Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд тэлефанаваньняў за 22 лютага.


Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні і прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым. Аўтар найлепшага званка, паведамленьня, падказкі будзе атрымліваць прыз.

Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.

Прадстаўнікі шэрагу грамадзкіх арганізацыяў плянуюць зладзіць першую агульнанацыянальную дыктоўку. Мэта – прадэманстраваць салідарнасьць беларусаў з роднай мовай. Адзін з ініцыятараў агульнанацыянальнай дыктоўкі палітоляг Уладзімер Падгол заявіў: “Мы зробім дыктоўку дыктатарам — тым, хто кожны дзень нам кажа, што на нашай мове нічога вартага не напішаш і ня скажаш, тым, хто адмаўляецца даваць афіцыйныя адказы па беларуску, кажучы, што ў краіне дзьве дзяржаўныя мовы”.

Спадар: “Шаноўны спадар Падгол! Мары пра тое, што людзі масава пацягнуцца ў школы і бібліятэкі пісаць беларускую дыктоўку, па-мойму, настолькі беспадстаўныя, што нават дзіўна чуць сур’ёзную размову пра гэта. Максымум, што з гэтага можа атрымацца, гэта звычайны апазыцыйны “міжсабойчык” тых жа людзей, якія і так ходзяць на акцыі.

Таму, хоць гэтая ідэя і не такая кепская, яна можа прынесьці плён, калі ставіць перад сабой рэалістычныя мэты. Дык зрабіце тады гэта як апазыцыйную акцыю, каб мабілізаваць апазыцыянэраў, каб яшчэ раз нагадаць пра важнасьць мовы рускамоўным апазыцыянэрам, тым, для каго беларуская мова на сёньняшні дзень не зьяўляецца прыярытэтам, з тым, каб зьяднаць апазыцыю, прывесьці ў адно месца, дзе яны ня будуць спрачацца з-за ўлады, а проста аддадуць даніну павагі беларускай мове. Таму, калі ласка, будзьце рэалістычнымі, стаўце рэальныя мэты. А ідэя добрая”.

Камэнтар Уладзімера Падгола:

“Я такі, як вы. Я толькі прапанаваў гэтую ідэю. Калі вы ня хочаце зрабіць такую дэманстрацыю, значыць такое вашае стаўленьне да мовы, да беларушчыны. Тут усё даволі проста: ці мы разам гэта робім, ці хаваемся ў бульбу. Калі хочаце, далучайцеся. Тут няма ніякіх генэралаў, няма ніякіх беларускіх напалеонаў, якія кіруюць шыхтамі. Хочаш, каб жыла мова, — прыходзь і пішы”.

З трэцяга курсу факультэту журналістыкі БДУ адлічылі старшыню культурніцкай камісіі Партыі БНФ Франка Вячорку. Афіцыйная прычына — “акадэмічная непасьпяховасьць”. 21 студзеня Франка Вячорку асудзілі на 15 сутак арышту. За гэты час ён прапусьціў два іспыты.

Актывістаў грамадзянскай кампаніі “Джынс — за свабоду” Паўла Кур’яновіча адлічылі зь Менскага дзяржаўнага вышэйшага радыётэхнічнага каледжу, Тацяну Цішкевіч – зь Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту фізычнай культуры. Раней іх пакаралі арыштамі за ўдзел у вулічных акцыях пратэсту.

Спадар: “Прывітаньне, спадарства! Я кожны дзень чую пра адлічэньні студэнтаў: Вячоркі і іншых. І вось мне падумалася, што тыя, хто займаецца палітычнай дзейнасьцю — Вячоркі і іншыя — павінны сысьці зь дзяржаўных вучэбных установаў і займацца за свой кошт. І тады яны могуць пляваць на гэтую краіну, калі будуць навучацца за свой кошт. А так плююць на гэтую краіну, а сёрбаюць з гэтай краіны. Няхай вучацца за свае грошы і займаюцца палітыкай”.

Слухачу адказвае Франак Вячорка:

“Я і мае калегі паступалі на роўных умовах у дзяржаўныя, як вы кажаце, установы. Мы здавалі іспыты і вытрымлівалі патрабаваньні. Мы выйгралі магчымасьць вучыцца бясплатна і атрымліваць стыпэндыю. Тыя грошы, якія вы называеце дзяржаўнымі, яны — народныя. Унівэрсытэты ня кормяцца з багатай рукі Аляксандра Лукашэнкі ці ягонай адміністрацыі. Гэта народныя грошы, якія бяруцца з падаткаў: вашых, маіх бацькоў, маіх. Таму беларускія ўнівэрсытэты ёсьць народнымі і я маю права вучыцца ва ўнівэрсытэце, які фінансуецца з грошаў падаткаплатнікаў”.

Наш слухач цікавіцца:

Віктар Буто, Менск: “Мяне больш за ўсё непакоіць адно пытаньне: чаму грамадзянам Беларусі не даюць магчымасьці зьвярнуцца па абарону ў эўрапейскія міжнародныя суды па правах чалавека?”

На пытаньне адказвае юрыст праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч:

“Беларусь – адзіная краіна Эўропы, якая не ўваходзіць у Раду Эўропы. Яна не ратыфікавала шэраг канвэнцыяў, у тым ліку і Эўрапейскую канвэнцыю правоў чалавека. Таму грамадзяне Беларусі ня маюць права зьвяртацца ў Эўрапейскі суд па правах чалавека. Туды маюць права зьвяртацца толькі тыя краіны, якія зьяўляюцца сябрамі Рады Эўропы і ўзялі на сябе пэўныя абавязкі. У тым ліку яны перадаюць Эўрапейскаму суду па правах чалавека ў Страсбуры частку паўнамоцтваў — разглядаць індывідуальныя звароты грамадзянаў у выпадку парушэньня іхных правоў з боку краінаў-удзельніцаў Рады Эўропы. Апроч таго, яны яшчэ абавязаныя і выконваць гэтыя рашэньні”.
XS
SM
MD
LG