Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Казулін атрымаў тры дні волі <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 /> <img src="/img/icon-video.gif" border=0 />


А першай гадзіне ночы дамоў у Менск з калёніі “Віцьба-3” прывезьлі Аляксандра Казуліна. Палітвязьня не вызвалілі, а толькі далі трохдзённы водпуск на час пахаваньня яго жонкі Ірыны, якая памерла 23-га лютага.


Праз гадзіну журналісты “Радыё Свабода” убачыліся з Аляксандрам Казуліным у ягонай кватэры, дзе стаяць партрэты Ірыны з чорнымі жалобнымі стужкамі. У момант сустрэчы былы кандыдат на прэзыдэнта даваў інтэрвію па тэлефоне.
Аляксандар Казулін з дочкамі Юляй і Вольгай дома

Запомніліся першыя словы, пачутыя ад Казуліна:

“Бывалі дні, калі я атрымліваў па 200 лістоў. Але як не дзіўна, большасьць зь іх была зь іншых краінаў сьвету. Беларусам яшчэ трэба будзе прачнуцца”.

“Падпісваюся толькі “незаконна асуджаны А.Казулін”

У Менск Аляксандра Казуліна прывёз на звычайных “Жыгулях” начальнік калёніі Віталь Агнісьцікаў.

Яшчэ ўчора гэты ж міліцыянт заявіў журналістам, што рыхтуе адмову ў водпуску Казуліну, паколькі той “меў чатыры дысцыплінарныя спагнаньні”.

Позна ўвечары ён ужо паказваў былому кандыдату на прэзыдэнта свой загад пра водпуск.

“Вы не ўяўляеце, што тады адбывалася ў калёніі, -- згадвае Аляксандар Казулін.— Калёнія была ачэплена АМАПам, унутры паўсюль ахова, перасоўваньні былі забароненыя”.

Аляксандар Казулін апавёў, як даведаўся пра сьмерць жонкі.

24-га раніцай Віталь Агнісьцікаў выклікаў яго да сябе у кабінэт і паказаў тэлеграму. Днём раней Аляксандар Казулін прасіў даць яму тэлефон, каб пазваніць дамоў, але тэлефону “не знайшлі”. І вось ён адчуў жудасны боль, што нават не змог яшчэ раз сказаць Ірыне слова падтрымкі.

“Я сказаў: “Усё! Мяне стрымлівала хвароба жонкі, зараз нішто не стрымлівае” і адразу абвясьціў галадоўку. Сарваў з сябе ўсе турэмныя нашыўкі і абвясьціў, што больш іх парадкам не падпарадкоўваюся. Тады ж напісаў заяву пра галадоўку на 4-ох старонках, дзе усё патлумачыў: і пра незаконны арышт, і пра неабходнасьць паехаць на пахаваньне Ірыны.”



Віталь Агнісьцікаў у канцы дня скажа журналістам, што ён нічога не чуў пра галадоўку, а 25-га лютага з калёніі прыйдзе афіцыйная інфармацыя і пра тое, што нібыта “Казулін не напісаў заявы пра адпачынак”.

“Гэта звычайная хлусьня. Я пра ўсё напісаў у заяве і падпісаў, як звычайна падпісваюся: “незаконна асуджаны А.Казулін”.

Інтэрвію для Радыё Свабода
“Маё сэрца разрываецца па Ірыне”

Аляксандар Казулін мяркуе, што ягоную жонку Ірыну “падштурхнула да апошняй рысы ўлада”.
Спачатку тым, што незаконна арыштавалі і асудзілі яго як кандыдата на прэзыдэнта ў 2006-ым годзе.

“Аляксандар Лукашэнка добра ведаў, што яна ўжо тады была хворая”, -- згадвае спадар Казулін. На яго думку, Ірына, застаўшыся безь яго, “страціла на перажываньні сілы, якія былі патрэбны для барацьбы з хваробай”.

Апошняй кропляй, паводле Аляксандра Казуліна, быў “гандаль”, пра які Аляксандар Лукашэнка сказаў тыдзень таму ў Віцебску. Калі ўмовай вызваленьня і сустрэчы з чалавекам, у якога рак чацьвёртай стадыі, паставілі тэрміновы выезд абаіх за мяжу.

“Калі б я папрасіў тады мяне азалаціць, азалацілі б, толькі каб выштурхнуць зь Беларусі”, -- мяркуе Аляксандар Казулін. На гэтыя ўмовы Аляксандар й Ірына не пагадзіліся. Платай стала тое, што яны ўжо ніколі не пабачацца.

“У мяне ад гэтага разрываецца сэрца”, -- кажа Казулін.

“Я за кратамі больш вольны, чым шмат хто на волі”

Сёньняшнюю Беларусь Аляксандр Казулін параўноўвае з калёніяй.

“Толькі гэта калёнія сучасная, мадэрнізаваная, дзе правяць тыя, хто сам вінаваты ў злачынствах”. Трэцяя частка лістоў на волю і з волі да адрасатаў не даходзіць. Большасьць скаргаў на незаконныя прысуды і дзеяньні адміністрацыі застаюцца там жа, ў турме. За кратамі шмат ахвяраў міліцэйскіх ці пракурорскіх прыпісак, кампаній, экспэрымэнтаў. “Справакавалі гаспадара прадаць некалькі галовак маку, а потым пасадзілі на 6 гадоў”, -- адна з турэмных гісторый, сустрэтых Казуліным у “Віцьбе-3”.

Паводле Аляксандра Казуліна яму, як кандыдату на прэзыдэнта, карысна было вывучыць і той бок жыцьця, які адкрываецца за кратамі.

“Заяўляю: трэба перагледзець дзесяткі тысяч такіх вось сфальшаваных крымінальных спраў”, -- кажа Аляксандар Казулін. Ён мяркуе, што ёсьць прамая сувязь паміж турэмнымі парадкамі ў Беларусі і тым фактам, што у свой час Аляксандар Лукашэнка працаваў у адміністрацыі адной зь беларускіх калёній.

Ці прыстасаваўся Аляксандар Казулін да турэмных парадкаў?

Пра сябе ён кажа, што застаўся вольным чалавекам. Прайшоў пакараньні, галадоўку, ізалятар, яго абмяжоўваюць у кантактах зь іншымі вязьнямі, але ён не здаецца.

“Ніякага памілаваньня падпісваць ніколі ня буду”, -- цьвердзіць Аляксандар Казулін і сам пераходзіць ў атаку:

“За гэтыя тры дні падам на Аляксандра Лукашэнку ў суд за маральныя пакуты маёй жонцы Ірыне”.

Таксама палітвязень папярэджвае, што працягне ў калёніі галадоўку.

“Буду далей галадаваць і патрабаваць ня толькі свайго вызваленьня, але і вызваленьня Андрэя Кіма. Ён, дарэчы, шмат пісаў мне ў калёнію, завочна мы добра знаёмы”, -- кажа Аляксандар Казулін.

Прачнулася сумленьне?

Чаму ўлады пайшлі хаця б на часовае вызваленьне Аляксандра Казуліна?

Аляксандар Казулін пэўна кажа пра адно:

“Калі пабачылі, што болей за тысячу чалавек, пры небясьпецы гвалту, прыйшлі на плошчу і да Чырвонага касьцёлу, са сьвечкамі ў памяць пра Ірыну, то пабаяліся, што зноў выйдуць тысячы, як два гады таму на Дзень Волі. Дзякуй усім гэтым людзям. Сьветлае заўсёды перамагае.”



Як сказала Вольга Казуліна, жалобная служба па яе маці Ірыне Казулінай і разьвітаньне зь ёй адбудуцца ў Чырвоным касьцёле. Нябожчыцу прывязуць ў Чырвоны касьцёл ўвечары 26-га лютага, пахаваньне адбудзецца на наступны дзень.

А.Казулін з дочкамі дома пад час водпуску


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG