Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Макаеў: прадпрымальнікі будуць рыхтаваць генэральны сход


1-га сакавіка завяршыўся тэрмін спрошчанага пераходу індывідуальных прадпрымальнікаў у прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы. Аднак вялікая колькасьць бізнэсоўцаў праігнаравала гэты ўказ.


Паводле лідэра кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктара Гарбачова, усяго каля 8% бізнэсоўцаў пагадзіліся зарэгістраваць прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы Што мяркуюць рабіць прадпрымальнікі дзеля выжываньня?
Лідэры прадпрымальніцкага руху цьвердзяць, што сытуацыя застаецца напружанай. Паводле Віктара Гарбачова, прадпрымальнікі рыхтуюцца да супольнай акцыі 25 сакавіка:

“Свае праблемы будзем выносіць на 25 сакавіка. Асобнай калёнай. Народ зразумеў, што ўлада нас хоча: ліквідаваць. Адпаведна наша рэакцыя будзе больш моцнай і згуртаванай на 25 сакавіка”.

Сябра каардынацыйнай рады прадпрымальнікаў Алесь Макаеў заявіў, што плянуецца зноў выйсьці на Кастрычніцкую плошчу, акрамя ўдзелу ў акцыі на Дзень Волі:

“Я лічу за гонар, калі прадпрымальнікі здолеюць выйсьці ў гэты дзень. Але прадпрымальнікі будуць рыхтаваць свой генэральны сход. Дата не прызначана, але гэта вырашана на сходзе каардынацыйнай рады прадпрымальнікаў”.

Лідэр “Пэрспэктывы” Анатоль Шумчанка мяркуе, што цяпер прадпрымальніцтва чакаюць найперш праверкі:

“Тыя недаатрыманыя сродкі ад прадпрымальнікаў у выглядзе падаткаў будуць кампэнсаваныя за кошт праверак, штрафаў, канфіскацый і ўсяго астатняга. Пад час гэтых мерапрыемстваў канфлікт будзе ўспыхваць з новай сілай, ён будзе мець стыхійны, лякальны характар. Магчыма, гэта ня выльецца ў нейкія плошчы. Масавыя акцыі пратэсту будуць залежаць ад дзеяньняў уладаў”.

Сябра кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктар Крываль прапануе заснаваць грамадзкае аб’яднаньне “Форум-2008”:

“21-га студзеня было заяўлена пра ўтварэньне “Форуму-2008”. Яго трэба рабіць, мабыць, да 25 сакавіка, каб ужо быў каркас, праграма дзеяньняў і гэтак далей. Канечне, у нашых умовах яна будзе не зарэгістраваная. Але ўсё ж такі яе трэба заснаваць”.

Паводле юрыста Сяргея Балыкіна, многія бізнэсоўцы, якія перайшлі ў прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы, трапілі ў пастку, бо ня змогуць працаваць у гэтым фармаце. Камэнтуючы процістаяньне паміж уладай і прадпрымальнікамі, спадар Балыкін мяркуе, што ўлада пакуль выйграе:

“Вось гэтае процістаяньне было кепска арганізавана. Было некалькі канкуруючых міжсобку груп лідэраў прадпрымальнікаў. І яны не змаглі дамовіцца. І самае галоўнае: прадпрымальнікі не змаглі выпрацаваць адзіную стратэгію. Зрабіўся такі амаль што стыхійны пратэст, калі нейкая маса прыйшла на плошчу нешта патрабаваць, а што патрабаваць ніхто добра і ня ведаў”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG