Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэмія Zeit – “Газэце Слонімскай” і “Ежедневнику”


Два недзяржаўныя беларускія выданьні — рэгіянальная штотыднёвая “Газета Слонімская” і электронная газэта “Ежедневник” — атрымаюць сёлета ўзнагароду “Свабодная прэса Ўсходняй Эўропы”, вядомую таксама як прэмія Zeit.


Штогод яе ўручаюць прадстаўнікам незалежнай прэсы фонд Эбэлін і Герда Буцэрыюса (фонд Zeit) і фонд “Свабоднае слова”. Пра гэта паведамляецца ў лісьце на імя старшыні БАЖ Жаны Літвіной ад кіраўніка праграмы фонду Zeit Фраўке Хаман.

Цырымонія ўзнагароджаньня адбудзецца 19 траўня. У мінулыя гады прэмію Zeit атрымлівалі беларускія выданьні “Пагоня”, “Белорусский рынок”, “Наша ніва”, “Витебский курьер” і інфармацыйная кампанія БелаПАН.

Прэмія ў гонар заснавальніка фонду і былога рэдактара нямецкай газэты Zeit Герда Буцэрыюса прысуджаецца фондам з 1999 году. Прэміяй уганароўваюць усходнеэўрапейскія друкаваныя сродкі масавай інфармацыі і асобных журналістаў, якія вызначаюцца прафэсіяналізмам і грамадзянскай мужнасьцю.

Сёлета, акрамя беларускіх СМІ, прэмію атрымалі маскоўская газэта «The New Times», заходне-сібірскае выданне “Мой город без цензуры”, расейскія журналісткі Вікторыя Іўлева і Алена Ларыёнава і супрацоўнік азэрбайджанскай газэты “Зеркало” Раўф Мікадыраў.

XS
SM
MD
LG