Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наколькі адэкватна паводзілі сябе ўлады, тры дні не выпускаючы Аляксандра Казуліна з калёніі для разьвітаньня з жонкай?


Ці не было б Аляксандру Лукашэнку палітычна выгадна менавіта зараз, у гэтыя дні, канчаткова вызваліць Казуліна?

Гэтыя ды іншыя тэмы ў перадачы “Экспэртыза Свабоды” абмяркоўваюць палітоляг Юры Чавусаў і аглядальнік газэты “Белорусы и рынок” Паўлюк Быкоўскі.

Цыганкоў: “Аляксандар Казулін быў выпушчаны на пахаваньне сваёй жонкі толькі праз тры дні пасьля яе сьмерці. Усе гэтыя дні палітыкі і грамадзтва патрабавалі выпусьціць Казуліна, каб ён мог разьвітацца з Ірынай Казулінай. Няўжо ўлада ня разумела тыя нэгатыўныя наступствы, якія выклікае ўся гэтая гісторыя?”

“Улады паказваюць, што гандлююцца за кожнага”

Быкоўскі
: “Хваля вызваленьня палітзьняволеных адбываецца не аднахвілінна, і здаецца, улады гэтым паказваюць, што яны гандлююцца за кожнага. Бо калі б пайсьці на вызваленьне, то можна было б гэта зрабіць у адзін момант і зьняць пытаньне.

Таму можна казаць, што тут прысутнічае нейкі мэдыя-эфэкт, і ён выкліканы вонкавымі абставінамі. І першае, што прыходзіць у галаву – гэта выбары 2 сакавіка ў Расеі.

Патрабаваньні Эўразьвязу аб вызваленьні палітзьняволеных тычацца і Аляксандра Казуліна. Але на гэты момант атрымалася нейкая дэвальвацыя гэтага патрабаваньня, бо да апошняга моманту ўсе пераймаліся пытаньнем, ці адпусьцяць яго разьвітацца з жонкай. Тое, што да апошняга моманту гэта было не вядома – паказвае, як высока і як складана вырашалася гэтае пытаньне.

Тое, што яго выпусьцілі – гэта пэўная перамога і сям’і Казуліных, і дэмакратычных сілаў. Гэта было змаганьне воляў, і гэтая воля перамагла. Але гэта пакуль палавіністае рашэньне, і таму цана вызваленьня Казуліна будзе зноў прапанаваная ў гандлі зьняволенымі”.

Цыганкоў: “Сапраўды, гэта не здымае галоўнага пытаньня – ці будзе Казулін вызвалены ўвогуле? Як гэтыя тры дні паўплывалі на пэрспэктыву канчатковага вызваленьня Казуліна з калёніі?”

“Улады будуць да апошняга імкнуцца не аддаваць гэтую казырную карту”

Чавусаў
: “Калі браць гэтую кароткатэрміновую стрэсавую сытуацыю з вызваленьнем Казуліна на разьвітаньне з жонкай, то тут, відавочна, рашэньне прымалася найвышэйшай службовай асобай. Давесьці да Лукашэнкі, што цяпер палітычна выгадна выпусьціць ягонага асабістага палітычнага ворага (які, дарэчы, ужо з калёніі абвясьціў, што менавіта кіраўнік дзяржавы вінаваты ў сьмерці ягонай жонкі) – гэта патрабавала часу. І на мой погляд, тут не было сьвядомага зацягваньня, бо гэта было ня выгадна ўладзе.

Мы бачылі, як за гэтыя некалькі дзён сямейная трагедыя палітвязьня пераўтварылася ў буйную палітычную падзею. Мы раней казалі пра тое, што Казулін – гэта апошні козыр у руках улады, таму ён будзе выкарыстоўвацца яшчэ раз. Вось зараз вызвалілі на тры дні, каб паказаць, што гэта “ў прынцыпе” магчыма, а далей – канчатковае вызваленьне пакуль ня вырашанае. Улады будуць да апошняга імкнуцца не аддаваць гэтую казырную карту”.

Цыганкоў: “Але ці не было б уладам выгадна менавіта цяпер выпусьціць Казуліна канчаткова, праявіўшы сваю “мудрасьць і міласэрнасьць”, як яны гэта маглі б прадставіць? Далей сытуацыя з націскам Захаду можа толькі пагаршацца, і калі Казулін вернецца ў калёнію, ужо ня будзе такой спрыяльнай магчымасьці?”

Чавусаў: “Безумоўна, для ўлады зараз будзе нявыгадна, калі Казулін пасьля трох дзён зноў вернецца за краты. Тут яшчэ такі аспэкт, што пытаньне палітзьняволеных ня проста галоўнае і першае ў патрабаваньнях Эўразьвязу, але адзінае, якое нельга забалбатаць. Бо заўжды відаць, сядзіць чалавек за кратамі ці не. А праблему паляпшэньня заканадаўства ці іншае – тут заўжды можна “весьці перамовы”, “весьці дыялёг” – інсцэніраваць выкананьне.

Таму для ўладаў было б выгадна, каб палітычнае ўзрушэньне, зьвязанае з пахаваньнем, скончылася б вызваленьнем самага знакамітага вязьня”.

“Рэжыму выгадна, Лукашэнку – не”

Цыганкоў: “Але разам з тым мы ведаем і тыя перашкоды, якія стаяць на шлях да вызваленьня Казуліна. Гэта і асабістае нэгатыўнае стаўленьне Лукашэнкі да Казуліна, і нежаданьне кіраўніка дзяржавы рабіць нешта пад ціскам абставінаў і зьнешніх сілаў. З гэтага пункту гледжаньня – наколькі верагоднае вызваленьне Казуліна цягам гэтых трох дзён?”

Быкоўскі: “Я б не пагадзіўся, што кіроўнаму рэжыму адназначна выгадна выпускаць Казуліна. Бо тыя аргумэнты, якія былі названыя, яны сапраўды прысутнічаюць, і гэта дзеяньне зьняло б шмат пытаньняў. Але разам з тым – узьніклі б новыя праблемы. Бо зьявіўся б новы гулец, і хаця ў беларускай палітычнай сыстэме Казулін доўга б набіраў вагу (і невядома, ці набраў бы), каб стаць рэальным канкурэнтам – але ўсплёск, зьвязаны з ягоным вяртаньнем, меў бы для ўлады нэгатыўныя наступствы.

Таму важна зразумець, што было прычынай вызваленьня палітзьняволеных. Ці гэта быў толькі ўціск Захаду, ці таксама нейкая гульня Расеі. Складаецца ўражаньне, што Расея паспрыяла, каб просьба Захаду аб вызваленьні палітзьняволеных была пачутая ў Менску. Падобна, што гэта нейкая гульня Расеі з Захадам, якая аказалася на карысьць тым палітычным вязьням, што былі выпушчаныя апошнім часам. Але не на ўсіх можа хапіць часу ў гэтай гульні.

Калі браць на веру вэрсію аб удзеле Масквы, то сытуацыя вельмі істотна памяняецца пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2 сакавіка. Калі да гэтага часу ня будзе прынята рашэньне аб вызваленьні Казуліна, то дадатковай “просьбы” з боку Крамля ня будзе, і ня выключана, што Казулін можа заставацца за кратамі і далей”.

Чавусаў: “Калі падсумаваць нашу дыскусію на тэму, выгадна ўладам ці не адпусьціць Казуліна, то для рэжыму выгадна, каб Казулін быў вызвалены, бо гэта здымае пытаньне зьнешняга ціску. А асабіста для Аляксандра Лукашэнкі гэта вельмі нявыгадна, бо будзе сьведчаньнем паразы. Мы бачым, як хваравіта ён ставіцца да непазьбежнай неабходнасьці выконваць патрабаваньні зьнешніх суб’ектаў. Гэта будзе для яго асабістай паразай”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG