Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перадусім я павінен сказаць, што не зьяўляюся палітычным прыхільнікам Аляксандра Казуліна. Але ягоныя паводзіны ў турме, яго мужнасьць і бескампраміснасьць, яго эўрыстычная здольнасьць да нестандартных палітычных хадоў усё больш выклікаюць у мяне сымпатыі і павагі да гэтага чалавека. Апошнімі днямі Казулін як палітык, шмат выйграў, а ягоны апанэнт Аляксандар Лукашэнка шмат страціў.


Тыя 48 гадзінаў нерашучасьці Аляксандра Лукашэнкі адносна дазволу Казуліну прыехаць на пахаваньне жонкі выклікалі выбух нянавісьці да Лукашэнкі ў многіх людзей, якія раней былі ці нэўтральныя ці ляяльныя да яго. Аказваецца, што беларусы ў пэўных сытуацыях вельмі цэняць проста чалавечнасьць. І там, дзе гэтай чалавечнасьці няма, яны могуць забыцца на прагматыку, на сваю падтрымку гэтага чалавека, калі ён робіць нешта не па-людзку. Ёсьць у беларусаў такі трапны выраз. Лукашэнка, зрабіўшы не па-людзку, у вачах многіх згубіў свой перш за ўсё маральны аўтарытэт.

Рэч у тым, што Ірына Казуліна павінна стаць сымбалем Беларусі, высокай, прыгожай, адважнай і адданай, адданай сваёй краіне, свайму мужчыне і свабодзе. Асабіста мне Ірына Казуліна і яе паводзіны вярнулі веру ў чалавека, веру ў тое, што чалавек можа быць прыгожым і павінен быць прыгожым.

Што да Казуліна як палітыка. Бясспрэчна, што зараз Аляксандар Лукашэнка патрапіў у праблемную сытуацыю. Вось зараз узяць і вярнуць Казуліна ў турму, гэта будзе псыхалягічна вельмі складана ўспрыняць грамадзтву, хаця нарматыўна гэта зразумела – ён павінен вярнуцца адбываць свой тэрмін. Я не кажу пра тое, справядлівы ён ці не.

Мне здаецца, што падчас знаходжаньня ў турме Казулін згубіў усю сваю прарасейскую скіраванасьць. Расея яго па сутнасьці кінула, а змагаецца за яго свабоду і вызваленьне Захад. Дастаткова прыгадаць высілкі і заходніх паслоў, і ўсёй заходняй дыпляматыі, і спачуваньні сям'і Казулінай ад прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша. Я думаю, што Буш ня так часта рассылае свае спачуваньні лідэрам апазыцыі ў замежных краінах.

Я думаю, што гэтае пасланьне Буша, гэтая актыўнасьць Захаду сьведчаць пра тое, што Захад пачынае больш сур'ёзна ставіцца да Казуліна, і верагодна, што побач зь Мілінкевічам паўстае яшчэ адзін фаварыт Захаду. А Расея сярод беларускай апазыцыі губляе апошнія пазыцыі.

Але павінен прайсьці яшчэ пэўны час, каб дакладна зразумець штó сьмерць гэтай вялікай жанчыны зьмяніла ў палітычным жыцьці і шырэй – у грамадзкай сьвядомасьці беларусаў. Ёсьць такі выраз "сьмерць была не дарэмнай". Мне здаецца, што сьмерць Ірыны Казулінай – з гэтых выпадкаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG