Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўцы пра задаволенасьць жыцьцём


Сацыёлягі выявілі, што задаволенасьць жыцьцём павялічваецца разам з ростам заробкаў. Ці задаволеныя жыцьцём магілёўцы?


Спадарыня сталага веку: “Ні сёе ні тое, калі хочаце, вось так во. Цэны падскочылі на харчы. Я пэнсіянэрка. Ну вось і ўсё, вось і лічыце. Канечне, пажадана, каб усё патаньнела. Хапала ж летась, а сёлета цяжка стала”.

Спадар сталага веку: “Калі я працаваў за савецкай уладай, за камуністамі, тады я быў незадаволены жыцьцём, а цяпер задаволены. Пэнсія нікога не задавольвае, хацелася б больш. Але мне цяпер лепш, чым жыць за камуністамі. Тады я хацеў працаваць, але мне не давалі болей зарабіць”.

Спадарыня: “Пакуль ня дужа. Мужа я страціла. У мяне два сыны, яны яшчэ не забясьпечаныя ў мяне. Так што я пакуль так жыву...”

Малады спадар: “Гэта залежыць усё ад дастатку, дзе працуеш і колькі зарабляеш”.

Карэспандэнт: “А вы задаволеныя?”

Спадар: “Пакуль студэнт, пакуль сям’і няма, то задаволены, а так пабачым”.

Спадарыня: “Не, заробак невялікі, таму незадаволены. Правільна сацыёлягі кажуць. Абсалютна дакладна”.

Спадар сталага веку: “Задаволенасьць жыцьцём залежыць ад розуму, а не ад заробку. Калі мазгі ёсьць, будуць і грошы, і заробак, і будзе задаволенасьць жыцьцём. А калі дурань, то і грошай ня будзе, і задаволенасьці ня будзе”.

Карэспандэнт: “Вы задаволены жыцьцём?”

Спадар: “Я задаволены”.

Спадарыня: “Наагул не задаволеная жыцьцём, бо давялі да такога стану, што... Я была прадпрымальніцай, у мяне былі найманыя работнікі. Звольніла іх і сама засталася бяз працы. Правільна кажуць, што жыцьцё стала цяжкое і што далей будзе, невядома. Чым далей, тым горш. Жыцьця наагул няма ніякага”.

Спадарыня: “Ня ведаю нават. Ну, не зусім ад заробку залежыць, шмат ад чаго залежыць”.

Карэспандэнт “Але ў прынцыпе вы задаволеныя?”

Спадарыня: “Ну так, усё ёсьць для жыцьця”.

Спадар: “Ну так, я нармальна зарабляю, мне тут добра жывецца”.

Спадарыня: “Калі лічыць ад заробку, то не. Наагул жа так. Я хутчэй незадаволеная сваім заробкам, чым жыцьцём. Па-першае, тое, што ён невысокі, а другое — тое, што застаецца замала часу для сям’і”.

Спадар: “У прынцыпе, так. У наш час, здаецца, усё залежыць ад колькасьці грошай, якія маеш пры сабе, якія можаш зарабіць. Колькі грошай ні было б, іх заўжды мала. Наагул жа хацелася б, каб іх было болей”.

Спадар: “Часткова”

Карэспандэнт: “А што гэта азначае?”

Спадар: “Азначае гэта тое, што я атрымліваю роўна палову грошай ад таго, што мог бы. Вось так прыкладна, у такім пляне”.

XS
SM
MD
LG