Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Казуліна павінны адпусьціць ня толькі на пахаваньне, але канчаткова”


Агляд тэлефанаваньняў на Свабоду за 25 лютага.


Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні й прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым.

Мы ўводзім прыз — падзяку за ваш найлепшы званок, паведамленьне, падказку. Пераможцы будуць абвяшчацца кожную нядзелю ў тыднёвым аглядзе “Званкоў на Свабоду”.

Вас чакаюць кнігі Бібліятэкі Свабоды з подпісамі аўтараў. Тэлефон Свабоды ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.

“Шчыра спачуваем Аляксандру Казуліну, дочкам, родным з нагоды сьмерці Ірыны Казулінай. Сьветлая ёй памяць”, – напісала ў СМС Алена Ляшнеўская зь Менску. Галіна з Магілёву даслала СМС наступнага зьместу: “Шкада, што яе больш няма з намі, што яна так і не дачакалася вызваленьня свайго каханага мужа”.

Выказваньні з нагоды сьмерці Ірыны Казулінай і ў наступных тэлефанаваньнях:

Марыя, Гародня: “Зь вялікім жалем пачула вестку пра сьмерць Ірыны Казулінай. Выказваю глыбокае спачуваньне Аляксандру Казуліну, яго дочкам і ўсёй яго сям’і з выпадку цяжкога гора, якое напаткала гэтую мужную сям’ю. Я нізка схіляю галаву перад мужнасьцю і памяцьцю гэтай цудоўнай, сьветлай жанчыны. Буду маліцца за яе душу”.

Яўген, Чэрвеншчына: “Выказваю Аляксандру Казуліну і яго дочкам шчырыя спачуваньні з нагоды сьмерці жонкі і маці. Трымайцеся! Дай Бог вам моцы!”

Спадар: “Аляксандар Уладзіслававіч і ўся ваша сямейка! Прыміце нашы спачуваньні ад усёй Смаргоншчыны. Будзьце разумны, спыніце галадоўку. Вам яшчэ трэба жыць і дзетак расьціць. Жадаем вам быць на пахаваньні жонкі. Будзьце здаровым і разумным”.

Ларыса, Менск: “Выказваю спачуваньні Аляксандру Казуліну і яго сямейнікам з нагоды заўчаснай сьмерці выдатнага чалавека. Скон заўчасны. Вельмі крыўдна, што з жыцьця пайшоў чалавек, які многім аказваў дапамогу і падтрымку. Прыйшоў момант, калі Казуліна павінны адпусьціць ня толькі на пахаваньне, але канчаткова. Ён павінен быць на волі. Гэта трэба было даўно зрабіць, а не чакаць такой трагічнай хвіліны”.

Спадарыня: “Паважаная “Свабода”! Ірына Казуліна, напэўна, адчувала, а можа, і ведала, што яе жыцьцё на гэтай зямлі адлічвае апошнія дні. Але яна змагалася. Колькі яшчэ хапала сілаў! Колькі адпусьціла хвароба. Змагалася за свабоду мужа, за свабоду чалавека, за справядлівасьць і годнасьць нашую. Паклон яе памяці”.

Лідзія Дзьмітрыеўна, Менск: “Паважаны і дарагі Аляксандар Уладзіслававіч! Дазвольце сардэчна выказаць глыбокі смутак з нагоды вялікага гора ў вашым жыцьці — сьмерці любімай жонкі Ірыны. Зь вялікай павагай”.

Анастас Семяновіч: “Дарагі і шаноўны Аляксандар Казулін! Я і мая сям’я выказваем шчырае спачуваньне з прычыны сьмерці дарагой і любімай жонкі Ірыны Казулінай. Таварыш галоўны начальнік Беларусі! Мы патрабуем тэрмінова вызваліць з турмы Аляксандра Казуліна без усялякіх умоваў!”

23 лютага ў Беларусі на дзяржаўным узроўні адзначалі Дзень абаронцаў Айчыны і 90-годзьдзе Ўзброеных сілаў краіны. Камэнтары слухачоў:

Віктар: “Наконт 90-годзьдзя абаронцаў Айчыны. Шкада людзей, якіх замбавалі і абалванілі з дапамогай дазаванай інфармацыі. Няўжо да 1918 году не было ваяроў, якія б аддавалі жыцьцё за гэтыя мясьціны, дзе цяпер знаходзіцца Беларусь?! Ды гэтыя мясьціны не змаглі заваяваць мангола-татары, дайшоўшы да Карпатаў. Яны заваявалі маскалёў, Кіеўскую Русь, то бок рускіх, а нас не змаглі, хоць і рабілі набегі. І ліцьвіны баранілі Вялікае Княства Літоўскае аж практычна да 1795 году, калі Расея гвалтоўна атакавала і зьнішчыла ўсе дакумэнты, архівы, замкі і крэпасьці. Давайце памятаць пра гэта і знаёміць справядліва беларусаў зь іх гісторыяй, зь яе вытокамі. Дзякуй”.

Спадар: “Пасьля сёньняшняга канцэрта на “Лініі Сталіна” і вячэрняга салюту 2 сакавіка расейцы могуць прагаласаваць за краіну, назва якой Русабелія, а прэзыдэнт — Аляксандар Лукашэнка”.

Спадар: “Слухайце, сёньня кажуць, што 90 гадоў беларускім узброеным сілам. У нас жа была Беларуская ваенная акруга. Я служыў у Паўночнай ваеннай акрузе, сын у Ашхабадзе, другі на Далёкім Усходзе, трэці ў Калінінградзкай вобласьці. Беларусь ніхто не абараняў зь беларусаў. Дык якое гэта можа быць сьвята?”

Спадар: “Ужо другі год запар у дзень 23 лютага і 8 сакавіка прыватная маршрутка ў Бабруйскім раёне возіць мужчынаў і жанчынаў адпаведна бясплатна. Здаецца, дробязь, а прыемна. Дзякуй”.

Далей выказваньні на тэму саміту краінаў СНД і расейскіх выбараў:

Яцкевіч Аляксандр Анатольевіч, Віцебск: “Наконт саміту. Я згодны з тым слухачом, які казаў, што наш “бацька” сярод усіх прэзыдэнтаў як зацкаваны. Гэта так. Можа, гэта гучыць, як параза. Але так насамрэч ёсьць і вельмі добра бачна. Гэта адзіны прэзыдэнт, які не размаўляе на роднай мове.

Спадар: “Задаю пытаньне. Можа, “Свабода” ведае адказ. Навошта Расеі праводзіць прэзыдэнцкія выбары, калі іх вынікі даўно вядомыя? Можна зрабіць выгляд, якія яны дэмакратычныя, блізкія да амэрыканскіх. Касьянава прыбралі адразу. Жырыноўскі і Зюганаў надвор’я ня зробяць, а так, для віду. Выбары нагадваюць беларускі рэфэрэндум. На чале зь вечнай старшынёй Лідай Ярмошынай, падкантрольнай нашаму “бацьку-прэзыдэнту”. Слухач, які адвёў душу”.
XS
SM
MD
LG