Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ўвечары на 49-м годзе жыцьця памерла Ірына Казуліна, жонка зьняволенага палітыка, былога кандыдата на пасаду прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Казуліна.


“Гэта адбылося пасьля 20-й гадзіны. Маме зрабілася дрэнна, і мы сабралі яе, каб везьці ў шпіталь. Па дарозе яна страціла прытомнасьць. Калі прывезьлі, дактары сказалі, што яна ўжо памерла”, - сказала “Свабодзе” старэйшая дачка Ірыны Казулінай Вольга.

З канца 1990-х гадоў Ірына Казуліна хварэла на рак малочнай залозы. Апрача мужа Аляксандра, у Ірыны Казулінай засталіся дочкі Вольга і Юлія, а таксама ўнук Улад.

Да апошняга Ірына Казуліна вяла актыўнае грамадзкае жыцьцё, змагалася за вызваленьне свайго мужа і дэмакратызацыю Беларусі. Ірына не хавала, што цяжка хварэе і шмат рабіла, каб дамапагчы жанчынам, якіх напаткала такая ж бяда. Яшчэ год таму намаганьнямі Ірыны Казулінай у Менску прайшла міжнародная канфэрэнцыя па дапамозе жанчынам, хворым на рак малочнай залозы. Каб канфэрэнцыя не сарвалася, Ірына, кантактуючы з афіцыйнымі асобамі, не называла свайго прозьвішча…

Ірына Казуліна амаль два гады чакала вызваленьня свайго мужа, Аляксандра Казуліна, з турмы. Не дачакалася.

Радыё “Свабода” выказвае спачуваньні сям’і Казуліных, усім сваякам і блізкім памерлай.

Ірына Казуліна на Радыё Свабода, кастрычнік 2007:



ІРЫНА КАЗУЛІНА: ФОТАГАЛЕРЭЯ

Ірына Казуліна нарадзілася 19 кастрычніка 1959 году. Скончыла мэханічна-матэматычны факультэт БДУ, дзе й пазнаёмілася з сваім будучым мужам Аляксандрам Казуліным. Працавала праграмістам у НПА “Планар”, затым – у Цэнтры праблем чалавека БДУ. Пасьля заканчэньня Міжнароднай школы бізнэсу і мэнэджмэнту тэхналёгіяў БДУ працавала маркетолягам ў тым самым Цэнтры.

Актыўна дапамагала хворым на рак малочнай залозы. У 2007 годзе выступіла адной з арганізатараў праведзенай у Менску міжнароднай канфэрэнцыі па праблемах падтрымкі жанчын, хворых на рак малочнай залозы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG