Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледзтва ў крымінальнай справе супраць актывіста незарэгістраванай арганізацыі ”Ініцыятыва” Андрэя Кіма скончылася. Хлопца затрымалі 21 студзеня пры разгоне дэманстрацыі пратэсту прадпрымальнікаў. Яго абвінавачваюць у пагрозе супрацоўніку ДАІ. Пасьля таго, як Андрэй азнаёміцца з матэрыяламі справы, яе перададуць у суд.


Сьледчы пракуратуры Цэнтральнага раёну Менску Зьміцер Лугін, які вядзе сьледзтва, паведаміў, што Андрэй пачне знаёміцца з матэрыяламі справы ў панядзелак, 3 сакавіка.

“Насамрэч, справа ўжо ў суд пойдзе. Можа, нават у панядзелак пасьля азнаямленьня. Папярэдняе расьсьледаваньне завяршылася. Азнаямленьне? Як ён пажадае. Можа за дзень азнаёміцца, можа — за два... Як захоча. Паводле маіх матэрыялаў, ён знаходзіцца ў сьледчым ізалятары”.

Папярэдняе расьсьледаваньне завяршылася. Азнаямленьне? Як ён пажадае. Можа за дзень азнаёміцца, можа — за два...
Нагадаем: Андрэя Кіма затрымалі 21 студзеня пры разгоне акцыі пратэсту прадпрымальнікаў. Спачатку яго арыштавалі на 10 сутак за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, а пасьля адбыцьця арышту адвезьлі ў сьледчы ізалятар. Гэтым разам Андрэя ўжо абвінавацілі ў пагрозе міліцыянту, супрацоўніку ДАІ, які яго затрымліваў.

Пракуратура адмовілася зьмяніць хлопцу меру стрыманьня. Учора, 26 лютага, Андрэю Кіму споўнілася 22 гады. Ягоная маці і сябры грамадзкага камітэту ў абарону Андрэя Кіма падалі хадайніцтва, каб хлопца адпусьцілі пад заклад.

Маці Андрэя адмовілі ў спатканьні з сынам, спаслаўшыся на таямніцу сьледзтва, але ў дзень народзінаў дазволілі перадачу.Гаворыць Тацяна Кім:

“Учора яму невялічкую перадачу перадала на дзень народзінаў. Перадала яблыкі, апэльсіны, торт вафэльны”.

Паводле крымінальна-працэсуальнага кодэксу, адразу пасьля таго, як Андрэй азнаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы, яе перададуць у суд.

Такім чынам, суд можа пачацца ў сакавіку. Андрэю Кіму пагражае зьняволеньне да шасьці гадоў.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG