Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шэсьць затрыманьняў міліцыянтамі за няпоўныя два дні зазнаў на Берасьцейшчыне лідэр руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч.


У гутарцы з нашым карэспандэнтам палітык паведаміў, што сёньня ў Кобрыне яму давялося даваць тлумачэньні начальству мясцовага РАУС. Гэта адбылося адразу пасьля сустрэчаў на вуліцы з жыхарамі райцэнтру. Пасьля 16.30 міліцыянты дазволілі Мілінкевічу выехаць у Менск.

“Яны тут ужо загнаныя ў кут, – сказаў “Свабодзе” Аляксандар Мілінкевіч, – адводзяць вочы, амаль што просяць прабачэньня за неаргумэнтаваныя затрыманьні і тлумачаць, што загады на перасьлед атрымліваюць “зьверху”. У аддзелах міліцыі ў Івацэвічах, Кобрыне, Жабінцы і Берасьце мяне наўпрост пачулі больш як 30 супрацоўнікаў МУС. Ніхто зь іх не прызнаўся ў варожым стаўленьні да апазыцыі. На гэта сьведчаць і вынікі затрыманьняў – пратаколаў практычна няма”.

Аляксандар Мілінкевіч паведаміў “Свабодзе”, што працягне сустрэчы ў рэгіёнах. Акрамя гарадоў абласнога падпарадкаваньня ў бліжэйшы час ён наведае невялікія райцэнтры на Гарадзеншчыне і Магілёўшчыне.

Са словаў палітыка, улада робіць памылку, што ігнаруе просьбы аб арганізацыі такіх сустрэчаў у палацах культуры, клюбах ці іншых памяшканьнях.

“У Берасьці і Кобрыне людзі на вуліцы ўчынялі дыскусіі, выказвалі агентам КДБ і міліцыі прэтэнзіі да забароны імі канстытуцыйных правоў грамадзянаў на свабоду слова”, – канстатуе Аляксандар Мілінкевіч.

Што да вялікай колькасьці беспадстаўных затрыманьняў міліцыянтамі, то лідэр руху “За свабоду” лічыць:

“Я знарок накіроўваюся на сустрэчы ў Беларусі не таемна ў аб’езд, а па цэнтральных магістралях. Дэманструю адкрытасьць і шчырасьць у гутарках зь людзьмі. Я не зьбіраюся хавацца і ў далейшым, бо праўда – за намі!”

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG