаў, калі беларускія дэмакраты актыўна працуюць падчас выбарчых кампаніяў у тых самых Расеі, Украіне?”

Вячорка:
“Ну, гэта сьмешна, што так адбываецца… Але ж яны кіруюцца звычайна ў тыя рэгіёны, дзе наагул няма спэцыялістаў”.

Уліцёнак: “Напрыканцы: а давайце паглядзім, як прафэсіяналізм, набыты на расейскіх, скажам, абшарах, дапамагаў расейскім жа піяр-камандам працаваць на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі?”

Вячорка: “Цэлы шэраг іх было ў камандзе Лукашэнкі. Лукашэнкаўскія заявы, выступ на Ўсебеларускім зьезьдзе ў прынцыпе будаваліся на стандартных расейскіх выбарчых тэхналёгіях.

Дык ці варта зьдзіўляцца, што ў нас сёньня шмат чаго падобнага паміж пуцінскім рэжымам, пуцінскай прапагандай і рэжымам, прапагандай Лукашэнкі”.


Франак Вячорка. Назаўтра пасьля 90-х угодкаў БНР ён будзе сьвяткаваць сваё 20-годзьдзе. У 2005-м скончыў падпольны Нацыянальны гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа, дзе быў старшынёй вучнёўскага самакіраваньня. З 2005 па 2008 вучыўся на факультэце журналістыкі БДУ, з трэцяга курса якога 18 лютага 2008 году пасьля 15-суткавага арышту за “нецэнзурную лаянку” быў адлічаны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG