Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хварэць на цукровы дыябет становіцца даражэй


У Беларусі прыблізна 163 тысячы хворых на цукровы дыябэт. Агульная колькасьць хворых хутка расьце, пяць гадоў таму іх было на 35 тысяч меней. Скасаваньне льготаў закранула і гэтых людзей: іх пазбавілі бясплатных шпрыцоў і сьпірту.

На Гарадзеншчыне лічба хворых на “цукроўку” набліжаецца да трыццаці тысяч. Аднаразовы шпрыц каштуе ўсяго 180 рублёў, сьпірту, паводле гарадзенца Уладзіміра Іванавіча, ім выдавалі ў месяц таксама няшмат —толькі 50 грамаў. Аднак хвароба гэтая каштуе дастаткова дорага, кажа ён.
Спадар: “Рэч у тым, што чалавек, які працуе, ня маючы інваліднасьці, і больш-менш атрымлівае заробак, то яшчэ нейк можа выкруціцца, бо упакоўка інсуліну каштуе 22-24 тысячы рублёў, а такіх трэба чатыры на месяц. Я, дапусьцім, як інвалід трэцяй групы маю пэнсыю 181 тысячу. Шпрыцоў трэба на пяць ін’екцый кожны дзень, за месяц гэта 27-29 тысяч толькі на шпрыцы. Ну, а за што жыць, за што апранацца, за кватэру плаціць?”
За мяжой таксама існуе падтрымка хворых на дыябэт, кажа гэты хворы.
І, самае галоўнае, выкарыстоўваюцца сучасныя шпрыцы-дазатары. А ў Горадні яны нават у аптэках не прадаюцца. Нятанна абыходзіцца глюкомэтар, цукар у крыві трэба вымяраць як мінімум тройчы на дзень, а дактары раяць рабіць гэта нават да васьмі разоў. Для глюкомэтраў існуюць тэст-паскі: ва ўпакоўцы пяцьдзесят штук, каштуе яна каля пяцідзесяці тысяч рублёў. Раней можна было замовіць з Польшчы, там яны ўтрая таньнейшыя, але цяпер у Польшчу амаль ніхто ня езьдзіць, кажа Уладзімір Іванавіч.
А што кажуць пра адмену бясплатных шпрыцоў дактары? Хворы адказвае:
“Яны паціскаюць плячыма, кажуць: гэта чыноўнікі з міністэрства аховы здароўя вырашаюць — у каго забраць, каму аддаць. Інсуліны розныя мяняюць, але пакуль што няма такога, каб цукар якасна зьніжаўся. Ёсьць праўда, новы прэпарат, але яго не выпісваюць па бясплатных рэцэптах”.
Як вядома, 75 адсоткаў інсуліну, што выдаецца хворым, беларускай вытворчасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG