Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Чэрыкаўшчыне пачалі зьбіраць подпісы супраць будаўніцтва АЭС


У вёсцы Верамейкі Чэрыкаўскага раёну мясцовыя актывісты Раман Раждзесьцьвенскі й Людміла Шарабурка пачалі зьбіраць подпісы супраць будаўніцтва атамнай электрастанцыі. За першыя два дні актывісты сабралі два дзясяткі подпісаў аднавяскоўцаў.


Раман Раждзесьцьвенскі й Людміла Шарабурка спадзяюцца, што да ініцыятывы далучацца іхныя калегі з усяго Чэрыкаўскага раёну.

“У нас няма задачы сабраць пэўную колькасьць подпісаў. Мы зыходзім з таго, што чым больш іх будзе, тым лепш. Для нас галоўнае — даць магчымасьць аднавяскоўцам выказаць сваё стаўленьне да меркаванага будаўніцтва АЭС у суседнім Слаўгарадзкім раёне. Людзям мы будзем тлумачыць, якую пагрозу нясе мірны атам”, — зазначыў “Свабодзе” Раман Раждзесьцьвенскі.

Тым часам у Горках актывісты антыядзернай групы сабралі тысячу трыста подпісаў супраць будаўніцтва АЭС у Горацкім раёне.

“Подпісы мы будзем зьбіраць, пакуль не дачакаемся якой-кольвек рэакцыі з боку дзяржавы. Пакуль на сабраныя подпісы адрэагаваў толькі старшыня Горацкага гарвыканкаму Міхаіл Анікееў: ён сказаў, што яны яму не патрэбныя”, — зазначае актывіст горацкай антыядзернай групы Эдуард Брокараў.

На Магілёўшчыне для будаўніцтва АЭС вызначаныя дзьве пляцоўкі: Кукшынаўская ў Горацкім раёне й Краснапалянская — у Слаўгарадзкім. Якую пляцоўку выберуць, пакуль невядома. Мяркуецца, што будаваць АЭС пачнуць у 2009 годзе.
XS
SM
MD
LG