Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ваколіцы Карпілаўкі. Эфір 21 лютага 2008


Як ні намагалася ўлада бальшавікоў наладзіць вайну палацам і зьнішчыць дазваньня панскія сядзібы, а яны ўсё роўна працягваюць жыць. І хоць ад дамоў не засталося і знаку, але былая сядзіба засталася жыць у краявідах. То па-над калгаснымі пабудовамі раскіне старыя галіны магутны ясень, пасаджаны ледзь не за Ягелонамі. То перад будынкам сельсавета намалюецца акуратная сажалка, вырытая яўна не камбедаўцамі. То мільгануць сярод поля былыя прысады. Такімі прысадамі з высокіх лістоўніц зьвяртае на сябе ўвагу вёска Малыя Бесяды. Гэта старая дарога з Малых Бесяд у Радашкавічы.




Але давайце ўздымемся на пагорак, дзе стаяць разбураныя бунгала колішняй базы адпачынку трактарнага заводу. Сёньня тут, акрамя старых лістоўніц, нічога не нагадвае пра панскі двор. Але, магчыма, якраз тут нікому не вядомы чалавек Ясь Луцэвіч пачаў пераўтварацца ў паэта Янку Купалу. Тут стаяла сядзіба паўстанца 1863 году Зыгмунта Чаховіча, чыю бібліятэку наведваў беларускі клясык. Які праз гады пісаў пра гэта: “Вось тут мне і адкрыўся, што называецца, скарб!..”

Уладзімір Лігімовіч, 80-гадовы высокі селянін са спакойнымі, мудрымі вачыма – апошні з карэнных бесядаўцаў.




Карэспандэнт: “Вы, вядома, ужо ня памятаеце...”

Уладзімір: “Купалу?”

Карэспандэнт: “Панскую сядзібу”.

Уладзімір: “Памятаю. Якая была. Тут жа бальніца была ў доме, дзе Чаховіч жыў”.

Карэспандэнт: “Што пра яго людзі казалі? Пра Чаховіча?”

Уладзімір: “Добры. Казалі старыя, што і хлеба даваў. І з камуністамі сувязь нейкую меў. І зь Янкам Купалам. Прыходзіў да яго ў бібліятэку Янка Купала. Гаварылі, харошы мужык быў. Не скупы. Тутака, я памятаю, сьвіран стаяў. А пад нізам быў склеп мураваны. Ён і цяпер ёсьць”.




Карэспандэнт: “Старая дарога прыгожая”.

Уладзімір: “Гэта на Радашкавічы, казалі, была. І езьдзіў ён там тройкай ці сямёркай. Пан гэты, Чаховіч, на конях”.

У кнізе краязнаўца Ігара Гатальскага я чытаў, што непадалёк ад сядзібы, па другі бок Даўгінаўскага тракту, у лесе ёсьць штучнае возера, калісьці выкапанае Чаховічамі для купаньня.

Уладзімір: “Ёсьць. Круглік называецца. Яно ўжо зарасло. Багна. У лесе. За полем тамака ёсьць такая паляна. Лодкі былі. Катаўся пан ці хто”.

Саму сядзібу разбурылі ў 1936 годзе.

Уладзімір: “Такі закон быў, паноў раскулачваць, выганяць. Прыяжджалі некалі, гадоў дваццаць таму, ягоныя ўнучкі. Шукалі. Паказалі ім. Дзе гэты дом быў. Тут во трыбуна была. Танцы. Клюб. Рэчкі цякуць. Возера. А цяпер што? Тундра робіцца”.

Карэспандэнт: “А што зараз? Там, дзе была база адпачынку?”

Уладзімір: “Будуецца. Каманда Лукашэнкі будуе. Адміністрацыя. Паляўнічая гаспадарка. На паляваньне будуць прыяжджаць. Тут трэба кухар, прыбіральшчыкі. Скуру зьдзяруць. Варыць, смажыць будуць”.




Карэспандэнт: “Карацей, новыя паны прыехалі”.

Уладзімір: “Канечне”.

Я, паблукаўшы па лесе, усё ж знайшоў тое чаховіцкае возера. Сёньня яно нагадвае зарослае балота, але ня страціла сваёй паэтычнай таямнічасьці, якая натхняла Купалу.

“Дрэмле, абсаджана лесам адвечным,
Цінай засланае возера ў лесе,
Шастае сьціха асока і аер,
Нудныя казкі куст з кустам шапоча”.





Наступны мой прыпынак – вёска Карпілаўка, дзе калісьці была сядзіба Купалавага сябры Антона Лявіцкага, больш вядомага як Ядвігін Ш. Найстарэйшай жыхарцы Карпілаўкі Надзеі Левандоўскай хутка 90. Але памяць у яе і жаданьне пагаварыць — як у маладзіцы.




Надзея: “Тут таксама пан жыў. Лявіцкі. Пад псэўданімам Ядвігін Ш. Выслалі іх. Яе выслалі і два сыны былі, Славік і Казік. Я помню іх. Высокія”.

Карэспандэнт: “Сям’я Лявіцкіх. Яны жылі багата ці бедна?”

Надзея: “Якое ў іх багацьце было? Бачыце, стаяць дрэвы? Гэта ліпы стаяць. Гэта іхны сад быў. Яблыкаў было! Такія прыгожыя! Папяроўкі. Такіх у іх кіслых, зімовых не было. Ігрушы былі. Яшчэ мой бацька вартаваў. Вазілі гэтыя яблыкі ў Менск прадаваць. Я езьдзіла. Вялікія-вялікія, салодкія. А ў 39 годзе мароз як даў, сады ўсе памерзьлі. Ні ў кога не засталося”.

Цікава было паслухаць аб прататыпе купалавай Паўлінкі.

Надзея: “А Паўлінка гэтая жыла пад Сухой гарой”.

Карэспандэнт: “Была такая дзяўчына?”

Надзея: “Яна звалася Ядвіся. А гэты хадзіў, Янка Купала да яе. Ну вось і склалі гэту пастаноўку. Янка Купала некрасівы быў. Не. Статуя стаіць яго, ён выліты. Ён некрасівы. А яна была красівая. А ён жа, кажуць, Янка Купала, у Маскве напіўся, зь лесьвіцы зваліўся і забіўся. Праўда ці не?”

Карэспандэнт: “Забілі”.

Надзея: “Забіўся сам п’яны. У нас так кажуць. Напіўся п’яны, скаціўся і забіўся зь лесьвіцы. А жонка, мусіць, засталася....”

Пасьля такіх словаў міжволі адчуваеш сябе не ў 2008-м, а ў якім 1950-м. Бо, напэўна, тады, пасьля вайны, была пушчаная па навакольлі гэтая плётка пра п’янага, які скаціўся зь лесьвіцы. А пра былую сядзібу Лявіцкіх нагадвае толькі вялікі, мёртвы дуб. Не засталося нават падмуркаў. Іх зрылі мясцовыя калгасьнікі, шукаючы “панскае золата”.




Надзея: “Трактары прыслалі і ўсё зраўнялі”.

Карэспандэнт: “І падмуркі зраўнялі?”

Надзея: “Разбурылі, разраўнялі. Золата знойдуць у пана! І ніхто не забараніў. Там быў пограб. Усё зьвярнулі. Толькі трошкі бугарок відаць...”

Але падмуркі Карпілаўкі — гэта не адзінае, што разбурылі калгасныя золаташукальнікі. На Даўгінаўскім тракце, каля вёскі Жукаўка стаяла старая карчма. Якую таксама наведваў Купала.

“Ля дарогі, ля далёкай, ля крыжавой,
Сьпіць карчма там адзінока з злупленай страхой.
Аб мінуўшай славе, дзівах – як была п’яна, —
Аб дзяньках сваіх шчасьлівых думае яна”.


Тую карчму яшчэ памятаюць старажылкі Жукаўкі, дзьве гаманкія бабулькі, Тацяна і Марыя.




Тацяна: “Расказвалі тады пра карчму, як жыды былі. Усё пазносілі, але не пры нашай памяці. Толькі расказвалі. Што туды хадзілі мужчыны жукаўскія, каторыя ў карты гулялі. Там тады вып’юць. На іх сварыліся тады. Па гаспадарцы ж трэба было рабіць. А яны як туды пойдуць і заначуюць там.

Марыя: “І нап’юцца яшчэ”.

Тацяна: “А яны што тады рабілі? Была адна такая баявая. Юлька. Дык яна ўзяла ў жбаночак круп і панесла. Што ён не прыходзіў суткі. Яму на зло”.

Марыя: “А Дзям’яніха таксама насіла свайму Дзям’яну, у карты гуляліся, са злосьці”.

Тацяна: “Карчма там стаяла. “Здарэньне”. Мост тамака быў вялікі. У вайну яго спалілі партызаны. Цераз мост адразу “Здарэньне” называлася. Там жыды жылі. Некалькі хат было. Трактарыстыя, якія на полі рабілі. Дык яны тое каменьне... “Можа, дзе золата знойдзем”.

Марыя: “Жыд дурны – золата там пакласьці”.

На месцы, дзе стаяла карчма “Здарэньне”, сёньня пясчаная пляцоўка. Якая так і просіцца пад дарожную кавярню. Шкада, што я не займаюся рэстаранным бізнэсам. Якое прыдатнае месца на Даўгінаўскім тракце! Якая шыкоўная назва – “Здарэньне”! І якая легенда для наведнікаў! Пасядзець там, дзе некалі браў чарку сам Купала!

“А гарэлка рэчкай льецца, бегае шынкар,
Песьня ўдалая нясецца, з твару сыпле жар.
Ўсё прапала, згібла недзе, як сон, як туман,
У карчму ўжо не заедзе ні мужык, ні пан...”

XS
SM
MD
LG