Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне: “Мядзьведзева Пуцін паставіў даўно”


У нядзелю, 2 сакавіка, у Расеі адбудуцца выбары прэзыдэнта краіны.


Цяперашні кіраўнік Расейскай фэдэрацыі Ўладзімір Пуцін назваў сваім пераемнікам Дзьмітрыя Мядзьведзева. Ці дэмакратычнай была падрыхтоўка да прэзыдэнцкіх выбараў? Апытаньне мінакоў на вуліцах Менску.

Карэспандэнтка: “Ці дэмакратычнай была прэзыдэнцкая выбарчая кампанія ў Расеі?”

Спадар: “Яна была дэмакратычная. Але толькі па тэлевізары паказвалі аднаго Мядзьведзева, а іншых не паказвалі. Як у нас. У нас – недэмакратычна. Якая тут дэмакратыя?”

Юначка: “Не сачыла за гэтым працэсам, але думаю, што ён дэмакратычны. Бо і на тэле-, і на радыёканалах гэта ўсё асьвятлялася, гэта не было нейкай таямніцай. Словам, я лічу, што ў межах гэтай выбарчай кампаніі гэта было дастаткова дэмакратычна”.

Спадар: “Хто на тэлебачаньні сядзеў? Мы ведаем, хто сядзеў. А больш тут нічога і ня скажаш”.

Спадарыня: “Я не сачыла за гэтай кампаніяй, хоць такая магчымасьць і была. Проста даўно і адразу было зразумела, што будзе Мядзьведзь”.

Юнак: “Я нічога ня думаю пра выбарчую кампанію ў Расеі, бо нічога пра яе ня ведаю. У мяне няма тэлевізара, а дакладней, ён стаіць на шафе і ўвесь час паказвае Аляксандра Рыгоравіча, які наклеены на экране. Радыё я не ўключаю і ў інтэрнэт з гэтай нагоды ня лажу”.

Карэспандэнтка: “Ці была кампанія па выбарах прэзыдэнта Расеі, справядлівай, дэмакратычнай?”

Спадар: “Канечне, не. Калі чэсна, то ня чэсна. Бо зараньне было вядома, што адзін прэтэндэнт, а астатнія не пры справе. Кандыдата выбралі аднаго загадзя, і яго праштурхоўвалі, і яму рабілі розныя піяр-кампаніі і на радыё, і на тэлебачаньні. Ну як гэта можа быць чэсна? Канечне, ня чэсна”.

Спадарыня: “Зразумела, што не дэмакратычныя. Свайго стаўленьніка Мядзьведзева Пуцін паставіў даўно. І, зразумела, што расейскі народ прагаласуе за Мядзьведзева. Бо ён цэлы год праводзіў гэтую кампанію: езьдзіў па прадпрыемствах, абяцаў, хваліўся. Таму і не дэмакратычныя. Як Эўропа лічыць, так і я лічу, што выбары ў Расеі не дэмакратычныя”.
XS
SM
MD
LG