Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: эфэктыўнасьць прадпрыемстваў правераць ідэолягі


Магілёўскі гарвыканкам зьбіраецца ўлічваць у ацэнцы пасьпяховасьці прадпрыемстваў ня толькі эканамічныя паказьнікі, але й стан ідэалягічнай работы ў працоўных калектывах.


З такой ініцыятывай выступілі ідэолягі на адмысловай нарадзе гарвыканкаму, прысьвечанай эфэктыўнасьці праверак на прадпрыемствах. Чакаецца, што да канца сакавіка ідэолягі пададуць на разгляд гарвыканкаму ўжо сфармуляваныя крытэры такіх ацэнак.

Якімі будуць гэтыя крытэры? На гэтае пытаньне ў ідэолягаў гарвыканкаму пакуль няма канкрэтнага адказу. Яны аднак упэўненыя, што іх ініцыятыва гэта клопат пра людзей, таму найперш будуць улічвацца:

“Гэта й мікраклімат, які ў калектыве, адсутнасьць нейкіх хваляваньняў на прадпрыемстве. Колькасьць скаргай і зваротаў. На колькі з імі канструктыўна й па дзелавому працуюць сёньня на прадпрыемстве, перадусім кіраўніцтва. На колькі кіраўнікі адчуваюць за сабой адказнасьць за пастаноўку ідэалягічнай работы ў арганізацыі. А адсюль выцякае ўсё”, -- зазначае начальніца аддзелу ідэалягічнай работы гарвыканкаму Ала Галушка.

Пытаньне, ці павысіць ідэалягічнае спаборніцтва эканамічную эфэктыўнасьць прадпрыемстваў, засталося без адказу.

Паводле Алы Галушкі, да распрацоўкі крытэраў ацэнкі стану ідэалягічнай работы ў калектывах будуць далучаныя ідэолягі з саміх прадпрыемстваў.

Пры канцы мінулага году да паслугаў завадзкіх ідэолягаў у гарадзкой бібліятэцы імя Карла Маркса адкрылі інфармацыйна-ідэалягічны цэнтар. Пра ягоныя функцыі распавяла “Свабодзе” адна з супрацоўніц:

“Мы як ідэалягічны цэнтар дапамагаем і насельніцтву, але ў асноўным усё ж гэта ідэалягічны актыў. Людзі, якія на прадпрыемствах займаюцца на прадпрыемствах ідэалягічнай працай не заўжды могуць знайсьці патрэбную інфармацыю. Мы ім падбіраем літаратуру, каб яны ўжо на прадпрыемствах даводзілі яе свайму калектыву”.

На стварэньне цэнтру з гарадзкога бюджэту было выдзелена васемнаццаць мільёнаў рублёў.

Ці патрэбны прадпрыемствам яшчэ й ідэалягічны кантроль. Вось меркаваньне магілёўскага палітыка, кіраўніка рэгіянальнай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзімера Шанцава:

“На прадпрыемства павінна працаваць тэхналягічная дысцыпліна, там павінна быць працоўная дысцыпліна, павінен быць эканамічны разьлік. А ідэалёгія на прадпрыемстве гэта безумоўна інструмэнт утрыманьня працоўнага калектыву ў страху. Каб яны ведалі сваё месца й ня ўлазілі ў дзяржаўныя справы”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG