Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У.Здановіч: “Усе выданьні павінны прытрымлівацца гэтага правапісу”


Госьць “Начной Свабоды” – старшыня камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Здановіч.


На гэтым тыдні законапраект аб правілах беларускай артаграфіі і пунктуацыі падрыхтаваны да разгляду ў другім чытаньні Палатаю прадстаўнікоў. Вядома, што ў законапраект унесеная адна істотная зьмена – з тэксту праекту выкрасьленыя словы аб выкарыстаньні новай рэдакцыі Правілаў артаграфіі і пунктуацыі ў афіцыйных зносінах. З гэтай зьмены я пачынаю размову з Уладзімірам Здановічам.

Бушлякоў: Ці азначае зьмена фармулёўкі ў законапраекце, што па-беларуску можна будзе пісаць толькі паводле тых устанаўленьняў, якія цяпер дапрацоўваюцца і будуць зацьверджаныя разам з законапраектам.

Уладзімір Здановіч
Здановіч: Сапраўды, мы гэтыя словы выключылі з тэксту закона для таго, каб па-першае ўсё-такі не было выключэньняў ні для каго, таму што мы лічым, што закон – ён зьяўляецца адзіным для ўсіх і павінен выконвацца абсалютна ўсімі. А так здарыўся б такі выпадак, напрыклад, калі б мы пісалі закон аб правапарушэньнях і зрабілі б для асобнай катэгорыі грамадзян выключэньне – што яны могуць рабіць гэтыя парушэньні і ім нічога за гэта ня будзе. Як бы да гэтага аднесьліся іншыя людзі? Канешне, дрэнна, і гэта не было б законам. Таму мы выключылі гэтыя словы і акрамя таго зараз нават думаем аб тым, каб унесьці дапаўненьні ў закон, якія б гаварылі аб тым, што асобы без грамадзянства, якія таксама пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, павінны таксама кіравацца правіламі беларускай арфаграфіі і пунктуацыі пры выкарыстаньні беларускай мовы. Закон павінен распаўсюджвацца на ўсіх.

Бушлякоў: Чаму, на Вашую думку, сёньня патрэбная менавіта такая строгая рэглямэнтацыя выкарыстаньня пісьмовай літаратурнай беларускай мовы?

Здановіч: Усё большая колькасьць людзей, ня толькі навукоўцаў, а нават звычайных простых людзей, якія карыстаюцца беларускай мовай, прыходзяць да высновы, што калі існуюць некалькі варыянтаў арфаграфіі, то гэта ўсё ж такі прыводзіць у рэшце рэшт да разбурэньня мовы. Гэта можна параўнаць як той біблейскі прыклад, калі людзі будавалі вялікую вежу, каб дабрацца да нябёсаў, а потым Гасподзь паблытаў іхнія мовы і вежа засталася недабудаваная і нават потым разбурылася. Так можа адбыцца і з нашай беларускай мовай. Асабліва негатыўна гэта ўплывае на адносіны да беларускай мовы моладзі, якая толькі пачынае вывучаць гэтую мову. Розныя варыянты напісаньня ў розных выданьнях выклікаюць мешаніну ў галовах нашай моладзі. Таму патрэбна ўсё-такі прыйсьці да адных правілаў напісаньня – да правілаў беларускай арфаграфіі і пунктуацыі. І магчыма вось з гэтай нагоды і ўводзяцца яны з дапамогай закона, а ня проста пастановай ураду.

Бушлякоў: Гэта азначае, што аўтары законапраекту фактычна хочуць выступіць супраць суіснаваньня двух беларускіх правапісных стандартаў – існаваньня несымэтрычнага, нераўнапраўнага, аднак суіснаваньня?

Здановіч: Сапраўды, калі мы пойдзем такім чынам, які Вы зараз прапануеце, што вось давайце захаваем і той правапіс, які быў раней, у прыватнасьці “тарашкевіцу”, то калі ісьці такім шляхам, то можна наогул захоўваць усё абсалютна, што недзе адбылося. Калі, напрыклад, 2-3 чалавекі выкарыстоўваюць якуюсь гутарковую мову ці пішуць па-свойму, то яны таксама скажуць – давайце захоўваць і гэта, бо гэта таксама гістарычны набытак нашай краіны... Але тут патрэбна зыходзіць з інтарэсаў усё ж такі большасьці, таму што пераважная большасьць карыстаецца афіцыйнай мовай – так званай “наркамаўкай”, хаця мне гэтая назва ня вельмі падабаецца – звычайнай мовай, якую вучылі мы ў школах, якую вучылі нашы бацькі – чым карыстаецца большасьць. Нейкая жменька, прычым невялічкая, карыстаецца іншай. Але калі ўсё-такі мы хочам, каб мова захавалася, каб пашырылася яе ўжываньне ва ўсіх сферах, то патрэбна пераходзіць на адзіныя правілы правапісу. І я лічу, што калі яны ўступяць у сілу і менавіта ў выглядзе закону, то тады ў нас будзе і менш скаргаў у парламент наконт таго, што нейкія назвы там у метро прыпынкаў ці прыпынкі аўтобусныя няправільна пазначаны, няправільна напісаны беларускай мовай. Ужо можна будзе, маючы закон, патрабаваць, каб ён выконваўся і каб граматна адбываліся нейкія запісы, у тым ліку на вуліцах.

Бушлякоў: Ці не закладае законапраект, які рыхтуецца да прыняцьця, дыскрымінацыі беларускай мовы? Чаму я так пытаюся – выходзіць, што пішучы па-беларуску, трэба будзе цьвёрда трымацца таго зводу правілаў, які цяпер дашліфоўваецца. За адступленьне прадугледжваецца адказнасьць. Тым часам не існуе закону, які б прадугледжваў адказнасьць за парушэньне нормаў другой дзяржаўнай у сёньняшняй Беларусі мовы – расейскай. А гэтыя нормы, як мы ведаем, таксама нярэдка парушаюцца. Вось і выходзіць, што спакайней пісаць па-расейску. Парушыш – ніякай адказнасьці, бо не існуе адпаведнага закону.

Здановіч: Гэта вельмі цікавае пытаньне. Але заўважу, што наша камісія зьяўляецца самай мірнай і не разглядае нейкія законы аб нейкіх пакараньнях. Мы працуем над заканадаўствам у галіне адукацыі, культуры і навукі. А пытаньнямі – за што, каму і колькі – займаюцца іншыя людзі. І наогул тэхнічна наш закон складаецца па сутнасьці з адной толькі старонкі, на якой запісана аб зацьвярджэньні правіл, аб абавязковасьці карыстацца правіламі пры ўжываньні беларускай мовы і аб тэрміне ўступленьня дадзенага закона ў сілу. У прыватнасьці – 1 верасьня 2010 года. Вось на гэта мы і скіроўваем сваю ўвагу. І тут аб ніякай дыскрымінацыі беларускай мовы гутарка не ідзе, а наадварот. Бачыце, можна бачыць дыскрымінацыю ў прамым сэнсе – нейкі ўціск, нейкія пакараньні і так далей. А можна бачыць не дыскрымінацыю ў гэтым законе, а наадварот – пасылку да разьвіцьця нашай мовы. Таму што калі правілы будуць аднастайныя, калі яны ня будуць выклікаць нейкія сумненьні, разнабой у напісаньні, то яны выклічуць большую цікавасьць у моладзі да вывучэньня беларускай мовы, а гэта значыць потым у будучыні – да пашырэньня яе ўжываньня ва ўсіх сферах жыцьця нашага народа. Таму што, ну сапраўды, падумайце – калі правілаў нейкай гульні бывае два, тры ці чатыры, дык нават цікавасьць да гэтай гульні траціцца.

Бушлякоў: Калі вярнуцца да тэмы магчымай будучай адказнасьці за ігнараваньне нормаў новай рэдакцыі правапісу – чым абернецца прыняцьце закону аб правілах беларускай артаграфіі і пунктуацыі для тых карыстальнікаў беларускай мовы, якія прытрымліваюцца новаклясычнага правапісу (“тарашкевіцы”)?

Здановіч: Ну, Вы, мабыць, маеце на ўвазе два выданьні – гэта газета “Наша ніва” і гасопіс “АРХЕ” – і яшчэ, магчыма, інтэрнэтную так званую Вікіпедыю, так? Яны лічаць сябе сапраўды “культурным сымбалем”, як яны кажуць, жывой традыцыяй беларусаў і г.д. Калі ў нас усталююцца правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі ў выглядзе закону, то гэта азначае, што ўсе выданьні павінны прытрымлівацца менавіта гэтага правапісу. Вось і ўсё. Якая ж будзе мера адказнасьці за парушэньне – мне цяжка казаць, таму што, я яшчэ раз паўтаруся, наша камісія – самая мірная ў парламенце.

Бушлякоў: Хто будзе вызначаць ступень адказнасьці? Якая тут працэдура?

Здановіч: Мы можам толькі ў гэтым выпадку паразважаць, памарыць – як гэта будзе выглядаць. Ёсьць у нас ужо шэраг такіх вось мер пакараньня, спагнаньня для тых асоб, якія парушаюць нейкія правілы, у тым ліку нейкія законы. Канешне, пакуль гутарка не ідзе аб нейкім турэмным зьняволеньні. Калі, напрыклад, мой супрацоўнік ці нейкі іншы супрацоўнік дапусьціў нейкія памылкі, прычым наўмысна, а яшчэ ня дай бог некалькі разоў – то меры спагнаньня канешне будуць пэўныя, нават да звальненьня чалавека з работы, магчыма, нейкія штрафныя пакараньні. Мне пакуль цяжка казаць – як, што і дзе будзе адбывацца, таму што пра гэта павінны падумаць іншыя камісіі, людзі, якія займаюцца заканадаўствам у галіне адказнасьці за правапарушэньні, але я думаю, што яны будуць разумныя.

Бушлякоў: Ёсьць такая думка, што прыняцьце новай рэдакцыі правапісных правілаў абернецца яшчэ большым аслабленьнем пазыцыяў беларускай мовы. Абітурыенты, скажам, спалохаюцца, што нават касмэтычныя праўкі, пра ўвядзеньне якіх гавораць распрацоўнікі новага правапіснага зводу – нават такія праўкі будуць ускладняць ім, напрыклад, здачу тэстаў па беларускай мове.

Здановіч: Няправільная думка, нават сярод тых людзей, якія будуць паступаць. Меркаваньне іншае: людзі больш паважаюць тую мову і той прадмет, па якім усталяваны стабільныя правілы. Мы наадварот з дапамогай правілаў арфаграфіі і пунктуацыі, якія зараз рыхтуюцца, спрабуем паменшыць колькасьць выключэньняў, зрабіць іх больш простымі і зразумелымі. Калі правілы гульні простыя і зразумелыя – гэта павышае цікавасьць да іх значна больш, чым да нейкіх складаных правіл.

Бушлякоў: Частка навацыяў, у прыватнасьці правядзеньне аканьня ў фіналях запазычаных слоў накшталт лідар, унтар, катар выклікала крытыку часткі рэцэнзэнтаў новай рэдакцыі правапісу. Ці камісія ўлічвала гэтую крытыку?

Здановіч: Канешне, улічыла. Ну яшчэ наогул я заўважыў так, што любое новаўвядзеньне заўсёды падвяргаецца крытыцы, спачатку выказваюцца нейкія палярныя меркаваньні, а потым прыходзяць да залатой сярэдзіны. Таму, канешне, мы таксама спачатку прынялі ў штыкі гэту прапанову – пісаць -эль, -эр як -аль, -ар – а потым у выніку кампрамісных перамоваў з распрацоўшчыкамі прыйшлі да высновы, што ўсё такі няхай яны застаюцца ў выглядзе нязьменным – ненаціскныя фіналі -эль, -эр, калі ідзе гутарка пра ўласныя імёны іншамоўнага паходжаньня. Ну а ва ўсіх астатніх выпадках яны мусілі перайсьці ў -аль, -ар. Таму што такая ўжо ў нас моўная практыка, так вымаўляецца ў краіне.

Бушлякоў: Якіх канкрэтна зьменаў трэба чакаць у новай рэдакцыі зводу правілаў і ці лічыце Вы прымальным, што да сёньняшняга дня распрацоўнікі новай рэдакцыі правілаў не апублікавалі ў друку поўнага пераліку навацыяў, якія гэтай рэдакцыяй уводзяцца?

Здановіч: Гэта слушная заўвага. Я магу толькі заверыць усіх слухачоў, што калі гэтыя правілы ўжо будуць накіраваныя на ўзгадненьне зь іншымі арганізацыямі, то пасьля гэтага асабіста я займуся тым, каб у друку зьявіліся ўсе новаўвядзеньні, якія адбываюцца ў гэтых правілах. Гэта будзе надрукавана, у тым ліку, магчыма, нават на інтэрнэце. А пакуль я магу толькі абяцаць, што калі мы яшчэ раз вычытаем гэтыя правілы – гэта справа вельмі цяжкая, таму што нават сёньня я перачытваў ужо амаль гатовы варыянт і знайшоў яшчэ шэраг памылак, якія патрэбна выправіць – калі мы гэта ўсё зробім, тады на наступным тыдні, магчыма ўжо напрыканцы яго, зьявіцца на сайце Міністэрства адукацыі поўны тэкст распрацаваных правілаў беларускай арфаграфіі і пунктуацыі новай рэдакцыі. Таму што зараз сказаць усім – што адбылося, якія зьмены – гэта вельмі цяжка. Зьмен многа, нават у параўнаньні з тым варыянтам, які быў унесены ў Палату прадстаўнікоў.

Бушлякоў: Магчыма цяпер назваць хаця б асноўныя, прынцыповыя?

Здановіч: З тым варыянтам, які быў унесены ў Палату прадстаўнікоў, ужо была пэўная нязгода, мы ўносілі свае прапановы, таму параўноўваць зь першапачатковым ці з правіламі 1959 года даволі цяжка. Ну, скажу, што звыклы мотакрос прапанавалі зрабіць матакросам, манголазнаўства мангалазнаўствам, г. зн. пашырыць прынцып аканьня. Але тым ня менш мы стрымалі распрацоўшчыкаў гэтага законапраекту і пайшлі больш разумным, кампрамісным шляхам...

Бушлякоў: Гэта азначае, што правапіс складаных словаў паводле таго праекту, які будзе зацьвярджацца, пакінуты ў цэлым у рэдакцыі правілаў 1959 году?

Здановіч: Сапраўды, для таго, каб ня мяняўся першапачатковы сэнс слоў. У складанаскарочаных словах, першая частка якіх заканчваецца на зычны – памятаеце, таксама прапанавалася замест і пісаць ы – мы выпрацавалі таксама кампрамісны варыянт: пасьля прэфіксоіда (звыш-, між-, пан- і г.д.), а таксама ў складанаскарочаных словах, першая частка якіх заканчваецца на цьвёрды зычны, літара і будзе захоўвацца. А то інакш атрымлівалася неяк немілагучна – кантрыдэя замест контрідэі, педынстытут замест педінстытута, як ужо прывычна для большасьці, хто карыстаецца беларускай мовай. Таму ідзем вось такім шляхам. Ну, заўважу яшчэ таксама, што крыха спросьцяцца правілы пераносу слоў, ну і прыведзены вельмі шмат новых прыкладаў на ўсе правілы арфаграфіі. Прыклады амаль абсалютна абнавіліся, таму будзе цікава іх чытаць ужо з пункту гледжаньня сучаснасьці.

***

Ці на часе цяпер, зважаючы на дзяржаўную моўную палітыку, прыняцьцё новай рэдакцыі правапісных правілаў? Ці не абернецца гэта яшчэ большым аслабленьнем пазыцыяў беларускай мовы? Гаворыць мовазнаўца, адзін з аўтараў зводу “Беларускі клясычны правапіс” Вінцук Вячорка:


Вячорка: Пачнем з таго, што людзі, якія цяпер займаюцца прасоўваньнем гэтага законапраекту, самі не карыстаюцца беларускаю мовай, а тыя “спэцыялісты”, якія занятыя навуковападобным афармленьнем гэтага законапраекту, не карыстаюцца беларускаю моваю ў сваім прыватным жыцьці. Яны далёкія ад рэальнага беларускамоўнага асяродзьдзя і таму, натуральна, ня могуць ані адчуваць яго атмасфэры, патрэбаў і праблемаў, тым больш не палаюць жаданьнем вырашаць гэтыя рэальныя праблемы, якія сёньня ёсьць перад рэальнаю жывою беларускаю моваю.

Я мяркую, што лёс беларускага правапісу і правапісныя праблемы хвалююць гэтых людзей – я маю на ўвазе “законьнікаў” – роўна нагэтулькі, наколькі іх хвалюе, скажам, рэпутацыя прарока Мухамада. Пасадзілі Зьдзьвіжкова за прарока Мухамада, ну а цяпер будуць газэты зачыняць за тое, што ня тым правапісам пішуць. І служыць гэта выключна інструмэнтальным дачасным патрэбам гэтага рэжыму, якому мінімум напляваць на беларускую мову, а максымум – ён зацікаўлены ў тым, каб яе панішчыць, каб набор каштоўнасьцяў быў адпаведны, адэкватны гэтаму рэжыму. Каб былі недалёкія людзі, якія, карыстаючыся нелітаратурным стандартам расейскае мовы, паступова адмаўляліся ад любой іншай мовы, ну хаця б таму, што ніякае іншае мовы цяперашняя ўлада не выкарыстоўвае.

Мы сутыкнемся, калі гэта ўсё пройдзе, з праблемаю здаваньня іспытаў ва ўнівэрсытэты. Калі гэта ўсё будзе гвалтам уведзена, то трэба будзе перавучвацца ня толькі абітурыентам і настаўнікам, і зразумела, што тут скарыстаць гэты фільтар будзе элемэнтарна – людзі проста ня будуць абіраць беларускую мову як мову здаваньня іспытаў і як іспытавы прадмет. Мы з гэтым абавязкова сутыкнемся.

Ну і нагадаю, што ў тых краінах, дзе рэальна пра сваю мову дбаюць, вельмі часта правапісны стандарт ухваляецца паводле добрае згоды грамадзтва, ні ў якім разе не зацьвярджаецца нейкім дзяржаўным дэкрэтам – дзяржава якраз ня ўмешваецца ў гэта – а добраахвотна прымаецца фактычна ўсімі носьбітамі мовы.

Нейкі час таму я быў усьцешыўся, калі пачуў камэнтар таго самага Здановіча, здаецца, што, маўляў, гэта ня тычыцца іншых зносінаў акрамя афіцыйных зносінаў структураў, прадпрыемстваў, мэдыяў зь дзяржаваю – афіцыйнага ліставаньня. Ну, калі ласка, не праблема. Але цяпер, калі выкрэсьліваецца гэтае абмежаваньне, становіцца ясна: мы сустракаемся з рэпрэсіўным выкарыстаньнем правапісу. Ну і мы добра ведаем, што так званыя “навукоўцы”, якія да гэтага спрычыняюцца, я думаю, што яны пагаджаюцца выконваць ролю правапісных “дзяржымордаў”.

  • 16x9 Image

    Юрась Бушлякоў

    Нарадзіўся у 1973 годзе ў Менску. Беларускі мовазнаўца. Кандыдат філялягічных навук. Ад пачатку 2000-х гг. супрацоўнік Беларускае службы Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG