Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня калегія Вярхоўнага суда паменшыла тэрмін пакараньня журналісту Аляксандру Зьдзьвіжкову з трох гадоў пазбаўленьня волі да трох месяцаў. Гэтыя месяцы ён ужо адседзеў у СІЗА, пакуль ішло сьледзтва. Таму Аляксандра Зьдзьвіжкова сёньня выпусьцілі на свабоду. Разглядаючы касацыйную скаргу журналіста, суд вырашыў зрабіць палёгку з улікам ягонага стану здароўя і іншых абставінаў і зьмякчыць пакараньне. Разам з тым, Вярхоўны суд палічыў віну журналіста даказанай. Як камэнтуюць у Менску вызваленьне Аляксандра А.Зьдзьвіжкова?


“Безумоўна, караць зьняволеньнем – гэта інквізыцыя”


Стваральнік Хрысьціянска-дэмакратычнай партыі Павал Севярынец сказаў:

“Вызваленьне Зьдзьвіжкова – гэта яшчэ адзін факт у ланцугу палітычных вызваленьняў. Наколькі незаконнымі былі зьняволеньні, настолькі дзіўнымі зь юрыдычнага гледзішча выглядаюць вызваленьні. Але ўсё гэта ўкладаецца ў лёгіку перамоваў з Эўропай. Да 2 сакавіка, да абраньня Мядзьведзева рэжыму трэба ўстанавіць добрыя стасункі з Эўропай, каб было чым шантажаваць Расею.

Таму, палітвязьні зараз зьяўляюцца разьменнымі манэтамі ў такой вось вялікай і немаральнай гульні. Ні ў воднай краіне Эўропы не садзяць людзей у турму за гэты карыкатуры. Я пакідаю за дужкамі тут як бы маральную ацэнку эпізоду. Магчыма, можна было б неяк і па іншаму паводзіць сябе рэдактару газэты. Але, безумоўна, караць яго зьняволеньнем – гэта інквізыцыя. Гэтыя абвінавачваньні гэтак жа незаконныя, як і ўсе палітычныя прысуды гэтага рэжыму”.

“Рэжым ідзе на саступкі, дзе ён можа саступіць, ня надта губляючы свае пазыцыі”

Былы рэдактар газэты “Згода” Аляксей Кароль сказаў:

“Нават у мусульманскіх краінах, наколькі мне падаецца, самы большы тэрмін быў два месяцы, а тут чалавек тры месяцы адседзеў...

Гэта вялікая палёгка і радасьць, яшчэ адзін чалавечы лёс не зламаны. Чаму гэта адбылося? Гэта ўплыў найперш заходніх краінаў, якія патрабуюць выкананьня 12-ці ўмоваў і першую ўмову – вызваленьня палітычных вязьняў.

Зьдзьвіжкоў чацьвёрты ў гэтым ланцужку вызваленьняў. Наступным павінен быць Аляксандар Казулін. А самі вызваленьні як знак, як сыгнал дэмакратычнай апазыцыі аб’яднаць свае намаганьні і актывізаваць сваю дзейнасьць.

Гэта проста адказ на ціск вонкавых абставін. Узмоцненых яшчэ і рашэньнем Расеі аб пераводзе на рыначныя адносіны разьлікаў за газ і нафту. Краіне, рэжыму патрэбныя інвэстыцыі і ён ідзе на тыя саступкі, дзе ён можа саступіць, ня надта губляючы свае пазыцыі”.

“Вярхоўны суд становіцца проста такім усемагутным”

Віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі назваў вызваленьне Аляксандра Зьдзьвіжкова добрай навіной. Адносна зьмены пакараньня ён сказаў:

“Рашэньні дастаткова дзіўныя. Мы бачым, што наш Вярхоўны суд становіцца проста такім усемагутным. Ён можа вырашаць любую праблему, вызваляць любога чалавека, зь любой сытуацыі. І тое, што яму замянілі тэрмін, гэта з аднаго боку добра. Але тое, што яны не прызнаюць сваёй памылкі – гэта відавочна. І мы пра гэта павінны памятаць. Сам па сабе гэты прысуд ня мае нічога агульнага з правамі чалавека, разуменьнем ролі сродкаў масавай інфармацыі ў грамадзтве, якое мусіць быць у нармальных уладаў – вось гэтага ў нас яшчэ няма.

Я нагадваю пра Аляксандра Казуліна, пра тры новыя справы, якія былі заведзеныя пасьля акцыі 16 кастрычніка мінулага году супраць маладых людзей, якія нібыта пашкодзілі міліцэйскі аўтамабіль. Я нагадваю пра Андрэя Кіма, які сядзіць у сьледчым ізалятары. Мы павінны канчаткова паставіць кропку і спыніць вось гэтыя ганебныя крымінальныя працэсы супраць палітычных апанэнтаў”.

18 студзеня 2008 года Менскі гарадзкі суд пакараў Зьдзьвіжкова да трох гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за перадрук дацкіх карыкатур на прарока Мухамада.
Суд прызнаў вінаватым журналіста ў “падбухторваньні да расавай, нацыянальнай і рэлігійнай варожасьці”. У лютым 2006 года КДБ узбудзіў крымінальную справу па факту публікацыі карыкатур па выніках праверкі, праведзенай пракуратурай і КДБ. У сакавіку 2006 года рашэньнем Вярхоўнага суду газэта “Згода” была зачынена.

XS
SM
MD
LG