Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гербарыі Элізы Ажэшкі <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Камяніца былой езуіцкай аптэкі ў Горадні існуе амаль трыста гадоў. Дваццаць гадоў назад урад абвясьціў будынак помнікам гісторыі і архітэктуры рэспубліканскага значэньня.


Аптэчны посуд, абсталяваньне, паштоўкі, гербарыі, усяго да агляду чатырыста экспанатаў, самыя старыя датуюцца ХVІІІ стагодзьдзем. Знойдзеныя ў старых дамах бутэлечкі для лекаў ці для іх прыгатаваньня часам прыносяць жыхары гораду.

Карэспандэнт: “Гарадзенская камяніца аптэкі-музэю двухпавярховая. Яна стаіць на плошчы Савецкай: чынная аптэка і музэйны пакой… І першая прыемная нечаканасьць, што мы ўбачылі Вікторыю Ткачову, якая раней працавала ў музэі ў замку”.

Ткачова: “Чаму ж нечаканасьць?”

Карэспандэнт: “Проста раней тут працаваў Хведар Ігнатовіч, які займаўся гісторыяй мэдыцыны. Мы ведаем, што тут была абноўлена экспазыцыя”.

Ткачова: “Дакладней, усё іншае цяпер. Вось фрагмэнт расьліннай, зёлкавай лябараторыі колішняга фармацэўта. А ззаду пакою будзе зроблены неўзабаве фрагмэнт гандлёвай аптэчнай залі, як яна выглядала калісьці. Езуіты адкрылі сваю аптэку ў 1687 годзе”.

Карэспандэнт: “Менавіта гэтую камяніцу адразу пабудавалі для аптэкі?”

Ткачова: “Не, яна адкрылася ў іншым будынку, а пазьней, у 1709 годзе, пабудавалі менавіта гэты будынак — спэцыяльна для аптэкі. І яму будзе ў наступным годзе трыста гадоў”.

Карэспандэнт: “Я бачу, што наведнікі заходзяць і ў аптэку, і да вас”.

Ткачова: “Наведвальнікаў шмат. Тут добрае месца: на плошчы, каля Катэдральнага касьцёлу”.

Карэспандэнт: “Пані, першы раз у гэтым гарадзенскім музэі? Напэўна, у Польшчы падобныя музэі таксама існуюць?”

Маладая спадарыня (па-польску): “Так, канешне, такія музэі ў Польшчы існуюць. Найбліжэйшы — у Беластоку ў мэдычнай акадэміі існуе, гэта музэй гісторыі фармацыі і мэдыцыны”.

Карэспандэнт: “У палацы Браніцкіх? Я ведаю гэтае месца”.

Маладая спадарыня: “Так-так”.

Карэспандэнт: “Скажыце, што найбольш цікавае, што прыцягнула ўвагу ў экспазыцыі?”

Дзяўчына: “Маю ўвагу прыцягнулі экспанаты — упакоўка старых лекаў, бутэлечкі, на іх напісана на розных мовах. Асабліва кінулася у вочы, наколькі ў Эўропе трывалыя традыцыі вырабу лекаў. Вось тут парашок зубны “Лякалют”, а мы сёньня чысьцім зубы таксама “Лякалютам”, але пастай. Далей нямецкі асьпірын “Баер”, якім я таксама лячуся, існаваў, аказваецца, яшчэ невядома калі… Карацей, лекі, якія былі сто гадоў таму, яны й сёньня застаюцца на рынку”.

Карэспандэнт: “А тут мы бачым куток — лябараторыя фармацэўта: на сьценах разьвешаныя зёлкі ў пучках, стаіць посуд медзяны, ступа драўляная, шалі на стале стаяць і побач ляжыць разгорнуты фаліянт.

І вось яшчэ адзін цікавы момант: я бачу гербарыі самой Элізы Ажэшкі. Вядома, што гэтая гарадзенская пісьменьніца, якая памерла ў 1910 годзе, зьбірала ўласнаручна гербарыі, прычым у Белавескай пушчы.

Гэтыя гербарыі знаходзіліся ў гарадзенскім музэі, а ў час вайны — у 1944 годзе яны ледзь не былі страчаны, іх уратаваў жыхар Горадні, доўга іх захоўваў, а пазьней перадаў у музэй. І сёньня ў аптэцы-музэі наведнікі могуць убачыць на сьцяне пяць гербарыяў, зробленых рукамі Элізы Ажэшкі”.
XS
SM
MD
LG