Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Зь якімі годнасьцю, мужнасьцю, вытрымкай сустрэлі Казуліны жорсткія ўдары лёсу...”


Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 27 лютага 2008 году


Тэма палітвязьняў — адна з галоўных у нашай пошце апошніх тыдняў. Пад ціскам міжнароднай супольнасьці і дэмакратычнай апазыцыі ўлада паступова вызваляе з турмы апазыцыйных палітыкаў і грамадзкіх актывістаў. Некалькі дзён таму ўсьлед за Зьмітром Дашкевічам, Артурам Фінькевічам, Мікалаем Аўтуховічам і Андрэем Клімавым на волю выйшаў журналіст Аляксандар Зьдзьвіжкоў. Апазыцыйны лідэр Аляксандар Казулін у гэтыя дні таксама на свабодзе, але яго выпусьцілі толькі часова — на пахаваньне жонкі Ірыны.

Слухачы “Свабоды” працягваюць абмяркоўваць гэтыя падзеі ў сваіх лістах. Вось што піша нам Тацяна Цімашэвіч зь Менску:

Абуральна, што гэтулькі часу давялося ціснуць на ўладу, каб яна зрабіла тое, што павінна была зрабіць безь ніякіх напамінаў і просьбаў — вызваліць Казуліна, даць яму разьвітацца з жонкай, якая так яго кахала.

Якія неверагодныя выпрабаваньні выпалі на долю гэтай сям’і! І зь якімі годнасьцю, мужнасьцю, вытрымкай сустрэлі гэтыя людзі жорсткія ўдары лёсу!

Якая несправядлівасьць — тое, што праз тры дні Казуліну зноў давядзецца вяртацца ў турэмную камэру! Думаю, калі б усе беларусы ведалі пра тое, што адбываецца вакол сям’і Казуліных, людзкому абурэньню не было б мяжы. Але ў тым і справа, што ўсе беларускія дзяржаўныя мэдыі нібы вады ў рот набралі. Сорамна ім за сваіх гаспадароў
”.

Імя Аляксандра Казуліна, як і іншых дэмакратычных лідэраў, у дзяржаўных мэдыях пад забаронай, спадарыня Цімашэвіч. Іх калі і згадваюць, дык толькі ў прапагандысцкіх аднабаковых артыкулах, у якіх усё, што робіць улада, падаецца са знакам “плюс”, а ўсё, чым займаецца апазыцыя, — са знакам “мінус”. Наяўнасьць ці адсутнасьць сораму і сумленьня ў супрацоўнікаў дзяржаўных газэт і тэлебачаньня ў гэтай справе, відавочна, значэньня ня маюць.

Што да будучыні Аляксандра Казуліна, то наўрад ці рэжым адважыцца зноў надоўга зачыніць яго ў турму. Вызваленьне ўсіх без выключэньня палітвязьняў — адна з галоўных умоў Захаду дзеля пачатку дыялёгу з афіцыйным Менскам. Беларускае кіраўніцтва распачало гэты працэс, і няма ніякай лёгікі ў тым, каб спыняць яго тады, калі на свабодзе ўжо амаль усе палітвязьні — за выключэньнем Аляксандра Казуліна і Андрэя Кіма.

Наша слухачка Разалія Рубінчык зь Менску непрыемна ўражана тым, што ў газэтных шапіках стала немагчыма набыць газэту “Культура”.

Абышла некалькі шапікаў, адказ паўсюль адзін: “Гэтая газэта больш не паступае!” Пытаюся: “Чаму?” Адказваюць: “Няма попыту!” Мне цяжка ў гэта паверыць. Думаю, што гэта — проста палітыка ўлады, а калі дакладней — чыноўнікаў, якія самі вызначаюць, якія газэты людзям чытаць, а якія — не.

Затое разнастайнай макулатуры ў шапіках — хоць адбаўляй. Я не спрачаюся: глянцавыя часопісы, дэтэктывы, любоўныя раманы і падобнага кшталту прадукцыя таксама мае права на жыцьцё. Але чаму выданьне, якое сур’ёзна асьвятляе падзеі культурнага жыцьця Беларусі, апынулася ў няміласьці — незразумела. І вельмі шкада...


Газэта “Культура” — дзяржаўная, фінансуецца зь бюджэту. Ніякіх палітычных прычынаў дзеля таго, каб выганяць яе з сыстэмы распаўсюду, відавочна, няма. Проста чыноўнікі гэткім чынам вырашылі зэканоміць: у шапіках газэты ня будзе, а выпісаць яе можна.

Іншая справа — недзяржаўныя грамадзка-палітычныя выданьні: “Народная Воля”, “Наша Ніва”, “Белорусская деловая газета”. Іх пазбавілі магчымасьці распаўсюджвацца і праз шапікі, і праз падпіску. Хоць фармальнае абгрунтаваньне гучала гэтак жа: яны нібыта “не карысталіся попытам”...

А вось у вёсцы Дуброва Сьветлагорскага раёну людзі маюць уласную незалежную газэту, нягледзячы на тое, што ўлада не давала дазволу ні на яе выданьне, ні на распаўсюд. Наш слухач Мікалай Бусел, знайшоўшы ў сваёй паштовай скрынцы новы выпуск народнага баявога лістка “Дуброўскі настрой”, даслаў яго на “Свабоду”. Ёсьць у газэце такая заметка пра настроі ў асяродзьдзі пэнсіянэраў (цытую):

Пэнсіянэры гатовыя цалаваць Лукашэнку за падвышку пэнсіі”,— так казала адна састарэлая дуброўка. Пэнсіянэрка гэтая ня бачыць добрай стравы, і хата яе даўно — парахня, паточаная шашалем. І прыбіральні ў яе мо няма ніякай. Словам, за свае мінімальныя патрэбы яна ня плаціць. Грошы зь яе (ды ці зь яе адной) выманяць алкашы (і не алкашы) сваякі.

