Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Менску ў сядзібе партыі БНФ адбылася прэзэнтацыя дакумэнтальна-мастацкага фільма “Беларускі пасьляваенны антысавецкі супраціў 1944—1959 гадоў”. Імпрэза прымеркаваная да 90-х угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі. Юбілею БНР прысьвечаная таксама сёньняшняя лекцыя Анатоля Грыцкевіча “Беларусь і яе незалежнасьць у 1918 годзе”, якая адбылася ў сядзібе Таварыства беларускай мовы.


Фільм зьняты паводле кнігі Сяргея Ярша і Сяргея Горбіка “Беларускі супраціў”. Гэта 40 хвілін хронікі і мастацкіх здымкаў, прысьвечаных паваенным падзеям на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Сябра культурніцкай камісіі партыі БНФ Франак Вячорка кажа, што фільм падрыхтаваны і зьняты студэнтамі-каліноўцамі на Беласточчыне:

“Гэты фільм высокай якасьці. Ён заслугоўвае быць падручным матэрыялам для вывучэньня гістарычнага пэрыяду 1944—1959 гадоў, які нам невядомы з прычыны бальшавіцкай цэнзуры”.

Іншыя творчыя імпрэзы ў гонар юбілею БНР таксама разьлічаныя найперш на моладзь. Да прыкладу, цяпер складаецца музычны альбом “Незалежны Я”, кажа музычны прадусар Віталь Супрановіч:

“Зьявілася такая думка — даць магчымасьць рэалізавацца маладым гуртам. А таму ў аснове гэтага музычнага праекту, які рыхтуецца да 90-х угодкаў БНР, будзе творчасьць маладых”.

Таксама ў гонар юбілею БНФ “Адраджэньне” праводзіць для пачаткоўцаў конкурс паэтычных твораў. Кажа адзін з арганізатараў Сяргей Скіргайла:

“Дасылаць пачалі вельмі даўно. Бліжэй да 25-га раздрукуем усё дасланае для сяброў камісіі, якія маюць вызначыць пераможцаў”.

Лекцыя Анатоля Грыцкевіча “Беларусь і яе незалежнасьць у 1918 годзе”, якая сёньня адбылася ў сядзібе Таварыства беларускай мовы, разьлічаная на людзей рознага веку. Гэта ж можна сказаць і пра агульнанацыянальную дыктоўку, для якой аргкамітэт цяпер шукае памяшканьні. Юбілею БНР прысьвечаны таксама шэраг мастацкіх выставаў, якія праходзяць цяпер і яшчэ будуць адкрывацца. Рыхтуюцца да выданьня юбілейныя паштоўкі, кажа сустаршыня Нацыянальнага аргкамітэту дзеля сьвяткаваньня 90-х угодкаў БНР Аляксей Марачкін:

“Сярод гэтых імпрэзаў найважнейшымі будзе форум, прысьвечаны 90-годзьдзю БНР, і мірнае вулічнае шэсьце. Усё, што заплянавана, мы спадзяемся правесьці. І спадзяемся, што гэтая вясна стане вырашальнай. Бо вызваленыя многія палітычныя вязьні, і мы спадзяемся на вызваленьне Аляксандра Казуліна. Мы поўныя аптымізму, бо на 90-годзьдзі ўсё не канчаецца. Наперадзе 100-я ўгодкі Беларускай Народнай Рэспублікі. І як бы ні хацелі ўладныя структуры, гэтую дату не закрэсьліць”.
XS
SM
MD
LG