Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ерэван: апазыцыя патрабуе новых выбараў прэзыдэнта


У Ерэване тысячы прыхільнікаў апазыцыі працягваюць акцыі пратэсту супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. Улады затрымалі некаторых лідэраў апазыцыі, шэраг урадоўцаў адпраўленыя ў адстаўку за падтрымку апазыцыі.


Дзясяткі тысяч прыхільнікаў апазыцыі працягваюць пратэсты ад 20 лютага, нягледзячы на тое, што ў нядзелю прэм’ер-міністра Армэніі Сержа Саркісяна афіцыйна прызналі пераможцам прэзыдэнцкіх выбараў. Паводле Цэнтравыбаркаму ён атрымаў больш за 52 працэнты галасоў, на другім месцы – першы прэзыдэнт Армэніі Лявон Тэр-Пэтрасян – 21 працэнт галасоў выбарнікаў.

“Улады спрабуюць запалохаць іншых дзяржаўных чыноўнікаў”

Прыхільнікі Тэр-Петрасяна лічаць, што выбары былі сфальсыфікаваныя. Былы першы прэзыдэнт Армэніі мае намер абскардзіць вынікі выбараў у Канстытуцыйным судзе і патрабаваць новых выбараў.

Некаторыя ўрадоўцы падтрымалі апазыцыю, у выніку частка зь іх, у тым ліку 9 высокапастаўленых супрацоўнікаў Міністэрства замежных справаў Армэніі, былі звольненыя.

Пасьля таго, як адыходзячы прэзыдэнт Робэрт Качаран правеў нараду зь сілавікамі, былі засьцярогі, што мірныя пратэсты разгоняць гвалтоўным чынам. Качаран назваў пратэсты спробай захапіць уладу незаконнымі сродкамі і патрабаваў навесьці закон і парадак.

У выніку былі арыштаваныя некаторыя апазыцыйныя палітыкі, у тым ліку лідэр апазыцыйнай партыі “Новыя часы” Арам Карапэцян, былы намесьнік Генэральнага пракурора Гагік Джангіран і былы міністар дзяржаўных даходаў Смбат Айвазян. Паводле афіцыйнай вэрсіі іх затрымалі за незаконнае валоданьне зброяй. Сёньня быў затрыманы яшчэ адзін апазыцыйны лідэр Пэтрос Макеян.

Першы прэзыдэнт Армэніі Лявон Тэр-Пэтрасян лічыць гэтыя арышты палітычна матываванымі:

"Найперш гэта выключна палітычнае пытаньне. Да таго ж я думаю, што ўлады спрабуюць запалохаць іншых дзяржаўных чыноўнікаў, каб яны не паўтарылі прыкладу Джангірана”.

“Серж Саркісян мае рэпутацыю гульца”

Напярэдадні Робэрт Качаран адправіў у адстаўку намесьніка генпракурора Гагіка Джангірана за падтрымку Тэр-Пэтрасяна.

Апазыцыя абяцае працягваць пратэсты ў Ерэване, пакуль ня будуць праведзеныя новыя выбары. Аднак ўлады мяркуюць перачакаць сытуацыю, зазначае аналітык Радыё Свабода Ліз Фулер.

"Сэрж Саркісян мае рэпутацыю гульца. Можна меркаваць, што ў яго вельмі моцныя нэрвы. Ён чакае, пакуль у суперніка здадуць нэрвы. Я мяркую, што Саркісян і Качарян цьвёрда перакананыя, што міжнародная супольнасьць на іхнім баку, і яны проста чакаюць, калі праз тыдзень-два ці болей пратэсты пакрысе сьціхнуць”, – лічыць аналітык Радыё Свабода.

Паводле папярэдніх ацэнак прадстаўнікоў АБСЭ прэзыдэнцкія выбары ў Армэніі з большага адпавядалі міжнародным стандартам, хаця далейшае ўдасканаленьне неабходнае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG