Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пачнецца дыялёг паміж Менскам і Вашынгтонам?


Дзярждэпартамэнт ЗША выступіў з заявай, у якой выказваюцца спадзяваньні на датэрміновае і канчатковае вызваленьне Аляксандра Казуліна. Як заявіў прэсавы сакратар амэрыканскага дзярждэпартамэнту Том Кейсі, “вельмі важна, каб вызваленьне Казуліна было канчатковым”. Калі ж палітвязьня вызваляць датэрмінова, то “ЗША будуць гатовыя пачаць дыялёг зь Беларусьсю адносна далейшых крокаў дзеля паляпшэньня двухбаковага супрацоўніцтва”. Ці пачнецца дыялёг паміж Вашынгтонам і Менскам?


Кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандар Лукашэнка падчас прызначэньня прадстаўнікоў Беларусі за мяжой учора заявіў: “Калі мы ідзем на нейкія кампрамісы з нашымі суседзямі, з амэрыканцамі, з Эўразьвязам па пэўных напрамках, гэта не азначае, што мы мяняем палітыку, яна ў нас вызначаная. У нас няма той сілы, перад якой мы можам сёньня дрыжаць, прыніжацца і прагінацца”.

Менскі палітоляг Андрэй Фёдараў выказвае свае меркаваньні:

“У дадзеным выпадку я не магу сказаць, што з боку ЗША назіраецца ціск. Хутчэй гэта прапанова нейкага кампрамісу. Пытаньне толькі ў адным – ці пойдуць беларускія ўлады на гэты крок? Пакуль што ў мяне ёсьць сумненьні, бо існуе вядомае асабістае стаўленьне спадара Лукашэнкі да спадара Казуліна. Але калі ўлады пойдуць насустрач пажаданьням ЗША, дык тады, я мяркую, можа пачацца нейкі дыялёг і нейкае паляпшэньне дачыненьняў”.

Намесьнік старшыні міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Анатоль Красуцкі так камэнтуе сытуацыю для Радыё Свабода:

“Я думаю, што заява Дзярждэпартамэнту ЗША будзе прынятая для разгляду кіраўніцтвам нашай краіны. Наколькі яе прымуць да ўвагі? Тут трэба ўлічваць усе канкрэтныя абставіны, зьвязаныя з гэтым пытаньнем.

У сьвеце было шмат прэцэдэнтаў, якія нечым нагадваюць сытуацыю з Аляксандрам Казуліным. І калі гэта будзе адпавядаць нацыянальным інтарэсам Беларусі, дык цалкам магчыма прыняцьцё нейкага канструктыўнага рашэньня”.

Сябра гэтай жа міжнароднай камісіі Сяргей Гайдукевіч даў інтэрвію “Свабодзе”, але папярэдзіў, што ён выказвае сваё меркаваньне выключна як партыйны лідэр:

“Думаю, што такую заяву перадусім павінен зрабіць Эўразьвяз. Нас больш цікавіць Эўропа. ЗША знаходзяцца ад нас за 10 тысячаў кілямэтраў, таваразварот зь імі ў нас займае толькі 0,2% ад агульнага.

Эканомікі агульнай ніякай, інтэграцыі ніякай, рахункі нашыя яны зачынілі.

Паўтаруся – патрэбная заява Эўразьвязу, зь якім мы вядзем пакрокавую стратэгію і дыялёг. Дыялёгу са Злучанымі Штатамі няма. А з Эўропай жа ёсьць!”

Палітоляг, старшыня Шуманаўскага таварыства ў Беларусі Ігар Лялькоў лічыць: прагназаваць дзеяньні Аляксандра Лукашэнкі — гэта як варажыць на гушчы ад кавы:

Мая думка такая: тое, што ўчора казаў спадар Лукашэнка, — гэта нагадвае падтрыманьне іміджу моцнага. І ня больш за тое. Гэта больш рыторыка, чым практыка.

Тое, што ён ужо вымушаны быў пайсьці на саступкі ў пытаньні вызваленьня палітзьняволеных, сьведчыць — ён не адчувае сябе так упэўнена, як нейкі час таму.

Таму я абсалютна не выключаю, што заява Дзярждэпартамэнту ЗША і тое, што можа пасьля яе адбыцца, — гэта бліжэй да рэальнасьці, чым тое, што казаў Лукашэнка”.

XS
SM
MD
LG