Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паэт-рыбак, які застрэліўся на беразе Нёмана


У Мастоўскім раёне грамадзкасьць вырашыла адзначыць 105-годзьдзе заходнебеларускага паэта Міхася Явара.


У вёсцы Гудзевічы створаны адмысловы камітэт на чале з Алесем Белакозам. Паэт меў трагічны лёс, ён скончыў самагубствам 75 гадоў таму — 27 чэрвеня 1933 году.

Грамадзкі актывіст Алесь Зарэмбюк з Мастоў — адзін з тых, хто вырашыў ушанаваць памяць пра паэта-земляка. Ён распавядае:
Яго вершы больш раскіданыя былі ў рукапісах, яны, па сутнасьці, не сабраны да гэтага часу. Большасьць пагублялася, захавалася няшмат

“У ліпені сёлета будзе наладжаны фэст у вёсцы Лунна Мастоўскага раёну. Сцэнар гэтага мерапрыемства і плян яго правядзеньня мы выпрацуем у бліжэйшым часе і паведамім усім зацікаўленым. На фэст запросім гасьцей з усёй краіны”.

Карэспандэнт: “Атрымліваецца, што гэта чыста грамадзкая ініцыятыва, прычым мясцовая — без удзелу Саюзу пісьменьнікаў, нейкіх сталічных арганізацыяў?”

Зарэмбюк: “Гэта ўвогуле мясцовая ініцыятыва людзей, якім цікавая творчасьць Міхася Явара, якім неабыякава тое, што на нашай зямлі, на Мастоўшчыне жыў і творча працаваў выбітны беларус Міхась Явар. Але гэтая ініцыятыва застаецца адкрытай, мы запрашаем далучыцца ўсіх неабыякавых людзей, каму цікавая творчасьць Явара або хто хоча зь ёю пазнаёміцца”.

Алесь Зарэмбюк кажа, што ў Луньне існуе вуліца Міхася Явара, былая Энгельса, а таксама памятны камень, прысьвечаны яму. Праз Лунна ён заўсёды хадзіў на Нёман, на рыбалку, якая была яго асноўнай працай.

Пэрыяд творчасьці Міхася Явара быў нядоўгім, кажа прафэсар Аляксей Пяткевіч з Горадні, аўтар артыкула пра паэта ў Беларускай энцыкляпэдыі.

Пяткевіч: “Яго вершы больш раскіданыя былі ў рукапісах, яны, па сутнасьці, не сабраны да гэтага часу. Большасьць пагублялася, захавалася няшмат. Алесь Белакоз сабраў больш-менш іх. У цэлым вершы, канечне, шурпаватыя трошкі, але ў іх б’ецца жывое, гарачае перажываньне і ня толькі банальнага сацыяльнага кірунку, але і проста агульначалавечага — пра адзіноцтва, пра музыку, мастацтва, пра болі і радасьці”.

Прафэсар Пяткевіч кажа, што Міхась Явар быў цяжка хворы на сухоты, а таксама меў няшчаснае каханьне. Ён скончыў самагубствам на беразе Нёмана, які апяваў у сваіх вершах. Паэту-самавуку не было яшчэ трыццаці гадоў.

Карэспандэнт: “А ён застрэліўся са стрэльбы, з дубальтоўкі?”

Пяткевіч: “Ён пісталет дастаў недзе, дэталяў я ня памятаю, дзе ён узяў пісталет. Перавезьлі яго церазь Нёман і прывезьлі ў Горадню, наколькі я ведаю, але ўжо нічога зрабіць не маглі, бо ён стрэліў сабе ў грудзі”.

Міхась Явар, сапраўднае прозьвішча Карась, нарадзіўся 8 лістапада 1903 году ў вёсцы Міневічы на Нёмане непадалёк ад Лунна. У Першую сусьветную вайну апынуўся з бацькамі ў бежанстве ў Расеі, адкуль сям’я вярнулася ў 1921 годзе. Міхась удзельнічаў у працы Грамады і ТБШ. Вершы яго друкаваліся ў “Беларускай газэце” і ў “Шляху моладзі”.

XS
SM
MD
LG