Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Некалькі дзён таму на сайце “Народнай волі” прачытаў шчымлівае эсэ Сяргея Дубаўца пра Ігара Герменчука зь лірычна-ўзьнёслай, не-дубавецкай назвай “Востраў Ікарыя”.


Я ня быў блізкім сябрам Ігара, ня меў зь ім ніякіх асабістых стасункаў, аднак да сёньняшняга дня адчуваю нейкую няясную віну перад ім, бо ня змог праз хваробу быць сярод тых, хто праводзіў яго ў апошні зямны шлях. Яшчэ маладыя – я значна старэйшы за яго – мы сустракаліся зь ім эпізадычна на зборках сьпеўна-драматычнай “Майстроўні”, Купальлях ды іншых нацыянальных імпрэзах канца 80-х гадоў ужо цяпер мінулага стагодзьдзя. Больш блізкія адносіны склаліся падчас дэпутацтва ў Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня, дзе нам наканавана было быць разам у апазыцыі БНФ.

Вельмі разумнае і добрае эсэ напісаў Сяргей Дубавец. Можа, хто-небудзь, прачытаўшы яго, з добрай душой прыгледзіцца да тых, хто побач, і пазнае сяброў сярод тых, каго не пазнаваў раней. Цяпер, гадоў праз 20, постаць Ігара зь ягонай сапраўды масавай беларускамоўнай газэтай “Свабода” натуральна глядзіцца ў шэрагу асобаў, што ўжо трапілі на старонкі айчынных падручнікаў гісторыі. Як чалавек, які не надзелены ад прыроды здольнасьцямі арганізатара, я разумею, якая тытанічная праца лягла тады на плечы галоўнага рэдактара. Грамадзкі ўздым тады быў, але не было такіх мэдыйных магчымасьцяў, як цяпер.

Узрост чалавека – не заслуга. Аднойчы маладыя становяцца сталымі, а потым і старымі. Спрадвеку вядома, што маладыя з пазыцый узроставага максымалізму бязьлітасна крытыкуюць папярэднікаў. Мы – не выключэньне. Аднак у фармаце нацыянальнай гісторыі, культуры, мітаў і пэрсаналіяў трэба быць вельмі асьцярожным і па-хрысьціянску цярплівым. “Слова – ня сажа, не заб’е, дык замажа”, – гаворыць народная прымаўка. Непрыемна і трывожна за аўтараў чытаць у інтэрнэце раздражнёныя і безапэляцыйныя выказваньні ананімных і названых крытыкаў на адрас Зянона Пазьняка ды іншых, каго называюць апазыцыяй. Мілыя крытыкі, вы ж нагадваеце, мякка кажучы, асьцярожных тулягаў, якія, стоячы на ўзгорку, назіраюць у нізіне бой дабра і зла, бой бяз правілаў, дзе адкормленае мурло таталітарнай дзяржавы нагамі б’е пад дых слабейшых, якія змагаюцца і за ваша людзкае існаваньне. Слабо спусьціцца ў даліну ды стаць на бок слабейшага! Тады вы ня будзеце гаварыць: яны, апазыцыя …

Мая першая сустрэча зь Ігарам адбылася ў далёкім Архангельску, задоўга да “Майстроўні” ды іншых падзеяў, якія зараз прынята называць пачаткам Адраджэньня канца 80-х і пачатку 90-х гадоў. Для мяне гэтая сустрэча мела пэўны містычна-алегарычны сэнс. Мяне ўвесь час цягнула наведаць Салаўкі, дзе паводле сямейнага паданьня падчас “хапуна” 30-х гадоў загінулі як “ворагі народу” два бацькавы браты. Удалося мне гэта зрабіць разам з жонкай у складзе нашай беларускай турыстычнай групы. Ужо на заканчэньні тэрміну пуцёўкі пасьля лодачна-пешага паходу ад галоўнага Салавецкага манастыра на выспу Муксалма, дзе ў выдатным стане, толькі што пустая, захавалася знакамітая жаночая турма, прывёз нас цеплаход па Белым моры ў Архангельск. На так званай рускай Поўначы тое лета быў голад. Незвычайна моцнае сонца спаліла ўсё, вакол гарэлі тарфянікі, не хапала пітной вады, не гаворачы ўжо пра звыклы для нас беларускі харч. Кармілі нас дрэнна. Прыходзілася дакармлівацца за свае грошы ў вельмі сьціплых – як на наш тадышні “эўрапейска-менскі” густ – грамадзкіх сталоўках ды буфэтах.

Аднойчы заходзім гуртам у архангелагародзкую сталоўку з паэтычнай назвай “Лебёдушка”, размаўляем на гастранамічныя тэмы, смакуем кіславатае «Жыгулёўскае», узгадваем сваё смачнае «Лідзкае». Размаўляем сваёй сяброўскай групай па-беларуску. Мясцовыя нашу літаратурную мову не разумеюць: “Во ўжо палякі да нас прыехалі!”. І тут да нашага стала падыходзіць салдацік, – худзенькі-худзенькі, шыйка, як у жорава, што выглядае, як кветка з гарлачыка, аздобленага зьверху вайсковым “падваратнічком”. Ды гаворыць неяк так з фасонам, не раўнуючы Лёсік ці Станкевіч: "Смачна есьці ды быць дабру, -- як Вам расейскія прысмакі?” Называе сябе: Ігар Гермянчук, студэнт журфаку БДУ, шараговец тэрміновай службы”. Так і сказаў – шараговец. Я тады гэтае слова не ўжываў. Вось, думаю, як трапна лягло. І тут адбываецца маленькае дзіва – усе, хто сядзеў за сталом, нават тыя, хто ніколі не рабіў гэтага, спрабуюць гаварыць па-беларуску. Нарадзілася нейкая пяціхвілінная архангелагародзкая беларуская дыяспара… Гаварылі мы тады зь Ігарам няшмат: ён сьпяшаўся ў сваю вайсковую частку. Пасьпелі абмеркаваць беларускія навіны. Гаварылі пра беларускае тэлебачаньне, публікацыі ў штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва”, галоўным рэдактарам якога быў ужо Анатоль Вярцінскі. Было неверагодна пачуць, што Ігар на далёкай савецкай Поўначы чытаў мой лімаўскі артыкул, прысьвечаны праблемам беларускага радыё і тэлебачаньня. Інтэрнэту ці нават факсаў тады не было. Сяргей Дубавец дасылаў яму рэгулярна пэўныя друкаваныя выданьні праз пошту. Тады нешта такое вісела ў паветры, што яднала нас. Мы пазнавалі сваіх аднадумцаў па чытаных кнігах, па роднай мове, якая тады гучала менш, чым цяпер.

У Вярхоўным Савеце, пачынаючы з 1992 года, спатыкацца зь Ігарам мне даводзілася ня так часта. Ад’ехаўшы амбасадарам у Нямеччыну, я бываў у Менску толькі на пленарных паседжаньнях. Разы два давялося спрачацца зь Ігарам з нагоды некаторых публікацыяў у “Свабодзе” на тэмы нашай зьнешняй палітыкі. Галоўны рэдактар умеў слухаць і адстойваць сваё бачаньне. Меў надзвычай тонкае пачуцьцё гумару, часам да зьедлівасьці бязьлітаснае. Фотаматэрыялы той “Свабоды”, па-мойму, і па сёньня – лепшае, што мы бачылі ў беларускай публіцыстыцы. Як цяпер бачу фотапартрэт Кебіча, які цалуе руку мітрапаліту Філярэту. Вочы ў прэм’ера хітрыя і халодныя. Фота так і называлася – “Вочы”. Або разьвітальны пацалунак узасос Кебіча з Чарнамырдзіным у лімузіне пасьля нарады ў Заслаўі. Ён нашмат больш выразны, чым пацалунак Брэжнева з Гонэкерам, які быў рэпрадукаваны на Бэрлінскім муры і надрукаваны амаль усімі выданьнямі сьвету.

Запомнілася наша апошняя сустрэча з Ігарам. У ёй таксама бачылася пэўная гістарычная алегорыя разьвіцьця беларускай дэмакратыі. Калі мы, дэпутаты апазыцыі БНФ, аб’явілі вясною 1995 г. галадоўку ў знак пратэсту супраць прызначэньня прэзыдэнтам антыканстытуцыйнага рэфэрэндуму, ноччу супраць нас – было нас, здаецца, чалавек 20 – кінулі больш за сотню ўзброенага спэцкантынгенту ў масках. Нас брутальна выцягнулі ва ўнутраны двор Дому Ўраду, зьбівалі дручкамі і ботамі і запіхалі, кідаючы адзін на аднаго, ў цесныя закратаваныя варанкі. Я аказаўся ў адной кампаніі з Алегам Трусавым, Лявонам Баршчэўскім, Аляксанрам Шутом ды Ігарам. На нас з Трусавым зьверху кінулі Баршчэўскага і Герменчука. “Ну, Вінцэнтавіч, мы з Вамі і сустракаемся, як у хапун, -- пажартаваў Ігар, – то на Салаўках, то ў міліцэйскім варанку”. На другі дзень у жывым этэры прэзыдэнт скажа, што нас вывозілі з будынку Вярхоўнага Савету на мяккіх аўтобусах…

У той дзень, калі я прачытаў эсэ Сяргея Дубаўца, прысьвечанае Ігару, я запытаўся ў 16-гадовых вучняў ліцэю імя Якуба Коласа, дзе я выкладаю нямецкую мову, ці ведаюць яны, хто такі Ігар Гермянчук. Ніхто такое імя ня чуў. У той жа дзень увечары на першай старонцы нямецкай DIE WELT я ўбачыў унізе цікавы загаловак: “Ці жыў на сьвеце такі чалавек – Ўінстан Чэрчыль?”. Я прачытаў, што 20% школьнікаў Вялікай Брытаніі ня чулі імя Чэрчыль або лічаць яго героем нацыянальнага паданьня, а не рэальнай гістарычнай асобаю. Гэта мяне трошкі суцяшае. Аднак думаю сабе: нам беларусам з нашай гістарычна недабудаванай Бацькаўшчынай трэба больш акуратна ставіцца да сваіх землякоў-патрыётаў, жывых і тых, што адышлі ў нябыт. Вялікая Брытанія можа дазволіць сабе такую раскошу, бо жыве ўжо ў постнацыянальнай эпосе, якая залічыла сваіх бацькоў-стваральнікаў мадэрнай нацыі ў почат міталягічных герояў і шукае новых куміраў з новымі гуманістычнымі вартасьцямі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG