Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня: створана абласная кааліцыя аб’яднаных дэмсілаў


Сёньня ў Горадні абрана Каардынацыйная рада кааліцыі. У канфэрэнцыі бралі ўдзел 35 дэлегатаў з раёнаў вобласьці, а таксама прадстаўнікі Палітычнай рады АДС зь Менску – Сяргей Калякін, Лявон Баршчэўскі, Яраслаў Раманчук.


Сёньняшнюю канфэрэнцыю вёў кіраўнік Гарадзенскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Сяргей Мальчык. Гэтая партыя мае найбольш структураў у абласной кааліцыі – адзінаццаць. Тут успаміналі Магілёўскую вобласьць, дзе прадстаўнікам розных партыяў пакуль што не ўдаецца дамовіцца паміж сабой. Як удалося на Гарадзеншчыне ўсім узгадніць свае пазыцыі, дамовіцца і дзейнічаць разам?

“Першы падыход, гэта – мацнейшы саступае, – гаворыць Сяргей Мальчык. – Да прыкладу, я скажу, што ў нас ў лякальных кааліцыях, хаця мы маем больш структураў, ніводзін прадстаўнік Фронту не кіруе. Мы сьвядома саступілі, аддаўшы гэтую ролю прадстаўнікам іншых партыяў. Другі падыход: жорсткае датрыманьне правілаў гульні, аб якіх было дамоўлена. Гэта – умовы роўнасьці, адкрытасьці і, самае галоўнае, мэтазгоднасьці. У нас, праўда, была праблема з рухам “За Свабоду”, яны адмаўляліся ўдзельнічаць. Але цяпер трошку мяняецца сытуацыя, я думаю, рух “За Свабоду” у поўным аб’ёме далучыцца да нас”.

Да прыкладу, у Слоніме куставую кааліцыю ўзначальвае прадстаўнік БСДП (Грамада), у Смаргоні – таксама прадстаўнік гэтай партыі, у Лідзе гэта прадстаўніца ПКБ.

Міхась Варанец кіруе абласной арганізацыяй БСДП (Грамада), але сам жыве ён у Слоніме:

“У нашай лякальнай кааліцыі мы дамовіліся паміж сабой дастаткова лёгка, я лічу, бо мелі папярэдні досьвед, людзі прызвычаіліся ісьці на пэўныя кампрамісы. Галоўнае, доўгі час мы жывем у цяжкой сытуацыі, пры недэмакратычным рэжыме. Таму прыходзіць разуменьне таго, што калі мы, знаходзячыся ў апазыцыі, у няпростым становішчы, ня здолеем дамовіцца, то нас нельга проста дапускаць да ўлады”.

Удзельнікі канфэрэнцыі зацьвердзілі прозьвішчы шасьці адзіных кандыдатаў ад кааліцыі, якія маюць удзельнічаць у сёлетніх парлямэнцкіх выбарах. Усяго на Гарадзеншчыне трынаццаць выбарчых акругаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG