Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Трэба проста зрабіць па-людзку і адпусьціць Казуліна на пахаваньне жонкі”


Памерла жонка Аляксандра Казуліна, які знаходзіцца ў зьняволеньні. Як вы лічыце: ці павінны ўлады адпусьціць палітыка, каб ён мог разьвітацца з жонкай Ірынай? На гэтае пытаньне адказвалі гарадзенцы.


Малады спадар: “Так, я лічу, што яго павінны адпусьціць на пахаваньне”.

Спадар: “Можа і павінны, але наўрад ці выпусьцяць. Сумняваюся я вельмі, што яго выпусьцяць”.

Спадарыня: “Увогуле я ў гэтую атмасфэру не паглыбляюся. На пахаваньне жонкі можна выпусьціць, напэўна. Але гэта трэба па меркаваньні органаў, я не кампэтэнтны таварыш у гэтым”.

Маладая спадарыня: “Жонка — самы блізкі чалавек, таму яго павінны выпусьціць…”

Дзяўчына: “Я лічу, што на пахаваньне блізкага чалавека, жонкі, павінны выпусьціць”.

Спадар: “Канечне, яго павінны выпусьціць на пахаваньне. Я не ўяўляю іншага варыянту. А ці выпусьцяць насамрэч? Цяжка адказаць, але здагадацца можна. Я думаю, што ня выпусьцяць. Але павінны, бо гэта — агульначалавечыя нормы, як іх можна парушаць ці не? Іх папросту паважаць трэба, і рабіць трэба чалавеку па-людзку. Ну не задавальняе Казулін чымсьці, дапусьцім, але ёсьць моманты, калі трэба проста зрабіць па-людзку, і ўсё”.

Маладая спадарыня: “Я думаю, што трэба адпусьціць на пахаваньне, усё ж самы родны чалавек — жонка”.

Малады спадар: “Што адказаць на пытаньне, ці варта і ці можна выпусьціць Казуліна для таго, каб ён разьвітаўся з жонкай? Рэч у тым, што нават заканадаўства дазваляе гэта зрабіць пры выкананьні нейкіх умоваў. Я думаю, што з пункту гледжаньня гуманнасьці, не зважаючы нават на тое, кім зьяўляецца Казулін, калі ўзяць пад увагу, што гэта проста чалавек, у яго трагедыя — жонка, самы блізкі чалавек памёр, то можна пайсьці на саступку і, згодна з заканадаўствам, дазволіць яму выйсьці, каб разьвітацца з жонкай”.

Спадар: “Я чытаў у інтэрнэце, што памёрла жонка Казуліна. Я лічу, што адназначна яго трэба выпусьціць на пахаваньне. Па-людзку, па-хрысьціянску трэба любым чынам забясьпечыць, каб ён мог зьезьдзіць на пахаваньне —абавязкова, нават не раздумваючы. Тут самі павінны прапанаваць яму, менавіта прапанаваць”.
XS
SM
MD
LG