Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А. Зьдзьвіжкоў: “Не жадаю быць грамадзянінам Рэспублікі Беларусь”


Сёньня былы намесьнік галоўнага рэдактара газэты “Згода” Аляксандар Зьдзьвіжкоў даў у офісе Беларускай асацыяцыі журналістаў першую прэсавую канфэрэнцыю пасьля вызваленьня.


Сёньня былы намесьнік галоўнага рэдактара газэты “Згода” Аляксандар Зьдзьвіжкоў, асуджаны 18 студзеня да трох гадоў зьняволеньня за “падбухторваньне да расавай, нацыянальнай і рэлігійнай варожасьці”, даў у офісе Беларускай асацыяцыі журналістаў першую прэсавую канфэрэнцыю пасьля датэрміновага вызваленьня.

Нагадаем, што адзінае інтэрвію адразу пасьля выхаду на волю журналіст згадзіўся даць Радыё Свабода ў мінулую пятніцу.

Справа Зьдзьвіжкова выйшла далёка за межы Беларусі: ён адзіны ў сьвеце журналіст, асуджаны да беспрэцэдэнтна працяглага тэрміну за перадрук карыкатураў на прарока Мухамада. Сатырычныя арыгіналы былі надрукаваныя ў дацкай газэце “Jullands-Posten” у 2005-м. “Ланцуговая рэакцыя” пачалася пасьля таго, як на наступны год іх перадрукавалі буйныя эўрапейскія выданьні. Тады ж карыкатуры зьявіліся і на старонках “Згоды”.

Прыехаў па адрэналін і меў яго тры месяцы


Сам Аляксандар Зьдзьвіжкоў прызнаецца, што мог яшчэ доўга хавацца ад перасьледу ў Расеі. Але, скончыўшы чарговы раман, адчуў “душэўную пустку” і вярнуўся дадому — часткова “па адрэналін”. Шанцы на арышт дапускаў як 50х50. Пра астатняе грамадзкасьць збольшага ведае. Толькі нагадаем, што калегія Вярхоўнага суду пераглядзела прысуд і паменшыла пакараньне з трох гадоў узмоцненага рэжыму да трох месяцаў, якія Зьдзьвіжкоў на момант разгляду касацыйнай скаргі 22 лютага ўжо адседзеў.
Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Ліцьвіна вітае Аляксандра Зьдзьвіжкова

“Мяне вызвалілі па 70-м артыкуле, які вельмі рэдка ўжываецца. Вызваляюць ад крымінальнай адказнасьці па ім непаўналетніх і цяжарных жанчын. Я, напэўна, не падобны да падлетка і яшчэ меней падобны да цяжарнай жанчыны. Тым ня меней паводле 70-га артыкула мяне вызвалілі дзеля “выключных абставінаў”. Якія выключныя абставіны — пакінем на сумленьні Вярхоўнага суда. Але я па-ранейшаму зьяўляюся ў вачох беларускай Фэміды крымінальнікам. Больш за тое — крымінальнікам-рэцыдывістам. Паколькі ў 2005 годзе супраць мяне была ўзбуджана крымінальная справа за абразу прэзыдэнта Лукашэнкі. Пазьней справа была перакваліфікаваная ў адміністратыўную, хоць усе матэрыялы, якія калісьці на мяне зьбірала пракуратура Партызанскага раёна, у маёй крымінальнай справе фігуруюць, складаючы першы том. А другі том — гэта ўжо зусім іншае”.

Аляксандар Лукашэнка падчас Усебеларускага народнага сходу назваў публікацыю ў “Згодзе” “правакацыяй супраць дзяржавы” і паабяцаў, што газэта будзе зачыненая (што на рашэньне Вярхоўнага суду і было зроблена ў сакавіку 2006-га). Тады ж Лукашэнка сказаў, што да публікацыі скандальных карыкатураў мае дачыненьне ягоны супернік на прэзыдэнцкіх выбарах Аляксандар Казулін — на той падставе, што газэту выдаваў Аляксей Кароль, адзін з актывістаў “казулінскай” БСДП “Грамада”. З улікам таго, што выканаўцам абавязкаў рэдактара ў момант публікацыі карыкатураў быў Зьдзьвіжкоў, “паляваньне” распачалі менавіта на яго.

Самацэнзуры ў працы ня будзе

Ці азначае гэтая гучная гісторыя, што надалей Зьдзьвіжкоў уключыць у сваю працу пэўны элемэнт самацэнзуры?

“Наконт самацэнзуры — гэта вы дарэмна. Калі мяне не зламалі ў турме, то цяпер ня зломяць тым больш. Хоць я цалкам усьведамляю, што не знаходжуся ў бясьпецы і вольна ўздыхну толькі тады, калі пакіну межы Рэспублікі Беларусь”.

Карэспандэнт: “То бок зьбіраецеся зьяжджаць?”

“Абавязкова. Я зьбіраюся зьмяніць грамадзянства, бо гэта для мяне палітычны ўчынак. Я НЕ ЖАДАЮ быць грамадзянінам Рэспублікі Беларусь. Ну брыдка для мяне зараз быць грамадзянінам гэтай краіны. Менавіта гэтай Рэспублікі Беларусь. На чале якой стаіць усім вядомая асоба. У якога менавіта гэтыя суды, менавіта гэтая пракуратура і менавіта гэтыя турмы. Я дакладна гэтаксама раіў усім асуджаным у камэры 225, што яны павінны пасьля выхаду на волю ў той жа момант зьяжджаць адсюль. Бо чалавек, якія мае такую даведку — гэта ня тое што чалавек трэцяга гатунку, а чалавек па-за катэгорыямі. Нават за пераход вуліцы ня ў тым месцы яго могуць кінуць за краты на 5 і больш гадоў. Вось у чым справа. І тут няма такога паняцьця, як рэцыдывіст. У нашых турмах (прабачце, ня ў нашых, гэта не мае турмы, гэта турмы гэтай дзяржавы) — у гэтых турмах сядзяць людзі, небясьпечныя не для грамадзтва ў асноўным, а тыя, хто патэнцыйна небясьпечны для дзяржавы”.

На пачатку лютага Міжнародная праваабарончая арганізацыя “Amnesty International” прызнала журналіста “вязьнем сумленьня” і заклікала беларускія ўлады неадкладнага яго вызваліць: маўляў, перадрукаваныя з інтэрнэту карыкатуры — “звычайная рэалізацыя свабоды самавыяўленьня”. Паказальна, што супраць жорсткага прысуду выступілі нават кіраўнікі аб’яднаньня мусульманаў Беларусі.

“Што тычыцца маёй далейшай дзейнасьці, то я яе працягну. Але не журналісцкую, а чыста пісьменьніцкую. Я журналістыкай апошнія два гады практычна не займаўся. Дакладней, займаўся, але пісаў толькі пра жалеза, а не пра людзей”.

Аляксандра Зьдзьвіжкова ўтрымлівалі ў турме КДБ, у сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага і пры канцы тэрміну — у рэспубліканскім турэмным шпіталі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG