Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: створаны аргкамітэт “Эўрапейскай Беларусі”


Сёньня ў Магілёве ўтвораны адзіны пакуль у Беларусі рэгіянальны аргкамітэт грамадзкай кампаніі “Эўрапейская Беларусь”.


Падтрымаць кампанію на Магілёўшчыне выказаліся дэмакратычныя асяродкі ў Дрыбіне, Быхаве, Шклове, Клімавічах, Бялынічах, Крычаве, а таксама гарадзкія кааліцыі дэмакратычных сілаў Магілёва й Бабруйску.

На ўстаноўчым сходзе пятнаццаць дэлегатаў абралі выканаўцу абавязкаў старшыні рэгіянальнага аргкамітэту. Ім стаў кандыдат эканамічных навук Пётар Мігурскі. Былі абраныя таксама два ягоныя намесьнікі. Аляксандар Ірхо будзе займацца ў аргкамітэце пытаньнямі ідэалёгіі, а Мікалай Расюк, адказваць за працу камітэту ў Магілёве. Трэцяга намесьніка абяруць пазьней, ён будзе адказны за працу ў Бабруйску.

На сходзе прысутнічаў ініцыятар кампаніі “Эўрапейская Беларусь” Мікалай Статкевіч. У сваёй прамове ён патлумачыў, чаму найперш зьвярнуўся па падтрымку да Магілёўскай кааліцыі дэмакратычных сілаў - бо ў ёй няма камуністаў і выразна прарасейска настроеных лідэраў.

“Прысутнасьць у кааліцыях прарасейскіх сілаў – міна запаволенага дзеяньня. Праэўрапейскім палітычным партыям АГП і БНФ няёмка ў кааліцыі прапагандаваць эўрапейскія каштоўнасьці, бо пакрыўдзяцца камуністы. Ужо ўзьнікае сумнеў наколькі гэтыя партыя праэўрапейскія. Пасьля таго як утварылі блёк з камуністамі, яны па сутнасьці забыліся на праэўрапейскі выбар Беларусі і не вядуць актыўнай працы ў гэтым кірунку. Нават ідэя “Эўрапейскага маршу” была дыскусійнай. Яна спарадзілі спрэчкі вакол мэты – “Дэманстрацыя беларускага народу да інтэграцыі ў Эўразьвяз”. Галоўным лёзунгам Маршу было выкананьне афіцыйным Менскам 12 патрабаваньняў Эўразьвязу. Чаму так - я ня ведаю”, - зазначыў “Свабодзе” Мікалай Статкевіч.

Спадар Статкевіч усё ж спадзяецца, што АГП і партыя БНФ вернуцца на эўрапейскі шлях, бо гэта жаданьне пераважнай большасьці іх актывістаў.

“Ідэя эўрапейскай інтэграцыі паводле сваёй сутнасьці пазытыўна ўспрымаецца беларускімі выбарцамі, бо яна спалучае свабоду й кілбасу. Кожны дэмакратычны кандыдат у сваёй праграме павінен мець пункт пра Эўрапейскую інтэграцыю Беларусі”, - перакананы Мікалай Статкевіч

Сёньня ж на сходзе дэлегаты пачалі фармаваць эўрапейскі сьпіс кандыдатаў на выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Паводле Пятра Мігурскага, пятнаццаць кандыдатаў Магілёўшчыны ўжо цяпер гатовыя ўвайсьці ў Эўрапейскі сьпіс.

Нагадаем, на Магілёўшчыне існуе дзьве кааліцыі дэмакратычных сілаў. Паміж імі няма згоды адносна дзейнасьці й фармаваньня адзінага сьпісу кандыдатаў у дэпутаты ў Палату прадстаўнікоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG