Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Л.Путырскі: "За дзесяць гадоў яе хваробы я ня чуў папрокаў"


Адным з паплечнікаў Ірыны Казулінай у апошнія гады яе жыцьця быў вядомы доктар, галоўны мамолояг Беларусі Леанід Путырскі. Разам з Ірынай Казулінай ён стварыў грамадзкую арганізацыю “У промнях надзеі”, якая дапамагае хворым на рак малочнай залозы. Доктар мэдычных навук, прафэсар Леанід Путырскі – госьць “Начной Свабоды”.


Бушлякоў: Ірына Казуліна была Вашай намесьніцаю ў арганізацыі “У промнях надзеі”. Што вам удалося разам зрабіць?

Путырскі: Калі ў жыцьці сустракаецца такая жанчына, як Ірына, то мы проста не маглі зь ёй не зрабіць нешта добрае. У 2002 годзе мы стварылі арганізацыю “У промнях надзеі” ў дапамогу жанчынам, якія захварэлі на рак малочнай залозы, таму што сама Ірына перанесла гэту хваробу. І ня проста перанесла – яна першая ў Беларусі адкрыта сказала пра тое, што яна хварэе на рак малочнай залозы і што трэба нешта рабіць, каб жанчыны не баяліся гэтай хваробы, каб яны глядзелі за сабой, своечасова зьвярталіся да мэдыкаў, каб хоць нешта зрабіць для іх, каб не было такіх пакутніц, як была яна сама.

За гэтыя пяць гадоў мы зрабілі шмат. У верасьні 2007 году арганізавалі нават міжнародную канфэрэнцыю краіна Эўропы і Азіі, на якую з 20 краін сьвету прыехалі жанчыны – і мэдыкі, і хворыя, – там выйшла і выступіла Ірына, хоць ужо й нядобра сябе адчувала. Яна была галоўным маторам арганізацыі гэтай канфэрэнцыі. І вось яна выйшла і перад вялікай аўдыторыяй казала пра сваю хваробу, як яна зь ёй змагаецца. Потым падыходзілі шмат хворых жанчын і дзякавалі ёй за тое, што ў іх расплюшчыліся вочы – можна жыць і з гэтай хваробай.

У нас было шмат міжнародных канфэрэнцыяў і да гэтага, у тым ліку для мэдыкаў, дзе яна таксама выступала і расказвала пра тое, як трэба жыць і змагацца. Мы разам з амэрыканскімі вучонымі – яны трохі дапамаглі грашыма – зрабілі для мэдыкаў школу і навучылі 120 гінэколягаў Менскай вобласьці пытаньням мамалёгіі. Бо гінэколягі цяпер павінны, паводле загаду Міністэрства аховы здароўя, глядзець за жанчынамі з дыфузнай мастапатыяй, а яны ня вельмі добра гэтую справу ведалі, і таму мы іх навучалі і працягваем навучаць і цяпер.

Шмат лекцыяў для насельніцтва, дзе ўдзельнічала і Ірына – яна таксама выходзіла і расказвала, як сябе трэба паводзіць, што трэба рабіць – трэба кожны месяц самой жанчыне за сабой глядзець, а калі хоць нешта найменшае – зьвяртацца да доктара, а не сядзець у хаце месяц ці паўгода.

Надрукавалі мы і шмат літаратуры, яна і за свае грошы шмат такой літаратуры рыхтавала – памяткі, брашуры.

Вось так працавала Ірына, і канечне, я хачу сказаць, чаму намесьніцай у мяне была яна. Гэта быў сьветлы чалавек, чалавек, ад якога за дзесяць гадоў яе хваробы я ня чуў ніводнага разу ні папрокаў, ні сьлёз. Усё магло б быць добра, калі б праз восем гадоў пасьля яе апэрацыі яна не захварэла на цяжкі грып, і гэты грып выклікаў вяртаньне хваробы. Але тры гады, якія яна жыла зь цяжкім захворваньнем, з мэтастазамі – яна дала прыклад усім жанчынам як трэба змагацца за сваё жыцьцё. Яна шмат чаго перанесла – была і хіміяатэрапія, але потым яна паспрабавала лячыцца іншым мэтадам – дыетай, фізкультурна-аздараўленчыя комплексы, якія яна сама распрацоўвала... Вядома, калі яна худзенькая выходзіла і бязь сьлёз, а з бляскам у вачах расказвала як трэба за сабой глядзець – колькі б прафэсіяналаў ні казала пра гэта, але калі выходзіць жанчына, якая сама здолела перамагчы хоць бы на нейкі час хваробу – гэта самы лепшы прыклад для ўсіх жанчын.

Бушлякоў: Я хачу спытацца ў Вас як у доктара, як у прафэсіянала – ці быў шанц у Ірыны Казулінай вылечыцца і выжыць на той стадыі хваробы?

Путырскі: Вядома, шанц у яе з самага пачатку быў. Гэта пацьверджана і жыцьцём – восем гадоў усё было добра. І калі мы на прыкладзе Ірыны разважаем пра гэтую хваробу, то трэба сказаць, што тыя парады, якія дактары даюць сваім пацыентам, трэба выконваць. Калі б Ірына не захварэла на цяжкі грып, можа і не было б вяртаньня хваробы. Трэба таксама памятаць, што трэба і нэрвы ў парадку каб былі, і харчавацца трэба добра, ужываць вітаміны. Вось калі ўжо хвароба вярнулася да яе, то на жаль адбылося так, што яна стрэльнула адразу вельмі моцна, было шмат мэтастазаў. Але так, як змагалася Ірына, ведаеце – я думаў, што ў яе ўсё будзе добра, бо спачатку яна нават перамагла гэтыя мэтастазы, яны два гады сядзелі на адным узроўні і не павялічваліся. Яна пасьля хіміятэрапіі адчувала сябе нядрэнна. Але потым, калі праз два гады ёй прапанавалі зноў лячыцца хіміятэрапіяй, яна вырашыла паспрабаваць лячыцца нетрадыцыйнымі мэтадамі. І колькі давялося ўгаворваць, але яна ўсё ж прыняла сваё рашэньне. А калі прыняла – я стаў паважаць гэтае рашэньне, бо далейшыя ўгаворы пайшлі б толькі ёй на шкоду. І вось калі яна пачала лячыцца сваімі мэтадамі – а яна пры гэтым не забывалася і пра працу нашай арганізацыі, як бы ёй ні было цяжка – але вось гэтая надзея на сьветлую будучыню дапамагала ёй выжываць. Дапамагала і тое, як яна сябе паводзіла – каб так кожная жанчына! Тады ёсьць шанцы перамагчы. Ну але тут шмат якіх яшчэ супадзеньняў было, можа, трэба было ёй прыслухоўвацца да парад мэдыкаў, але ж гісторыя ня мае ўмоўнага ладу – ніхто ня ведае, як бы склалася яе жыцьцё, каб яна прайшла хіміятэрапію. Можа, яна мела рацыю, можа таму яна і пражыла гэтыя тры гады, бо прыслухоўвалася таксама і да свайго сэрца, свайго розуму.

Калі нас чуюць хворыя на рак малочнай залозы, я хачу, каб яны ведалі, што трэба змагацца за кожны дзень, за кожную гадзіну ў сваім жыцьці. Яна казала: “Гэта няправільна, калі кажуць, што жанчына павінна жыць дзеля мужа, дзеля дзяцей. Яна павінна жыць дзеля самой сябе, Бо і дзеці, і муж, – я цытую словы Ірыны, – у іх жыцьцё будзе, хоць будзе і цяжка, па першасьці”. Толькі я ведаю, што казала яна так, а жыла ня так. Жыла яна для дзяцей, жыла для мужа, жыла для простых жанчын, якіх яна можа і мала ведала, але яна ўсё рабіла, каб яны былі шчасьлівыя і здаровыя.

Нам будзе не хапаць Ірыны ў нашай працы, бо такіх жанчын, якія так адкрыта могуць казаць пра сябе і так шмат працаваць – у маім жыцьці было ня так шмат.

Бушлякоў: Калі летась Вы былі госьцем онлайн-канфэрэнцыі на “Радыё Свабода”, Вы казалі, што рак малочнай залозы застаецца на першым месцы сярод анкалягічных захворваньняў у жанчын, але казалі пры гэтым, што існуюць напрацоўкі – што маюць рабіць жанчыны, каб зьменшыць рызыку захворваньня. Калі гэта магчыма цяпер – якія асноўныя парады можна было б даць жанчынам?

Путырскі: Так, колькасьць захворваньняў на рак малочнай залозы павялічваецца, і вельмі цяжка зрабіць нешта такое, каб іх было менш і менш. Тэндэнцыя да павелічэньня існуе ва ўсім сьвеце. Але жанчыны павінны ведаць, што трэба своечасова нараджаць дзяцей, і каб было не адно дзіця, а два-тры. Ад гэтага залежыць і здароўе жанчыны наагул. Каб яна яшчэ і карміла малочнай залозай больш за паўгода – гэта таксама зьмяншае рызыку раку. Трэба таксама ўжываць добрую ежу, а не з прамінулым тэрмінам прыдатнасьці. І, вядома, кожная жанчына павінна сама глядзець раз на месяц за сваёй малочнай залозай, і калі што там знаходзіцца – толькі да мэдыкаў. Ня трэба ставіць сабе дыягназ, ня трэба займацца самалячэньнем, як гэта бывае ў нашым жыцьці. І мэдыкі ўсімі сродкамі, якія ў іх ёсьць, могуць добра дапамагчы. Калі выявіць рак на раньняй стадыі, то ў 90-95% выпадкаў яго можна вылечыць і жанчына будзе жыць да глыбокай старасьці. Хочацца, каб жанчыны прыслухаліся да гэтых парадаў і – у памяць аб Ірыне Казулінай – усё жыцьцё глядзелі за сабой і хто пачуў, каб навучылі сваіх блізкіх, родных, каб тыя таксама глядзелі за сабой
  • 16x9 Image

    Юрась Бушлякоў

    Нарадзіўся у 1973 годзе ў Менску. Беларускі мовазнаўца. Кандыдат філялягічных навук. Ад пачатку 2000-х гг. супрацоўнік Беларускае службы Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG