Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сама менш 4 актывісты абвешчаныя падазраванымі ў крымінальнай справе, заведзенай па факце падзеяў, што адбываліся падчас акцыі 10 студзеня ў Менску.


Актывісты не выключаюць, што міліцыя паспрабуе знайсьці ў гэтай справе і “замежны сьлед”.

У менскай гарадзкой управе міліцыі працягваюць расьсьледаваць крымінальную справу, якую завялі пасьля мітынгу прадпрымальнікаў 10 студзеня ў Менску. Нагадаем, тады некалькі тысяч чалавек пратэставалі супроць прэзыдэнцкага ўказу № 760, які абмяжоўвае эканамічныя правы дробных бізнэсоўцаў. Справа была заведзеная адразу паводле двух артыкулаў — якія прадугледжваюць адказнасьць за парушэньне грамадзкага парадку і за хуліганства.

Паводле праваабаронцаў, сьведкамі ў справе фігуравалі 12 чалавек. Зь іх днямі сама менш чацьвёра ўжо абвешчаныя падазраванымі. Гэта Міхась Пашкевіч, Алесь Стральцоў, Уладзімер Сяргееў, Міхась Крываў. Калі справа дойдзе да абвінавачаньня, то максымальнае пакараньне, якое будзе пагражаць актывістам — да 6 гадоў зьняволеньня.

Актывіста АГП Міхася Крывава ўжо ў якасьці падазраванага дапытала сьледчая Марыя Чэўшава. Малады чалавек кажа пра сьледзтва:

“Нічым не пагражалі. Прэтэнзіяў да допыту ў мяне няма. Але ня ведаю, як яны будуць складаць гэтую справу, як даводзіць віну? Бо я сапраўды нічога не рабіў. Удзельнічаў — так, але ня біўся зь міліцыянтамі, ня кідаўся пад колы транспарту”.

Пры гэтым малады чалавек зьвярнуў увагу на цікаўнасьць сьледчых да ягоных паездак за мяжу. “Цікавіліся, на які сэмінар я езьдзіў у Вільню, пыталіся пра маю вучобу ў ЗША. Не выключаю, што гэта невыпадкова”, — кажа Міхась Крываў.

Пра пэўны ўхіл сьледзтва кажа і моладзевы актывіст АГП Міхась Пашкевіч:

“Мяркую, у сьледзтва ёсьць зацікаўленасьць зрабіць справу пра нейкі замежны цэнтар барацьбы. Бо што ў мяне, што ў Міхася Крывава ды ў астатніх сьледчыя пыталіся аднолькава: калі вы апошні раз былі ў Літве, што там рабілі і гэтак далей. Мяркую, з падачы сьледчых можа зьявіцца нейкі “тэрарыстычны цэнтар”.

У міліцыі пацьвердзілі, што расьсьледаваньне працягваецца, але новай інфармацыі не далі. “Пішыце запыт. Калі палічым магчымым, нешта паведамім”, — сказаў супрацоўнік прэсавай службы гарадзкой міліцыі Яўген Сачык.

Тым часам сёньня мінае 12-ы дзень, як ва Ўзьдзе трымае галадоўку Віктар Крываль. Узьдзенскі суд пакараў прадпрымальніка 15 суткамі арышту за распаўсюджваньне ўлётак напярэдадні мітынгу прадпрымальнікаў у Менску. Актывістка Ларыса Насановіч паведаміла, што і ў вязьніцы Віктар Крываль працягвае змагацца за свае правы:

“Ён запатрабаваў, каб туды прыйшла санстанцыя. І нехта там быў з санстанцыі, наколькі мне вядома. Бо там вельмі брудна, холадна, недастаткова сьвятла. І яшчэ да яго двойчы ці тройчы выклікалі хуткую дапамогу, бо ён працягвае галадоўку”.

27 лютага Менскі раённы суд пакараў прадпрымальнікаў Віктара Крываля і Аляксандра Цацуру грашовым штрафам у 50 базавых велічынь — гэта па адным мільёне 750 тысяч рублёў. Прадпрымальнікаў пакаралі нібыта за непадпарадкаваньне міліцыі. Інцыдэнт адбыўся ў час, калі Крываль і Цацура ехалі ў Менск, дзе меўся адбыцца мітынг прадпрымальнікаў. Заўважым, што судзілі Віктара Крываля завочна.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG