Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

В.Казуліна: “Нельга, каб мама ляжала ў моргу яшчэ 3 гады”


25 лютага дакладна а другой гадзіне дня, як і абяцалі папярэдне, Вольга і Юля Казуліны паведамілі, што далучаюцца да галадоўкі свайго бацькі, які дамагаецца вызваленьня на час пахаваньня жонкі, Ірыны Казулінай.


Беларускія ўлады дагэтуль не прынялі рашэньне адносна вызваленьня Аляксандра Казуліна на час пахаваньня жонкі. Дачка палітыка Вольга заявіла:

“Мы абвясьцілі галадоўку салідарнасьці з нашым бацькам. Хочам аднаго — каб наша маці была пахавана паводле хрысьціянскіх традыцый. Паколькі бацька сказаў, што безь яго пахаваньня ня будзе, мы ня хочам, каб наша мама ляжала ў моргу яшчэ тры гады. Таму мы просім вызваліць бацьку хаця б на час пахаваньня, каб правесьці пахаваньне нармальна.
Хочам аднаго — каб наша маці была пахавана паводле хрысьціянскіх традыцый
Наша мама і без таго шмат пакутавала”.

Да галадоўкі дачок Казуліна адразу далучыліся ягоныя аднадумцы — Ігар Рынкевіч, Алег Волчак, Сяргей Скрабец. Былы адвакат Ігар Рынкевіч зазначыў, што шмат дзе іншыя людзі таксама далучаюцца да падтрымкі.

“Мы хацелі б, каб гэта былі жалобныя акцыі, каб яны праходзілі годна і не ператвараліся ў палітычныя мерапрыемствы”.

Паводле дадзеных віцебскіх праваабаронцаў, начальнік калёніі, дзе трымаюць палітвязьня, Віталь Агнісьцікаў нібыта заявіў, што не дазволіць кароткатэрміновага водпуску для Аляксандра Казуліна, бо той мае “чатыры папярэджаньні за парушэньні парадку”. Да канца дня, аднак, пра забарону водпуску афіцыйна так і не заявілі. “Усё ж гэта лепш, надзея яшчэ застаецца”, — пракамэнтавала ўвечары сытуацыю Вольга Казуліна.

Ці дазваляе закон часовы выхад на волю асуджанаму чалавеку? Былы судзьдзя, вядомы праваабаронца Гары Паганяйла кажа, што для асуджанага на агульны рэжым зьняволеньня гэта цалкам магчыма.

“Паводле першай частцы 92 артыкулу Крымінальна-выканаўчага кодэксу адміністрацыя калёніі можа дазволіць часовы выезд асуджанаму дзеля пахаваньня сваяка. Патрэбна толькі ўзгадненьне з пракурорам”.

Аднак праваабаронца перакананы, што сам начальнік віцебскай калёніі на сябе адказнасьць пра вызваленьне Аляксандра Казуліна ня возьме, улічваючы палітычныя фактары. Гары Паганяйла сёньня адмыслова зьвярнуўся да Генэральнага пракурора Рыгора Васілевіча з просьбай станоўча вырашыць пытаньне пра кароткатэрміновы водпуск Аляксандру Казуліну.

З заклікам выпусьціць Аляксандра Казуліна зьвярнуўся да беларускага ўраду Эўрапарлямэнт.

Жонка былога кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна Ірына Казуліна памерла ўвечары 23 лютага. Жанчына хварэла на рак. Аляксандар Казулін даведаўся пра сьмерць жонкі раніцай 24 лютага і адразу папрасіў у адміністрацыі калёніі кароткага водпуску на час пахаваньня, але дазволу дагэтуль не атрымаў. Учора апоўдні Аляксандар Казулін абвясьціў галадоўку пратэсту.

Сёньня сваякі Казулінай прынялі рашэньне адкласьці паніхіду па ёй, якая мусіла пачацца ўвечары ў Чырвоным касьцёле.
XS
SM
MD
LG