Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Форум 18” крытыкуе рэлігійныя абмежаваньні ў Беларусі


Міжнародная ініцыятыва “Форум 18” у Осла выступіла супраць жорсткіх абмежаваньняў дзейнасьці замежных сьвятароў у Беларусі.

Як вынікае зь нядаўна падпісанага Саўмінам дакумэнта, дзейнасьць замежных рэлігійных прадстаўнікоў у Беларусі павінна ўзгадняцца з упаўнаважаным па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў. У кампэтэнцыі чыноўніка, сярод іншага, вырашаць: працягваць ці скарачаць тэрмін знаходжаньня замежніка ў Беларусі. Чыноўнік таксама можа адмовіць сьвятару ў візыце, прычым без тлумачэньня прычыны.
Як лічыць прадстаўніца “Форуму-18 ” Джэральдзіна Фаган, “афіцыйны Менск мае намер выслаць зь Беларусі ўсіх замежных сьвятароў, паколькі яны, з самых розных прычын, могуць не задавальняць беларускія ўлады. Характэрна, што падобныя захады накіраваныя ня супраць нейкіх дэструктыўных сэктаў, а супраць традыцыйных рэлігіяў, якія тут дамінуюць. Напрыклад, каталіцызму. Вялікая частка каталіцкіх сьвятароў – небеларусы.
У заяве “Форуму 18” крытыкуецца абмежавальны характар беларускага Закону аб рэлігіі ад 2002 году, прыводзяцца факты арышту ды высылкі замежных сьвятароў зь Беларусі, адзначаецца, што ўлады тлумачаць такія свае дзеяньні “пытаньнямі нацыянальнай бясьпекі”.
Паводле прадстаўнікоў “Форуму 18”, такія тлумачэньні “ўсё ж не зьяўляюцца прымальнай прычынай для абмежаваньня свабоды веравызнаньня. Новыя менскія правілы не адпавядаюць ні Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, ні Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека. Беларусь падпісала абодва гэтыя дакумэнты”.
У дакумэнце таксама гаворыцца, што беларускія вернікі сабралі больш за 50 тысяч подпісаў пад прашэньнем аб зьмене гэтага рэпрэсіўнага закону.
XS
SM
MD
LG