Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якой будзе замежная палітыка Расеі пасьля выбараў?


У выпадку перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах Дзьмітры Мядзьведзеў будзе вызначаць замежную палітыку Расеі.


Ці будзе ягоны падыход больш памяркоўным у стасунках суседзямі і Захадам? Ці сьвет пабачыць той жа самы замежнапалітычны кірунак, як і пры ўладзе Ўладзіміра Пуціна?

Аналітыкі схіляюцца да думкі, што Мядзьведзеў прадэманструе сьвету больш добры твар і больш мяккі дыпляматычны стыль. Аднак сутнасьць і кірункі замежнай палітыкі Масквы наўрад ці зьменяцца.

Мядзьведзеў, які, як чакаецца, стане пераможцам на прэзыдэнцкіх выбарах, быў блізкім пратэжэ Пуціна цягам двух дзесяцігодзьдзяў, аднак ён ня мае за сабой гісторыі КДБ, як ягоны патрон, як ня мае і пуцінскага канфрантацыйнага стылю.

“Выкарыстоўваць такія моцныя мэтафары, як Пуцін, ён ужо ня будзе”

Фёдар Лук’янаў
, рэдактар маскоўскага часопісу “Расея ў глябальнай палітыцы”, лічыць, што пры Мядзьведзеву танальнасьць адносінаў з Захадам мае зьмяніцца.

"Мядзьведзеў яшчэ і юрыст, а значыць, ён ведае цану слова. Слова для яго мае цану і значэньне. Выкарыстоўваць такія моцныя мэтафары, як Пуцін, ён ужо ня будзе. Гэта значыць, зьменіцца стыль", – лічыць Фёдар Лук’янаў.

Паводле аналітыкаў, у сьвеце будуць крыху меней грукаць стальлю, што было прыкметай большай часткі другога тэрміну Пуціна.

Аднак за гэтым мяккім фасадам Расея працягне выступаць супраць Захаду ў пытаньні незалежнасьці Косава і разьмяшчэньня сыстэмы проціракетнай абароны, працягне выкарыстоўваць свае энэргарэсурсы для ціску на суседнія краіны і наўрад ці спыніць падтрымліваць сэпаратысцкія рэжымы ў Абхазіі, Паўднёвай Асэтыі і Прыднястроўі.

“Мы атрымаем ад Мядзьведзева крыху менш завостраную рыторыку”

Эдвард Лукас, намесьнік рэдактара брытанскага тыднёвіка "The Economist" і аўтар кнігі "Новая халодная вайна. Як Крэмль пагражае і Расеі, і Захаду", тлумачыць:

"Я думаю, мы атрымаем ад Мядзьведзева крыху менш завостраную рыторыку, паколькі ён ясна гаворыць, што мае эўрапейскія каштоўнасьці і гэтак далей. Я не ўпэўнены, што ён зьбіраецца нешта істотна зьмяняць”.

Лукас зьвяртае ўвагу на наступную акалічнасьць:

"Калі Мядзьведзеў застанецца кіраваць “Газпромам”, то мы ня можам чакаць вялікіх зьменаў. “Газпром” застаецца вельмі палітычнай кампаніяй, якая рушыць наперад з гэтак званымі палітычнымі газаправодамі, якія дрэнна ўплываюць на энэргетычную бясьпеку Захаду і выгадныя для расейскай замежнай палітыкі. Гэтая кампанія была вельмі непразрыстая пад ягоным кіраўніцтвам”.

“У Сярэдняй Азіі ў Расеі дзьве праблемы”

Пасьля Рэвалюцыі ружаў у Грузіі і Аранжавай рэвалюцыі ва Ўкраіне гэтыя краіны павярнуліся бліжэй да Захаду, і Расея выкарыстоўвала свае энэргетычныя рэсурсы як інструмэнт для вяртаньне іх пад уплыў Масквы. Аднак Тбілісі і Кіеў здолелі захаваць незалежнасьць. Паводле Фёдара Лук’янава, нязручная для Расеі сытуацыя застанецца.

"На былой савецкім прасторы ёсьць лёгіка разьвіцьця, якая, як мне падаецца, ня вельмі залежыць ад таго, хто ў Расеі зьяўляецца прэзыдэнтам", – лічыць Фёдар Лук’янаў.

Паводле аналітыкаў, найбольшы выклік у Мядзьведзева будзе ня з боку Захаду, а з Кітаю. Расея спрабавала зрабіць яго саюзьнікам для супольнага супрацьстаяньня ўплыву Захаду. Аднак, з другога боку, Масква супернічае з Пэкінам за доступ да сярэднеазіяцкіх энэргарэсурсаў і за ўплыў у рэгіёне. Фёдар Лук’янаў працягвае:

"У Сярэдняй Азіі ў Расеі дзьве праблемы – як забясьпечыць кантроль “Газпрома” над запасамі сыравіны ва Ўзбэкістане, Туркмэністане, і другая –як запаволіць хуткасьць эканамічнай экспансіі Кітаю".

Аднак, нягледзячы на зьмены ў лідэрстве, аналітыкі чакаюць, што Ўладзімір Пуцін працягне аказваць моцны ўплыў на расейскую замежную палітыку.
  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

XS
SM
MD
LG