Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Рэпартэры бязь межаў” вітаюць вызваленьне Зьдзьвіжкова і Клімава


Арганізацыя называе і першы, і другі прысуды Зьдзьвіжкову “цалкам несправядлівымі” і "палітычна матываванымі".


Міжнародная праваабарончая арганізацыя “Рэпартэры бязь межаў” вітае датэрміновае вызваленьне былога рэдактара газэты “Згода” Аляксандра Зьдзьвіжкова.

У заяве арганізацыі адзначаецца, што і першы вырак Вярхоўнага суду Беларусі ў дачыненьні да журналіста (тры гады зьняволеньня), і другі (тры месяцы), зьяўляюцца “цалкам несправядлівымі”. Праваабаронцы таксама адзначаюць пагаршэньне стану здароўя Зьдзьвіжкова ў часе адбыцьця турэмнага пакараньня.

Як вынікае з заявы міжнароднай праваабарончай журналісцкай арганізацыі, пакараньне Аляксандра Зьдзьвіжкова мела “выключна палітычную матывацыю”.

“Рэпартэры бязь межаў” вітаюць таксама датэрміновы выхад на волю пры канцы мінулага тыдня грамадзкага актывіста Андрэя Клімава.

Арганізацыя адзначае, што “жэст беларускіх уладаў можа спрыяць паляпшэньню дачыненьняў з Эўразьвязам”, аднак “для нармалізацыі стасункаў Менску патрэбна вызваліць усіх палітзьняволеных”.

“Адзіная эўрапейская краіна, дзе існуе сталінская дыктатура”

“Рэпартэры бязь межаў”, як і раней, патрабуюць ад беларускіх уладаў гарантаваць сваім грамадзянам іх асноўныя базавыя правы, у тым ліку права свабоды друку.

У прэзэнтаваным днямі ў Бэрліне гадавым дакладзе арганізацыі па сытуацыі са свабодай прэсы ў сьвеце Беларусь названая “адзінай эўрапейскай краінай, дзе існуе сталінская дыктатура”. Улады краіны па-ранейшаму ажыцьцяўляюць ціск на СМІ, свабода прэсы па сутнасьці перастала існаваць, а журналісты сустракаюць судовы перасьлед за сваю прафэсійную дзейнасьць, гаворыцца ў тэксьце адмысловай справаздачы па Беларусі.

Паводле прадстаўніка праўленьня нямецкай філіі “Рэпартэраў” Міхаэля Радыскэ, арганізацыя па ранейшаму лічыць неабходным адсочваць сытуацыю з правам журналіста на ажыцьцяўленьне яго прафэсійнай дзейнасьці, а таксама ўмовы бясьпекі журналісцкай працы.

“Асабліва гэта права ігнаруецца ўладамі у часе выбарчай кампаніі. Дзейнасьць незалежных журналістаў і СМІ сустракае надзвычайны ціск і кантроль”, кажа прадстаўнік “Рэпартэраў бязь межаў”. “Аднак менавіта ў гэты час журналісты і СМІ выконваюць сваю важную дэмакратычную функцыю. Выбары зьяўляюцца свайго роду тэстам на дэмакратыю і свабоду друку”.
XS
SM
MD
LG