Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начная аБЛОГа, 27 лютага


Агляд сеціва.


На сайце незарэгістраванага руху “Бунт” зьявілася падборка ўражаньняў наведнікаў паніхіды па Ірыне Казулінай, якая адбывалася сёньня ўначы ў Чырвоным касьцёле.

Выказваньні сабраныя з розных сайтаў і рэсурсаў беларускага сеціва. Вось адно зь іх:
“Жах... Проста жах... Не хацела ісьці на паніхіду, але не змагла не прыйсьці. Унутар касьцёлу не заходзіла, але была доўга каля яго... Шмат людзей... са сьлязамі на вачох... з горам у вачох... На Казуліна было балюча глядзець... А ад выгляду дачок увогуле хацелася самой заплакаць... Бедныя, бедныя людзі... і побач таўклася гэтая гідотная чэрнь, гэтыя хлопчыкі з камэрамі... гэтыя мужыкі ў чорным, якія стаялі і РЖАЛІ, ЯК КОНІ, у жалобным месцы!!!!!!!!!! Я адмаўляюся разумець гэтых людзей, гэтую краіну, гэта вышэй за маё разуменьне, ізноў увесь дзень плачу, НЕ РАЗУМЕЮ, НЕ МАГУ ЗРАЗУМЕЦЬ, НЕ ХАЧУ РАЗУМЕЦЬ!!! Нацыя, вартая свайго правадыра, дакладней, не нацыя, а яе адсутнасьць...”

На сайце “Хартыі’97” абмяркоўваюць новы ўказ прэзыдэнта, паводле якога прадпрыемствы, кошт якіх роўны нулю ці адмоўнай велічыні, прададуць за адну базавую велічыню (35 тысячаў альбо 11 эўра).

Камэнтары: “Цяпер ляхтарат будзе ўвесь у роздумах – што б прыкупіць з палучкі: пляшку чарніла ці сьвечкавы заводзік...”

“А гуртавыя зьніжкі? Магу прадаць на “Экспабеле”.

“Калі пакупніка знойдуць... Баюся, што й дарам ніхто ня возьме такое дабро, даведзенае “да ручкі”... У нашай дзяржаве нявыгадна займацца стратнымі прадпрыемствамі. Нават калі і атрымаецца ў нейкага гаспадарніка зрабіць завод рэнтабэльным і квітнеючым, дзяржава адразу ж увядзе “залатую акцыю”, сфабрыкуе справу на ўладальніка і папросту нацыяналізуе прадпрыемства ў скарб Радзімы. Сцэнар вядомы і абкатаны. Сёньня пішацца адзін указік, заўтра іншы... І, здаецца, як па законе, а па сутнасьці ў краіне пануе беззаконьне”.

На форумах парталу TUT.by абмяркоўваюць артыкул інтэрнэт-выданьня “Салідарнасць” “Масквічы хацелі пераназваць вуліцу Каліноўскага ў Менску”.

У артыкуле вядзецца гаворка пра тое, што храм Усіх Сьвятых, будаўніцтва якога пачалося ў 2006 годзе, хутчэй за ўсё прапішуць па новым юрыдычным адрасе. Фармальна ён будзе знаходзіцца не на вуліцы Каліноўскага, а на вуліцы Ўсясьвяцкай. Так назавуць безназоўны праезд, што ляжыць цяпер паміж будаўнічай пляцоўкай храму і станцыямі тэхабслугоўваньня. Паводле “Салідарнасці”, маскоўскія фундатары, якія ўклалі грошы ў будаўніцтва, не хацелі, каб храм стаяў на вуліцы, названай імем кіраўніка антырасейскага паўстаньня. А таму былі ідэі наконт таго, каб даць вуліцы Каліноўскага новую назву. Камэнтары ўдзельнікаў форумаў:

“Калі б усё адбывалася не ў Савецкай Беларусі, я б сказаў – плётка. А так – выглядае на праўду...”

“Дарэчы, някепска было б нейкую вуліцу назваць вуліцай Ігната Грынявіцкага дзе-небудзь у Чырвоным бары...”

“Яны хоць памятаюць, хто такі быў Каліноўскі, а палова беларусаў, напэўна, і ня чула...”


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG