Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сьмерць Ірыны Казулінай паставіла пытаньне пра міласэрнасьць уладаў: ці адпусьцяць Аляксандра Казуліна на пахаваньне жонкі?


Раніцай 24-га лютага дзяжурны пракурор Генэральнай пракуратуры Мікалай Лявонаў прыняў ад Вольгі Казулінай заяву з просьбай даць магчымасьць Аляксандру Казуліну прысутнічаць на пахаваньні яго жонкі Ірыны Казулінай, якая памерла 23-га лютага.

“Дзяжурны пракурор паабяцаў тэрмінова давесьці заяву да генэральнага пракурора Рыгора Васілевіча”, – cказала Вольга Казуліна. Пазьней ёй стала вядома, што заяву перадалі міністру ўнутраных справаў Уладзімеру Навумаву. Вольга Казуліна нікому з гэтых афіцыйных асобаў не тэлефанавала, паколькі была перакананая, што пытаньне пра вызваленьне бацькі насамрэч вырашаюць не яны:

“А які сэнс ім тэлефанаваць, калі ўсё роўна вырашае адзін чалавек? Цяпер за гэтым рашэньнем сочыць увесь сьвет. Для Аляксандра Лукашэнкі прыйшоў час, калі ён павінен даказаць, што ня проста так казаў пра клопат пра нашу маму. Хай выпусьцяць тату без усялякіх умоваў”.
Хай выпусьцяць тату без усялякіх умоваў

На той момант, паводле зьвестак Вольгі Казулінай, рашэньне аб вызваленьні Аляксандра Казуліна нібыта было прынятае і афармлялася ў адпаведных установах.

Дзяжурны Віцебскай калёніі ў гэты час адмаўляўся казаць пра Аляксандра Казуліна. Зь іншых крыніц стала вядома, што палітыку паведамілі пра сьмерць жонкі толькі сёньня раніцай, а 7-й гадзіне. Тэлеграму сваякоў паказаў палітвязьню асабіста начальнік калёніі Віталь Агнісьцікаў. Паводле яго, Аляксандр Казулін вельмі цяжка перажываў гэтае паведамленьне.

Папаўдні стала вядома, што Аляксандар Казулін абвясьціў ў калёніі галадоўку. Ён сам патэлефанаваў дочкам і заявіў: “Калі да аўторка мяне ня вызваляць, я перавяду галадоўку ў сухую – перастану ужываць і ваду. Буду галадаваць да сьмерці". "Хай нас з жонкай пахаваюць разам”, – гэтак, паводле Вольгі Казулінай, сказаў яе бацька.

Начальнік калёніі Віталь Агнісьцікаў пацьвердзіў факт тэлефоннай размовы Аляксандра Казуліна з дочкамі, але запэўніў журналістаў, што пра галадоўку нічога ня чуў. Пытаньне пра вызваленьне Аляксандра Казуліна міліцыянт пераадрасаваў да дэпартамэнту выкананьня пакараньняў.

Былы адвакат Ігар Рынкевіч кажа: з гэтага часу ён зразумеў, што ўлада зноў хлусіць і зацягвае час:
Мы адзначаем, што зноў ідуць парушэньні правоў Казуліна і ціск ды дыскрэдытацыя ягонай сям’і


“Замест таго, каб вырашыць пытаньне за некалькі гадзінаў, бюракраты перасоўваюць яго адзін аднаму. Адказнасьць за гэта кладзецца на беларускія ўлады. Мы адзначаем, што зноў ідуць парушэньні правоў Казуліна і ціск ды дыскрэдытацыя ягонай сям’і. Таму Аляксандар Казулін вырашыў распачаць галадоўку, а калі трэба будзе, перавесьці яе і ў сухую галадоўку”.

У другой палове дня дочкі Казуліных Вольга і Юля прынялі рашэньне адкласьці пахаваньне маці да часу, пакуль на волю ня выйдзе іх бацька. Раней плянавалася, што пахаваньне Ірыны Казулінай адбудзецца ў аўторак, 26-га лютага. Разьвітаньне зь нябожчыцай меркавалася правесьці ў Чырвоным касьцёле ў Менску.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG