Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эўразьвязе пільна сочаць за сытуацыяй з Казуліным


Эўразьвяз патрабуе ад афіцыйнага Менску дазволіць палітвязьню Аляксандру Казуліну ўзяць удзел у пахаваньні жонкі Ірыны і прыняць канчатковае рашэньне адносна вызваленьня палітвязьня.


У Эўразьвязе будуць пільна сачыць за разьвіцьцём гэтай сытуацыі, паведамілі “Свабодзе ў прэсавых службах Эўракамісіі і Эўрапарлямэнту.

Генэральны сакратар Рады Эўразьвязу, вярхоўны прадстаўнік у пытаньнях агульнай замежнай палітыкі і бясьпекі Хавіер Саляна заклікаў беларускія ўлады “неадкладна і безумоўна вызваліць з турмы Аляксандра Казуліна, каб ён быў разам зь сям’ёй у часе пахаваньня сваёй жонкі”.

“Вызваленьне Казуліна азначала б вызваленьне ўсіх палітзьняволеных пасьля таго, як пяць астатніх былі вызваленыя цягам апошняга месяца. Яшчэ раз спадзяюся, што гэты важны крок будзе цяпер зроблены”, – заявіў Хавіер Саляна.

Выказваючы свае спачуваньні блізкім Ірыны Казулінай, эўракамісар Бэніта Фэрэра-Вальднэр заявіла:

“Заканчэньне практыкі затрымліваньня беларускіх грамадзянаў з палітычных матываў было б значным крокам зь беларускага боку... Калі ўлады дазволяць палітвязьню ўзяць удзел у заўтрашнім пахаваньні жонкі, то гэта можна было расцэньваць як важны сыгнал Менску”.

У сваёй заяве Фэрэра-Вальднэр просіць улады вызваліць Аляксандра Казуліна.

Ад імя дэлегацыі па сувязях зь Беларусьсю Эўрапейскага парлямэнту спачуваньне сям’і Ірыны Казулінай накіраваў старшыня Яцак Пратасевіч:

“Нашыя думкі з вамі на працягу гэтага ўсяго цяжкага часу страты. Я хацеў бы таксама пераканаць беларускія ўлады дазволіць спадару Казуліну прыехаць на пахаваньне жонкі, а таксама прыняць рашэньне адносна канчатковага вызваленьня палітвязьня”.

“Улады ня могуць вярнуць Ірыну Казуліну да жыцьця, але яны абавязаныя даць яе мужу свабоду”, – напісаў у сваім звароце дакладчык у пытаньнях Беларусі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Андрэа Рыгоні. “Пачынаючы зь несправядлівага асуджэньня Аляксандра Казуліна, уся сям'я прайшла праз жахлівыя выпрабаваньні. Гэта павінна скончыцца”, – адзначыў італьянскі палітык.

* * *
Крымінальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь

Артыкул 92. Выезды асуджаных да пазбаўленьня волі за межы папраўчых установаў:

1. Асуджаным да пазбаўленьня волі, якія ўтрымліваюцца ў папраўчых калёніях для асобаў, што ўпершыню адбываюць пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі, і прапраўчых калёніях для асобаў, што раней адбывалі пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі, ва ўмовах агульнага рэжыму, папраўчых калёніях-пасяленьнях і выхаваўчых калёніях, а таксама асуджаным, пакінутым ва ўстаноўленым парадку ў сьледчых ізалятарах для выкананьня работ па гаспадарчым абслугоўваньні, могуць быць дазволеныя кароткатэрміновыя выезды за межы папраўчых і выхаваўчых установаў працягласьцю да сямі сутак, ня лічачы часу, неабходнага для праезду туды і назад, у сувязі з выключнымі абставінамі, пазначанымі ў частцы пятай артыкулу 59 гэтага Кодэксу, а таксама для папярэдняга вырашэньня пытаньняў працоўнага і бытавога ўладкаваньня пасьля вызваленьня.

6. Дазвол на кароткатэрміновы выезд даецца начальнікам папраўчай установы па ўзгадненьні з пракурорам з улікам характару і цяжкасьці зробленага злачынства, асобы і паводзінаў асуджанага.

Артыкул 59. Парадак і ўмовы выкананьня пакараньня ў выглядзе арышту:

5. Пры выключных абставінах (сьмерць ці цяжкая хвароба блізкага родзіча, якая пагражае яго жыцьцю, стыхійнае бедзтва, якое нанесла вялікую матэрыяльную шкоду асуджанаму ці яго сям'і) асуджаным да арышту рашэньнем начальніка арыштнага дому можа быць дазволеная тэлефоная размова працягласьцю да 15 хвілінаў з блізкімі родзічамі з аплатай з уласных сродкаў асуджанага.
XS
SM
MD
LG