А тым часам папулярны ў дуброўцаў ласунак — вафельная палоска, што ўчора каштавала 250 рублёў, сёньня стала каштаваць 370 (падскочыла на 50 працэнтаў). І так — усё.

А вашым дзецям давядзецца чакаць у гарадах уласнай кватэры ўсё жыцьцё, плаціць за адукацыю (кошт якой, між іншым, падрос разам з падвышэньнем абшчыпанай пэнсіі)
”.

Тут варта заўважыць, што сярод пэнсіянэраў апошнім часам можна пачуць і зусім іншыя ацэнкі палітыкі ўлады. Асабліва гэта датычыць пэнсіянэраў гарадзкіх, якія больш хваравіта, чым вяскоўцы, перажылі адмену сацыяльных ільготаў. Дый няспынны рост цэнаў на харчаваньне найбольш балюча закранае якраз гарадзкіх старых.

Наш слухач з Барысава Мікалай Бялькевіч напісаў на “Свабоду”, пачуўшы ў адной зь нядаўніх перадач скаргу на тое, што цяжка набыць якасны прымач з кароткахвалевым дыяпазонам. Мікалай Іванавіч прыдумаў уласны арыгінальны спосаб рашэньня гэтай праблемы. У сваім лісьце на “Свабоду” ён піша:

Тры месяцы таму, сутыкнуўшыся з гэткай жа праблемай, я зрабіў так: у мясцовай газэце, выкарыстаўшы бясплатны купон, даў аб’яву, што хачу набыць такі прымач. Многія мне прапанавалі гэтыя непатрэбныя для іх старыя рэчы. У выніку я набыў за 20 тысяч рублёў прымач “Акіян-209” і за 5 тысяч — “ВЭФ-202” у выдатным стане. Як бачыце, танна...

Цяпер што датычыць прыёму. Зімой якасьць заўсёды горшая, чым летам. Бываюць дні, калі слухаць вельмі цяжка. Гэта залежыць ад стану атмасфэры і Сонца. Можа значна дапамагчы якасная антэна. Я заўважыў, што ўласнай антэны прымача, як правіла, недастаткова для якаснага гучаньня. Трэба дротам даўжынёй 15—20 мэтраў падоўжыць антэну, расьцягнуўшы яе па даху, столі, бальконе. У Барысаве я з такой антэнай ня маю амаль ніякіх праблемаў у любы час. Але трэба ведаць, што, хоць і рэдка, але бывае поўная “радыёцішыня” на ўсіх станцыях і дыяпазонах. І тут ужо нічога ня зробіш
”.

Дзякуй вам, Мікалай Іванавіч, за цікавую падказку. Спадзяёмся, многія нашы слухачы, якія сутыкнуліся з такімі ж цяжкасьцямі, выкарыстаюць ваш спосаб і здолеюць зноў слухаць Радыё Свабода.

Пра цікавыя падзеі і зьявы з жыцьця навакольных вёсак працягвае паведамляць у лістах на “Свабоду” наш сябар Кастусь Сырэль з Вушачаў. Гэтым разам ягоны ліст — на тэму зімовай рыбалкі. Слухач піша:

Гэтай зімой на Чарсьцвяцкім возеры — адным з найбольшых сярод двухсот пяцідзесяці азёр Вушацкага раёну, нядрэнна браўся шчупак на жэрліцы. Найбольшая злоўленая рыбіна была вагой каля 14 кіляграмаў.

Але, на мой погляд, ня гэты шчупак стаў рэкардсмэнам.

...Жыве ў вёсцы Рог, што на беразе Чарсьцвяцкага возера, бабуля Надзя. Веку яна сталага, ходзіць з кійком. Але гэта не перашкаджае бабулі быць заядлым рыбаловам-аматарам. Яна ловіць шчупакоў на жэрліцы. Праўда, жэрліцы звычайна ставіць яе дачка Люба, а бабуля Надзя ходзіць іх правяраць — мяняе жыўцоў, папраўляе, калі што ня так. Гэтай зімой бабуля Надзя выцягнула шчупака на дзесяць кіляграмаў. Выцягнуць выцягнула, а падняць, каб несьці, ня здолела. Так і пацягнула яго па лёдзе дамоў. Ці многа жанчын-беларусак могуць пахваліцца такімі посьпехамі?

Трэба дадаць, што дзьве гэтыя жанчыны — не адзіныя рыбаловы-аматары сярод “слабога” полу ў навакольлі Чарсьцвяцкага возера і ў раёне наогул. І яшчэ: вёска Рог, што на Чарсьцвяцкім возеры — не адзіная вёска з такой назвай на Вушаччыне
”.

Сапраўды, бабулі-рыбаловы — ня надта звыклая зьява для беларускай вёскі. Раней гэта лічылася выключна мужчынскім заняткам. Праўда, і вёскі раней выглядалі па-іншаму. Было каму і на зямлі працаваць, і рыбу вудзіць. А бабулі маглі сядзець на прызьбе ці прасьці кудзелю.

А цяпер тым бабулям паспрабуй пражыві на сваю маленькую калгасную пэнсію, калі дзеці ды ўнукі паўцякалі ў горад, а дзядулі даўно спачываюць на вясковых могілках.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG