Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў Беларусі стала нараджацца болей блізьнятаў?


Летась у Беларусі нарадзілася найбольшая за апошнія 20 гадоў колькасьць блізьнятаў – 965, а таксама 20 трайнятаў і адны чацьвераняты.


Беларускія мэдыкі тлумачаць падвышэньне колькасьці блізьнятаў як генэтычнымі фактарамі, так і гэтак званым “экстракарпаральным зачацьцем”.

Нэанатоляг (лекар, які назірае на немаўлятамі) Натальля Жукава працуе ў аддзяленьні рэанімацыі для нараджэнцаў у адной зь дзіцячых клінічных установаў Менску.
Жанчынам, якія знаходзяцца на спэцыяльных гарманальных праграмах, імплянтуюць некалькі аплодненых яйцаклетак. Часам прыжываецца адна, а часам дзьве і нават тры яйцаклеткі

Паводле лекаркі, сярод яе маленькіх пацыентаў нярэдка сустракаюцца двайняты і трайняты. Найчасьцей гэта тыя, хто зьявіўся на сьвет дзякуючы прабірцы або экстракарпаральнаму зачацьцю.

Праграма экстракарпаральнага зачацьця (“Эка”), паводле Натальлі, выглядае так:

“Жанчынам, якія знаходзяцца на спэцыяльных гарманальных праграмах, імплянтуюць некалькі аплодненых яйцаклетак. Часам прыжываецца адна, а часам дзьве і нават тры яйцаклеткі. І на такіх раньніх тэрмінах цяжарнасьці мэдыкі пытаюцца ў жанчын: “Ці пакідаеце вы двойню, трайню ці, наадварот, хочаце толькі адно дзіця?” Калі бацькі хочуць толькі адно дзіця, робіцца такая спэцыяльная іньекцыя ў сэрца эмбрыёна. Аднак жанчыны найчасьцей вырашаюць пакінуць дваіх ці траіх. Сапраўды найчасьцей нараджаюцца двайняты”.

Як лекарка з дваццацігадовым стажам Натальля сьведчыць, што ў параўнаньні з звычайнымі дзецьмі блізьняты найчасьцей нараджаюцца больш слабымі і зь недастатковай вагой.

Паводле яе словаў, “аднаплодная цяжарнасьць пры нармальным разьвіцьці – больш паўнацэнная, паколькі арганізм маці цалкам працуе на адно дзіця:

“Вядома, што адно дзіця лягчэй вынасіць, чым двайнятаў ці трайнятаў. Аднак чаму не, калі існуюць пэўныя тэхналёгіі”.

Маці дзьвюх блізьнятак-дзяўчынак Тацяна большую частку цяжарнасьці праляжала ў шпіталі на захоўваньні. Дзьве папярэднія спробы з датэрміновымі родамі двайнятак былі няўдалыя. Дзеці зьяўляліся на сьвет заўчасна і паміралі ад пнэўманіі.

Ці гэта прабіркавыя дзеці, пытаюся я ў Тацяны:

“Гэта генэтыка. У нашым родзе па лініі бацькі таксама былі двайняты. Мае дочкі нарадзіліся маленькія, іх вага была меншая за кілю ў кожнай. Шмат часу правялі ў шпіталі. Аднак потым, калі трапілі дадому, пачалі добра есьці, сталі расьці. Я спадзяюся, што яны вырастуць такімі ласкавымі дзяўчаткамі, бо яны шмат гуляюць адна з адной і ў іх вельмі такія добрыя дачыненьні”.

Тацяна кажа, што кантактуе зь іншымі сем’ямі, дзе растуць блізьняты. Паводле яе словаў, у адрозьненьне ад звычайных братоў і сёстраў, паміж дзецьмі-блізьнятамі менш канфліктаў, зайздрасьці і рэўнасьці. Хаця, дадае Тацяна, у блізьнятаў існуюць іншыя праблемы. Напрыклад, праблема самаідэнтыфікацыі – як вынік таго, што іх блытаюць і прымаюць за іншага брата ці сястру
Калі браты лётаюць, настаўнікі падыходзяць і пытаюцца: “Хто ты?” А Воўка кажа: “Я – Саша”
.

40-гадовая Святлана разам з чатырма сынамі жыве на Берасьцейшчыне. Двум старэйшым па 11 гадоў – яны двайняты. Двум малодшым па 7. Малодшых нярэдка блытаюць. Аднак, паводле жанчыны, дзеці добра разьвіваюцца як фізычна, інтэлектуальна, так і псыхалягічна. Дзеці Святланы нарадзіліся дзякуючы праграме “Эка”. З гэтай прычыны жанчына адмовілася ад інтэрвію, аднак дазволіла пагутарыць з адным са старэйшых сыноў – Пецем.

Хлопец кажа, што ён і ягоныя браты – людзі самастойныя. Яны робяць у доме амаль усё:

“Мы да ўсяго самі прыстасаваліся. Старэйшыя робяць усё больш складанае, малодшыя – больш простае. Старэйшыя гатуюць, малодшыя ядуць. Нам застаецца, бо на ўсіх гатуем”.

Карэспандэнтка: “Вам весела разам жывецца?”

Пеця: “Вядома, весела. Калі браты лётаюць, настаўнікі падыходзяць і пытаюцца: “Хто ты?” А Воўка кажа: “Я – Саша”. Малодшыя падобныя паміж сабой, можна пераблытаць, а мы, старэйшыя, не падобныя. Я, вядома, іх пазнаю. Аднак настаўнікі блытаюць”.

Пеця кажа, што ўсе браты маюць аднолькавыя густы, у тым ліку кулінарныя, атрымліваюць высокія ацэнкі ў школе і аднолькава мараць трапіць на фэст блізьнятаў у ЗША. Штогод у горад Твінзбург (штат Агаё) зьяжджаюцца двайняты, трайняты, чацьвераняты і нават пяцяраняты з усяго сьвету.

XS
SM
MD
LG