Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адбылася акцыя памяці Ірыны Казулінай. Каля тысячы чалавек прыйшлі на Кастрычніцкую плошчу з партрэтамі Ірыны Казулінай, сьвечкамі і кветкамі.


Яны прайшлі праспэктам Незалежнасьці да касьцёлу Сьвятых Сымона і Алены, дзе адбылася малітва за памерлую.

Перад пачаткам акцыі на Кастрычніцкай плошчы сабралася вялікая колькасьць супрацоўнікаў міліцыі, людзей у цывільным. Яны рабілі абвесткі і патрабавалі ад людзей разысьціся. Але людзі выстраіліся ўздоўж праспэкту з партрэтамі Ірыны Казулінай, з кветкамі і сьвечкамі. Сярод тых, хто прыйшоў падтрымаць сям’ю Казуліных і выказаць сваю пазыцыі былі людзі рознага веку. Шмат моладзі:

Карэспандэнтка: “Сёньня кепскае надвор’е, ідзе дождж, на вуліцах шмат міліцыі. Але вы прыйшлі...”

Юначка: “Па-першае, гэта нашая жалоба па памерлай Ірыне Казулінай. А па-другое, гэта наша нязгода з парушэньнем правоў чалавека – Аляксандра Казуліна, якога не пускаюць на пахаваньне”.

Карэспандэнтка: “Вы добраахвотна сюды прыйшлі?”

Юнак: “Так. Я прыйшоў, каб выказаць сваю нязгоду з тым, што палітвязьня не выпускаюць на пахаваньне роднага чалавека з-за нейкіх палітычных праблем”.

Карэспандэнтка: “У вас у руках бел-чырвона-белыя кветкі на знак чаго?”

Спадарыня: “На знак салідарнасьці з Казуліным і смутку па ягонай жонцы. Мы супраць таго, што яго не выпускаюць з турмы. Гэта не па-чалавечы. Гэта ня людзі. Таму мы тут стаім супраць усяго гэтага”.

Спадарыня: “Гэта проста бесчалавечны акт. Перад сьмерцю мы ўсе роўныя. І вось зараз бачна хто ёсьць хто, хто з кім, і хто як думае”.

Дочкі Казуліны прыйшлі на плошчу з партрэтамі сваёй маці:

Юля: “сёньня мы абвясьцілі галадоўку. Мы, як дочкі, мы проста хочам па-людзку прахаваць сваю маці, колам сваёй сям’і . Вось і ўсё. І мы вельмі ўдзячныя людзям, якія сюды прыйшлі, якія нас падтрымліваюць”.

Вольга: “Мы лічым, што наш тата варты, каб пахаваць сваю каханую і адзіную жонку”.

На Кастрычніцкую плошчу прышлі вельмі многія вядомыя людзі, палітыкі, грамадзкія дзеячы, былыя палітвязьні. Сярод іншых – Павал Севярынец:

“Я вельмі ўражаны той колькасьцю людзей, якія прыйшлі падтрымаць сям’ю Казуліных. Гэта салідарнасьці і мы зь імі. Што тычыцца пытаньня жыцьця і сьмерці, то беларусы выходзяць і патрабуюць і праўды, і справядлівасьці”.

Калі калёна рушыла з Кастрычніцкай плошчы на плошчу незалежнасьці, да яе сталі далучацца новыя людзі. Многія стаялі на ўзбочынах. Пытаюся ў людзей, якія не ідуць у калёне:

Карэспандэнтка: “Ці ведаеце што тут адбываецца?

Спадарыня: “Так, ведаем. Памерла Ірына Казуліна. Я таксама падтрымліваю ўсіх гэтых людзей, яле не магу сёньня быць разам зь імі з асабістых прычынаў”.

Спадарыня: “Гэтай сям’і зараз вельмі цяжка і вельмі добра, што яе падтрымліваюць”.

Карэспандэнтка: “Што вы пра гэта думаеце?”

Спадарыня: “Пэўна, гэта акцыя па нашых зьніклых хлопцах. Цяжка пра гэта думаць. Думаю, што нехта некалі павінны за ўсё гэта адказаць”.
А.Мілінкевіч сярод удзельнікаў акцыі памяці Ірыны Казулінай

Шэсьце завяршылася на плошчы Незалежнасьці. Людзі сталі паўколам каля ўваходу Чырвонага касьцёла. Але да іх выйшаў сьвятар аўтакефальнай праваслаўнай царквы, айцец Леанід Акаловіч:

“Сёньня жалоба з таго, што адышла ў іншы сьвет паплечніца вядомага дзеяча Аляксандра Казуліна. Гэтай сваёй заўчаснай сьмерцю няхай дапаможа яму вызваліцца з путаў турэмных. Няхай добры Бог дапаможа вызваліць усіх палітычных вязьняў у Беларусі. Памолімся за рабу Божую Ірыну”.

Былы адвакат Аляксандра Казуліна Ігар Рынкевіч заклікаў пакінуць каля Чырвонага касьцёла партрэт Ірыны Казулінай, каб паставіць каля яго сьвечкі і пакласьці кветка. Ён таксама заклікаў прысутных прыйсьці заўтра на Кастрычніцкую плошчу, калі Аляксандра Казуліна ня выпусьцяць на пахаваньне жонкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG