Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Хмарачосавая” інтэрвэнцыя зьнішчыць гістарычны цэнтар Менску”


Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня Уладзімер Папруга – архітэктар. З 1983 па 1996 год працаваў у “Белдзяржпраекце”. Навучаўся ў Рымскім міжнародным цэнтры па дасьледаваньні праблемаў аховы гісторыка-культурных аб'ектаў. Пазьней стажыраваўся ў Вэнэцыі. Выступаў запрошаны лектарам на тэму гісторыка-культурнай спадчыны Менску на міжнародным кангрэсе ICOMOS (Канада). Чатыры гады займаўся рэстаўрацыяй шэрагу аб’ектаў Польшчы. Цягам тыдня Аляксандар Уліцёнак размаўляе з Уладзімерам Папругам пра тое, як і што губляе беларуская сталіца.


Папруга: “На сёньня зь 2005 году пачалася новая і вельмі жахлівая хваля, якая, безумоўна, накладзе свой адбітак на тканку гістарычнага цэнтру Менску”.

Уліцёнак: “Што яшчэ маецца на ўвазе, акрамя стылізаваных гандлёвых радоў па вуліцы Гандлёвай жа?”

Папруга: “Ня так даўно былі агалошаныя пляны гарадзкой адміністрацыі пра будаўніцтва шматпавярховага офіснага збудаваньня на тэрыторыі Менскага замчышча. На стыку зь сёньняшнім так званым Духанаўскім комплексам па праспэкту Пераможцаў – на месцы былой рэстарацыі “Рэчанька”.

Уліцёнак: “А чым канкрэтна вы абураецеся?”

Папруга: “Практычна прапанаваная схема, якая прымянялася да гэтай тэрыторыі падчас савецкай паваеннай рэканструкцыі. Калі так званы Духанаўскі комплекс і быў збудаваны. Гэта само па сабе зьяўляецца лягічнай недарэчнасьцю, бо ў тыя часы існавала абсалютна іншая заканадаўчая база.

Аднак цяпер, пасьля 1992 году, калі зьявілася сучасная прававая рэглямэнтацыя, дадзены спосаб інтэрвэнцыі на найбольш каштоўных горадабудаўнічых тэрыторыях выглядае ня толькі поўнай бязглузьдзіцай – тут фактычна злачынства.

Такім самым прыкладам зьяўляецца і прапанова аб будаўніцтве шматпавярховага гатэлю на тылах цяперашняга музэя вайны”.

Уліцёнак: “І гэта ж не апошні прыклад будаўніцтва “у” ці “ля” гістарычнага цэнтру?”

Папруга: “Трэцім зьяўляецца прапанова аб працягу вядомай пласьціны па вуліцы Старажоўскай, вядомай па краме “Панарама”, што абрываецца зараз каля Сувораўскай вучэльні. Камітэт архітэктуры прапануе працягнуць гэты будынак практычна ўшчыльную да Траецкага прадмесьця. Тое неверагодна ўскладніць яго ўспрыняцьцё як прыкладу гістарычнай забудовы Менску.

Гэта ўсё прывядзе да страты гісторыка-культурнымі каштоўнасьцямі цэнтру беларускай сталіцы сваіх якасных характарыстык. А менавіта яны і надаюць яму права насамрэч быць менавіта такімі”.
XS
SM
MD
LG