Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Новае неба Станіслава Манюшкі”


Сёньня ў Малой залі імя Рыгора Шырмы Белдзяржфілярмоніі адбыўся канцэрт пад назвай “Новае неба Станіслава Манюшкі”. Падрыхтаваў канцэрт ансамбаль салістаў “Класік-авангард”.


Канцэрт “Новае неба Станіслава Манюшкі”, складзены з самых розных твораў кампазытара, атрымаў такую назву невыпадкова. Тлумачыць вядоўца праграмы заслужаны артыст Беларусі Віктар Скарабагатаў:

Гэтыя
Віктар Скарабагатаў
словы з апошняй біблейскай кнігі, з кнігі Апакаліпсісу, дзе ёсьць такі выраз: “І ўбачыў я новае неба, і новую зямлю...” Тут маецца на ўвазе тое, што новая зямля ці новае неба – гэта тая ідэальная радзіма, якую мастакі маглі ўяўляць сабе толькі ў мастацтве. Яна сапраўды ім была дарагая. Можа яна была не такая дасканалая, якой яны б хацелі яе бачыць, але гэтую дасканаласьць яны выражалі ў сваім мастацтве”.

У праграму ўвайшлі творы розных жанраў – увэртура да юнацкай опэры Манюшкі “Лятарэя”, шэраг вакальных твораў, якія выконвалі салісты опэры і філярмоніі, духоўная музыка, а таксама аркестраваныя мініятуры, жанр якіх можна акрэсьліць як “творы для хатняга музіцыраваньня”.

Мастацкі кіраўнік ансамбля “Класік-авангард” Уладзімер Байдаў лічыць, што народжаны за 10 вёрстаў ад Сьмілавічаў у 1819 годзе Станіслаў Манюшка стаў “польскім кампазытарам” вельмі выпадкова – папросту знайшоў працу ў Варшаве. З тым самым посьпехам ён мог стаць расейскім кампазытарам, калі б у свой час атрымаў працу ў Расеі. Тым ня менш, сувязь Манюшкі зь беларускай культурай занадта цесная. Менавіта ён стварыў першую беларускую опэру “Сялянка”.

Вярнуць кампазытара ў беларускую культуру магчыма, разважае Ўладзімер Байдаў. Але канцэртаў такога кшталту для гэтага недастаткова.

Байдаў: “Ня нашая акцыя павінна сапраўды вярнуць. Опэрны тэатар павінен вярнуць, Міністэрства культуры павінна вярнуць, краіна павінна вярнуць. Сапраўды вярнуць і паставіць ягоныя выдатныя і цудоўныя опэры. Яны чамусьці ў Нью-Ёрку ідуць, у Гамбургу ідуць, а тут чамусьці ня ідуць. Для мяне гэта загадка. А для вас?”
XS
SM
MD
LG