Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Харланчук: “Каб шэсьце было не “супраць”, а “за”


25 сакавіка споўніцца 90 гадоў абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Чым ёсьць угодкі абвяшчэньня БНР для Беларусі сёньняшняй? Як лепей адзначаць гэтую дату?


Сёньня з развагамі на гэтую тэму – Павал Харланчук, беларускі актор і рэжысэр. Звольнены з Тэатру імя М. Горкага вясной 2006-га году з палітычных прычын.

Карэспандэнтка: “Як, на Ваш погляд, мае сэнс сьвяткаваць гэты дзень”?

Харланчук: “Увогуле мая мара была б такая: каб селі гісторыкі, 2 ці 3, - каб гэта была размова, а не адзін чалавек з экрану “вяшчаў”...І каб яны гутарылі пра тое, што насамрэч гэтая дата сабой уяўляе. Каб знаныя гісторыкі, дасьледчыкі друкавалі свае артыкулы на гэтую тэму, каб дыскі, можа, распаўсюджвалі з гісторыяй БНР, дакумэнтальныя фільмы... Каб шэсьце было не СУПРАЦЬ, а ЗА – за тое, каб ушанаваць памяць тых людзей, якія заснавалі БНР...

Мне асабіста не хапае гэткай інфармацыі, што насамрэч было – бо колькі нам запэцкалі гісторыі сапраўднай, - што гэта нібыта фашысцкая краіна і што пад гэтымі сьцягамі фашысты былі... Я б хацеў ачысьціць гэтую гісторыю. А калі салюты ў гэты дзень будуць, гэта ўсё адно не адлюструе сапраўднай гісторыі і не дадасьць інфармацыі”.

Карэспандэнтка: “А для Вас асабіста – чым ёсьць гэты дзень”?

“Я шчыра прызнаюся – я пра гэтае сьвята з пункту гледжаньня нашай гісторыі ведаю зусім нядаўна - я, можна сказаць, ахвяра нашай савецкай пазбаўленасьці гісторыі. Ну, можа і чуў нешта пра БНР з гісторыі, але ж разумееце, якая гэта гісторыя была. Магу шчыра сказаць, што толькі летась пачалі сьвяткаваць гэтае сьвята. У царкве сустракаюцца людзі, віншуюць адзін аднаго. Я спадзяюся, што з цягам часу, пашырэньнем гістарычных ведаў гэтае сьвята стане значна большым у маім жыцьці”.

XS
SM
MD
LG