Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта гараджаніну лецішча?


Што для гараджаніна лецішча? Грады, каб пракарміцца? Праява сялянскага паходжаньня, сувязі зь зямлёй? Сьвежае паветра, дзе вольна дыхаецца, дзе забываешся на паўсядзённыя праблемы?


Станіслаў Шушкевіч: “Лецішча – каб не працаваць галавой, а працаваць рукамі”

Старшыню Вярхоўнага савету 12-га скліканьня Станіслава Шушкевіча я засьпела ў дарозе зь лецішча – кажа, што трэба было печ пратапіць. Вельмі шкадуе, што ўзімку там бывае ня часта:

“Для мяне гэта вялікі адпачынак, месца, дзе сустракаюся зь сябрамі, і дзе магу займацца любімай справай”.

Карэспандэнтка: “А якой любімай справай?”

“Гэта такой, каб не працаваць галавой, а працаваць рукамі”.

Карэспандэнтка: “Кажуць, што вы ўсё зрабілі самі на лецішчы...”

“Кажуць. Я таксама такое чуў. І гэта праўда”.

Карэспандэнтка: “А што вы там вырошчваеце?”

“Я нічога не вырошчваю. Вырошчвае жонка”.

Карэспандэнтка: “Бульбу?”

“Не, бульбы кустоў 20, нам хапае яе, каб летам зьесьці. А так – гуркі, памідоры, перац – гэта ў яе ўсё ёсьць. І хрэн усё запаланіў.

Карэспандэнтка: “А кветкі?”

“Кветкі ёсьць. З кветкамі ўсё нармальна. Гэта таксама жонка. Яна мне не давярае, не падпускае да кветак, кажа, што ў мяне дурны погляд, таму я не павінен займацца кветкамі. Кветкі ў яе добрыя звычайна”.

Ірына Халіп – дзіця гораду, дзіця асфальту

У журналісткі Ірыны Халіп свайго лецішча няма, але яна пастаянна прыяжджае на лецішча да сваіх бацькоў. Праўда, не надоўга:

“У нас не лецішчы ніхто не працуе, гэта такі куточак, дзе можна адпачыць, атрымаць асалоду ад сьвежага паветра. Але мой тата часам там спрабуе штосьці саджаць, для яго гэта важна, таму што ён чалавек вясковы, і павінен адчуваць нейкую сувязь зь зямлёй. А мы з мамай у гэты час сядзім і п’ем каву на тэрасе”.

Карэспандэнтка: “Вы – дзеці асфальту, гораду?”

“Абсалютныя! Але, паколькі ў мяне маленькі сын, думаю, што ўлетку мы будзем праводзіць больш часу на лецішчы. Для мяне паездка на лецішча гэта з раніцы паехаць і ўвечары ўжо вярнуцца ў горад. Але давядзецца там праводзіць больш часу. Спрабую зараз пераканаць сябе ў тым, што гэта цудоўна”.

Уладзімер Басалыга: “На дачы ты сам і цар, і Бог, і воінскі начальнік”

Мастак Ўладзімер Басалыга ганарыцца сваім сялянскім паходжаньнем. Рос без бацькі, і зь дзяцінства навучыўся рабіць ўсялякую мужчынскую працу. Таму калі ў 80-я гады раздавалі народу па 6 сотак, з радасьцю ўзяў:

“На дачы я магу забыцца на тое, што мяне мучыць у жыцьці простым жыцьці. Ты там сам і цар, і Бог, і воінскі начальнік. Сялянскае паходжаньне недзе ў генах, і яно прарастае нечакана...”

Карэспандэнтка: “І вы самі будавалі лецішча?”

“Так, я сам, да кожнай дошчачкі, да кожнага каменьчыка... Я мог вялікі камень павярнуць, узьняць яго, і гэта надавала ўпэўненасьці ў сілах”.

Карэспандэнтка: “А што вы там вырошчваеце?”

“Ды нічога я не вырошчваю! Жонка вырошчвае кветкі. А раблю сваю мужчынскую справу сякераю, малаточкам. Раніцай паслухаеш салаўя. Уначы, калі прыходзіць бяссоньніца, зірнеш на зоркі. Вельмі люблю глядзець на навальніцу з гаўбцу. Для мастака гэта цікава. Я сумую па кавалачку прыроды, ён як родны ўжо стаў”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG