Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі далучацца да акцыі ў Дзень Волі


Сёньня актывісты прадпрымальніцкага руху далі ацэнку акцыям пратэсту, якія прайшлі ў студзені – лютым, а таксама распавялі пра пляны на бліжэйшую будучыню. 25 сакавіка яны далучацца да сьвяткаваньня 90-годзьдзя абвяшчэньня БНР.


Грамадзкі актывіст Вячаслаў Сіўчык выказаў такую думку:

“Што тычыцца той хвалі акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая адбывалася з 10 студзеня па 18 лютага, гэта была нармальная беларуская народная хваля. Яшчэ ўсё ня скончылася, барацьба будзе наперадзе, хаця ўмовы вельмі цяжкія. 25 сакавіка збор будзе а 17 гадзіне на плошчы Якуба Коласа”.

Адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Аляксандар Макаеў пацьвердзіў, што прынятае канчатковае рашэньне пра далучэньне індывідуальных прадпрымальнікаў да акцыі 25 сакавіка. Пра акцыю 18 лютага спадар Макаеў кажа:

“Прадпрымальнікаў было вельмі шмат – больш за сотню (я кажу афіцыйна), і яны былі гатовыя ўсталяваць намёты на Кастрычніцкай плошчы, але дзякуючы спэцслужбам амаль не адбылося ніякай акцыі ў Менску. Мы бачылі, што адбывалася ў Менску. Другое пытаньне – што дзякуючы плёткам спэцслужбаў людзям убілі ў галаву, што ня трэба туды ісьці 18-га. Гэта таксама сваю ролю адыграла”.

Каардынатар праваабарончага руху “Наша Беларусь”, барысаўскі прадпрымальнік Ігар Леднік распавёў пра тое, якія захады рабілі афіцыйныя ўлады, каб сарваць акцыю пратэсту 18 лютага. 15 лютага намесьнік начальніка – начальнік міліцыі грамадзкай бясьпекі Ўпраўленьня ўнутраных справаў Менскага аблвыканкаму палкоўнік Шутаў разаслаў загад на правядзеньне спэцыяльных мерапрыемстваў, каб прадухіліць акцыі пратэсту 18 лютага:

“Начальнікам ДАІ, патрульна-паставых службаў, начальнікам раённых, гарадзкіх аддзелаў міліцыі былі дадзеныя ўказаньні, як не дапусьціць, каб так званыя дэструктыўныя сілы (гэта такая назва ў загадзе) 18 лютага правялі мітынг прадпрымальнікаў”

На прэсавай канфэрэнцыі прадпрымальнікі выказалі заклапочанасьць, што з 1 сакавіка пачнецца новая хваля рэпрэсіяў супраць іх, бо заканчваецца тэрмін пераходу індывідуальных прадпрымальнікаў у прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы і будуць ужывацца санкцыі за парушэньне указу прэзыдэнта №760.

Таму трэба кансалідавацца і шукаць новыя формы змаганьня за свае правы, кажа грамадзкі актывіст Вячаслаў Сіўчык:

“Сходы і сустрэчы, якія адбываліся на менскіх рынках на працягу апошніх тыдняў, паказалі, што для многіх прадпрымальнікаў адзінае выйсьце, якое яны бачаць, – гэта эміграцыя зь Беларусі. Таму зь менскіх рынкаў групы езьдзяць і ў Кіеў, і ў Маскву, Вільню. Наагул, гэта нацыянальная трагедыя. Натуральна, гэта ня тое выйсьце, якое нас задавальняе. Мы павінны шукаць іншыя шляхі”.

Прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч заклікаў прадпрымальнікаў выйсьці сёньня а 18 гадзіне з кветкамі на Кастрычніцкую плошчу, каб ушанаваць памяць Ірыны Казулінай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG